
фота Uarp.org
Па законе выкарыстоўваць генетычна мадыфікаваныя расліны на палях нашай краіны, у адрозненне ад некаторых іншых дзяржаў, дазволена, падкрэслівае Аляксандр Кільчэўскі:
— Але на сённяшні дзень у практыцы, у сельскагаспадарчай вытворчасці такіх не маецца. ГМ-расліны павінны прайсці складаную працэдуру кантролю, выпрабаванняў і ацэнкі разнастайных рызык. Гэта будзе цярністы шлях, перш чым трансгенная расліна трапіць на беларускае поле.
Тым не менш даследаванні па стварэнні генна-мадыфікаванай флоры ў нас перыядычна праводзяцца. Так, навукоўцы выпрабоўвалі бульбу, устойлівую да каларадскага жука і іншых кузурак, і рапс, устойлівы да гербіцыдаў. Што тычыцца жывёл, то ў нашай краіне ёсць статак трансгенных коз: пагалоўе налічвае каля 500 асобін, і пакуль яго павялічваць не плануюць. У малацэ гэтых коз ёсць карысны для чалавека бялок — лактаферын.
Імпарт прадуктаў з ГМА ў нашай краіне таксама дазволены, дадае начальнік рэспубліканскага кантрольна-выпрабавальнага комплексу па якасці і бяспецы прадуктаў НПЦ НАН па харчаванні Ірына Пачыцкая:
— Аднак яны павінны мець адпаведную маркіроўку. Маркіраваць трэба прадукты, калі там выяўлена наяўнасць ГМА больш за 0,9 працэнта. У краіне зацверджаны пералік тых тавараў, якія падлягаюць абавязковаму кантролю на наяўнасць ГМА. У іх ліку соя, соевыя бабы, соевая мука, кукуруза, чыпсы.
Штогод каля тысячы ўзораў праходзяць такія выпрабаванні. Маніторынг паказвае, што прадукцыя з перавышэннем устаноўленых патрабаванняў бывае толькі ў адзінкавых выпадках.
matuzova@sb.by