Метаноловая, этанолавая или изопропиловая: какую незамерзайку для авто лучше купить, чтобы остаться с чистым стеклом

Ды не залівайце!

Аўтарынкі, маркеты і кропкі на АЗС сёння прапануюць шырокі асартымент шклоабмывальных вадкасцей. Яны адрозніваюцца складам, тэмпературай замярзання, пахам і іншымі параметрамі. Карэспандэнт «Р» даведалася, як зарыентавацца ў такой разнастайнасці і чым пагражае выкарыстанне «шэрых» вадкасцей?

Мыйная здольнасць шклоабмывальніка за-лежыць ад паверхнева-актыўных рэчываў, якія ўваходзяць у састаў.
Фота Паўла ЧУЙКО

Паніжальны градус


Асноўны кампанент шклоаб­мывальнікаў — спірт. Менавіта ён забяспечвае незамярзанне вадкасці і дзейнічае як растваральнік. Якасныя незамярзайкі робяць на аснове высокаачышчаных этылавага ці ізапрапілавага спіртаў. Дарэчы, згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя, толькі гэтыя два віды спірту дазволеныя да выкарыстання ў вытворчасці шклоабмывальных вадкасцей у нашай краіне.

Павел Шэндзік, намеснік начальніка аддзела даследавання рэчываў невядомай прыроды Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз:

— Ізапрапанол мае нізкую тэмпературу замярзання — мінус 89 градусаў. Пры гэтым ён у некалькі разоў даражэйшы за метылавы спірт. Акрамя спірту, да кошту дадаюцца і розныя прысадкі-араматызатары, каб перабіць уласцівы ізапрапанолу рэзкі пах ацэтону, які, дарэчы, з яго і робяць. Атрымліваецца даволі высокі сабекошт ізапрапілавай незамярзайкі. Таму ізапрапанол часцей выкарыстоўваюць пры вытворчасці аўтамабільных абмывальнікаў прэміум-сегмента. Беларускія вытворцы ў асноўным выкарыстоўваюць этанол у канцэнтрацыі 34—36 працэнтаў. Яго тэмпература замярзання — мінус 20 градусаў. Ён нядрэнны ў нашых умовах надвор’я.

Празрыстая смерць


Пры набыцці абмывальніка звярніце ўвагу на якасць упакоўкі, маркіроўку і наяўнасць кантрольных знакаў. Некаторыя «шэрыя» вытворцы выкарыстоўваюць у сваім тавары метанол, тым самым робячы сваю прадукцыю таннейшай у некалькі разоў. Аднак метылавы спірт у якасці кампанента шклоабмывальніка даўно забаронены. Ён можа ўтрымлівацца толькі ў якасці прымесі. Яго доля не павінна перавышаць 0,05 працэнта.

Павел Шэндзік:

— Праблема заключаецца ў выкарыстанні метанолзмяшчальных шклоабмывальнікаў у якасці таннай альтэрнатывы алкаголю. Метанол — наймацнейшы яд. Усяго 5—10 мілілітраў прыводзяць да цяжкага атручэння, а 30 мілілітраў — да смерці.

Нармальны чалавек не п’е незамярзайку, але можа ўдых­нуць яе пару, калі яна трапіць у салон аўтамабіля праз сістэму вентыляцыі. Калі пры выка­рыс­танні шкло­ачышчальнікаў і шклоабмывальніка вы адчулі слабасць і галаўны боль — неадкладна выйдзіце з аўтамабіля і падыхайце паветрам. Падазроную незамярзайку лепш зліць.

Што тычыцца ама­тараў спажыць шклоабмывальную вадкасць не па прызначэнні, то спецыяльна для іх вытворцы дабаўляюць у свой тавар дамешак «Бітрэкс». Ён надае сродку горкі смак. Дамешак прыдумалі англійскія вучоныя ў 1960-х гадах і дадавалі ў фламастары, каб у дзяцей не ўзнікала жадання паспрабаваць іх на смак. З той жа мэтай сёння «Бітрэкс» дадаюць у шклоабмывальныя вадкасці, а таксама і харчовыя фарбавальнікі яркіх адценняў.

Для беларускай зімы аптымальны варыянт — шклоабмывальная вадкасць, якая працуе пры тэмпературах да 20 градусаў марозу.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

Мароз носа не падточыць


Для беларускай зімы характэрны паніжэнне тэмператур да 5—15 градусаў ніжэй за нуль. Таму аптымальны варыянт — шклоабмывальная вадкасць, якая працуе пры тэмпературах да 20 градусаў марозу. Замярзанне вадкасці раней за заяўленую тэмпературу — непрыемная засада. Зімовыя шклоабмывальнікі досыць рэдка замярзаюць і рвуць магістралі. Аднак ужо пры першым марозе не ў меру цеплалюбівы састаў рызыкуе ператварыцца ў кашку і не дазволіць карыстацца шклоабмывальнікам.

Пакуль адны вытворцы выпускаюць прадукт з тэмпературай замярзання, якая адпавядае пазначанай на этыкетцы, другія пішуць больш нізкія тэмпературы, чым можа вытрымаць іх прадукт. У пацверджанне гэтаму Павел Шэндзік прывёў выпадак з практыкі:

— Буйны аўтасалон заліў няякасную шклоабмывальную вадкасць ва ўсе аўтамабілі, якія стаялі на вулічнай дэманстрацыйнай пляцоўцы. Сродак замёрз ужо пры мінус 7 градусах, хоць вытворца пазначыў на этыкетцы «да мінус 20 градусаў». Марозаўстойлівасць залежыць ад працэнтнага ўтрымання спірту ў сродку. Чым яно вышэй, тым тэмпература замярзання ніжэй. Выратаваць у такой сітуацыі можа звычайная гарэлка. Проста даліце яе ў бачок шклоабмывальніка, і яна паступова растопіць замёрзлы сродак.

Без лішніх маніпуляцый


Калі вы жадаеце самастойна рэгуляваць парог замярзання вадкасці шклоабмывальніка, купляйце канцэнтрат. Галоўнае, выконваць пазначаныя на этыкетцы рэкамендацыі і прапорцыі. Нельга заліваць у бачок канцэнтрат у чыстым выглядзе. Яго абавязкова трэба развесці вадой. Інакш могуць здарыцца розныя непрыемнасці — нават узгаранне вадкасці пад капотам.

Пры набыцці шклоабмывальнай вадкасці важна звяртаць увагу на ўпакоўку. Гэта могуць быць стандартныя палімерныя бутлі, цвёрдыя палімерныя каністры ці мяккі пластыкавы пакет. Часцей за ўсё вытворцы расфасоўваюць прадукцыю ва ўпакоўкі аб’ёмам 3—5 літраў. Што тычыцца паху, то ён не павінен быць празмерна рэзкім ці прыкрым. Сучасная аўтахімія можа і павінна добра пахнуць. Хоць панюхаць вадкасць перад набыццём часцяком не ўяўляецца магчымым: тара запаяная. Важная для сродку ўласцівасць — ягоная мыйная здольнасць. Яна залежыць ад паверхнева-актыўных рэчываў, якія ўваходзяць у састаў, а не ад асноўнага кампанента. Наколькі якасную незамярзайку вы купілі, пакажа час і першыя маразы.

gorbatenko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter