Гомельчане сохранили уникальный сквер, превратив его в экспериментальную площадку

Двор крэатыўных ідэй

Кавалачак лесу ва ўнутраным дворыку маладзёжнага жылога комплексу «Сонечны», вiзiтная картка гэтай часткi Гомеля, павiнен быў пайсцi пад забудоўлю. Аднак мясцовыя жыхары змаглi пераканаць улады: сквер трэба захаваць. Зараз iм зацiкавiлiся навукоўцы, а жыхары навакольных дамоў ладзяць асвятленне, робяць дарожкi i мараць пра стварэнне МЖК «Сонечны». Версiя 2.0».

Сёння тут кiпiць праца: стварэнне зручных пешаходных дарожак стала яшчэ адным крокам па ўдасканаленнi любiмага двара.

Сусед дапаможа суседу

Рух стварэння маладзёжных жылых комплексаў з’явiўся ў СССР у 1970-х гадах. Свае дамы будучыя жыхары дапамагалi будаваць самi, таму да засялення адзiн аднаго ведалi добра, а потым i жылi разам: самi вырашалi праблемы, праводзiлi агульныя святы. У Гомелi стварэнне такога МЖК пачалося ў 1988 годзе, i дагэтуль комплекс з’яўляецца ўнiкальнай суполкай са свамi традыцыямi i жыццёвымi прынцыпамi. Сусед заўсёды прыходзiць на дапамогу суседу: разам тушаць пажары, здаюць кроў для рэанiмацыi, без нiякiх пытанняў тут i дагэтуль ладзяць суботнiкi. На адзiн з такiх я i трапляю. 

Памiж шасцю карпусамi  МЖК — амаль два гектары сасновага бору, раз-пораз трапляюцца i больш папулярныя ў гарадах клёны цi ясенi. Сёння тут кiпiць праца: стварэнне зручных пешаходных дарожак стала яшчэ адным крокам па ўдасканаленнi любiмага двара. Старшыня маладзёжнага жыллёвага комплексу Уладзiмiр Макараў тлумачыць:

— Па генплане на месцы нашага лесапаркавага масiву быў дзiцячы сад, але з цягам часу ў iм адпала неабходнасць па дэмаграфiчнай сiтуацыi. Два гады таму нам збiралiся пабудаваць яшчэ адзiн дом — трэба ўшчыльняцца. Зразумела, амаль усе былi супраць. Казалi, трэба скардзiцца, сварыцца, пiсаць лiсты. Але потым мы падумалi i вырашылi: трэба зрабiць са сквера «цукерку», каб у мясцовых улад не было нiякага жадання ставiць тут дом.

Генплан развіцця двара распрацавалі актывісты.

Камфорт сваiмi рукамi 

Актывiсты распрацавалi генплан развiцця двара. Зараз тут ёсць нават свой «нулявы кiламетр» з адлегласцю да МЖК з iншых гарадоў i краiн. Часткова наладзiлi асвятленне: правады сюды кiнуць было немагчыма, таму на дрэвах умацавалi спецыяльныя лiхтары з акумулятарамi i датчыкамi руху, за дзень яны назапашваюць сонечную энергiю, а потым падсвечваюць шлях вучням да блiжэйшай школы. 

— Мы звязалiся з кафедрай лесагаспадарчых дысцыплiн Гомельскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя Скарыны i папрасiлi навукоўцаў падказаць, што рабiць, каб захаваць сквер. Высветлiлася, што няма дакладнай ацэнкi стану лясных дрэў ва ўмовах гарадской забудовы. Таму мы разам з унiверсiтэтам вырашылi праводзiць сумесную работу. 

Пакуль iдзе навуковая работа, паралельна мясцовыя актывiсты працягваюць удасканальваць двор.

Вучоныя даследавалi дрэвы, склалi на кожнае пашпарт. Каля некаторых можна нават убачыць таблiчкi з iнфармацыяй пра пароду. Калi хто лянуецца чытаць з паперы, жартуюць мясцовыя, побач ёсць QR-коды. Манiторынг дрэў, а iх тут каля тысячы, вядзецца ўжо год. Мясцовыя Кулiбiны нават распрацавалi спецыяльныя датчыкi, якiя фiксуюць электрафiзiчныя характарыстыкi дрэў. Пакуль прэсе не дэманстравалi, але ўпэўнiваюць: навукоўцам тэхналогiя спадабалася. У перспектыве тут могуць таксама адпрацоўваць методыкi лячэння дрэў i кампенсацыйных пасадак. 

А пакуль iдзе навуковая работа, паралельна мясцовыя актывiсты працягваюць удасканальваць двор. Гэты суботнiк арганiзавалi для працягу ўладкавання дарожак. На 650 рублёў закупiлi шчэбню рознай фракцыi. Сродкi на гэта збiралi таксама разам. Эдуард Дзяменцьеў лапатай закiдвае будаўнiчы матэрыял у тачку:

— Я тут жыву з самага з’яўлення МЖК. Разам лягчэй вырашаць праблемы, працаваць. На суботнiкi я выходжу заўсёды i бачу вынiк: вось каля дарогi бярозкi, якiя саджаў сам.

Памiж шасцю карпусамi МЖК — амаль два гектары сасновага бору.

Маленькiя каменьчыкi па глебе размяркоўваюць спецыяльным дазатарам. Iнструмент не заводскi, яго Уладзiмiр Макараў стварыў таксама ўласнымi рукамi. Цвёрды слой пакрыцця робяць з дапамогай вiбраплiты. З пад’езда выходзiць малады чалавек i накiроўваецца да старшынi:

— Уладзiмiр Мiкалаевiч, чым дапамагчы?


Канстанцiн Валкавiнскi не жыхар МЖК, але тут кватэра бацькоў яго жонкi. Дапамагае палепшыць быт сваякоў ужо не адзiн год. Да таго ж з нядаўняга часу з’явiўся яшчэ адзiн стымул:

— З актыўнай моладзi збiраюцца сфармiраваць калектыў МЖК версii 2.0. Гэта таксама будзе суполка жыхароў аднаго дома цi пад’езда ў новым доме, у будоўлі якога мы плануем прымаць удзел. Так што гэта своеасаблiвы ўклад у будучыню. 

Ад дапамогi пры будаўнiцтве да пажаданняў па планiроўцы кватэр — iдэя па стварэнннi новага пакалення жыллёвых суполак пакуль на стадыi распрацоўкi, але яе ўжо падтрымалi некаторыя дэпутаты. Што тычыцца агульнага сквера, то добраўпарадкаванне працягнецца. Тут плануюць пабудаваць дзiцячую пляцоўку, паставiць антывандальныя трэнажоры, велапаркоўку, а для жыхароў адкрыць секцыi па скандынаўскай хадзьбе i нават бiятлоне. Канчатковае зацвярджэнне статусу сквера будзе прынята ў 2021 годзе, але зараз усе зацiкаўленыя службы ўжо ўпэўнiлi актывiстаў: унiкальны двор-бор не знiкне. 

valchenko@sb.by

Фото Таты КАВЕРЫНАЙ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter