Пісьменнікі Якуб Колас і Лу Сінь жылі ў розных краінах, аднак тварылі прыкладна ў адну пару

Двое ў адным часе

Пісьменнікі Якуб Колас і Лу Сінь жылі ў розных краінах, аднак тварылі прыкладна ў адну пару


Якуб Колас

Лу Сінь
Цікава бывае паглядзець на вядомыя ўжо нам з’явы, творы, асобы вачыма замежных сяброў. Так было і на гэты раз. У Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшла цікавая міжнародная вечарына. Яна прысвячалася 135-годдзю кітайскага пісьменніка Лу Сіня (1881—1936) і 110-годдзю з пачатку літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа. Удзел у імпрэзе прынялі кітайскія і беларускія студэнты, пісьменнікі, журналісты, музейныя работнікі.

Усіх вітаў першы сакратар Пасольства Кітая ў Беларусі Чжан Хунвэй. “І Лу Сінь, і Якуб Колас — пісьменнікі адной часавай прасторы, адных сацыяльных перакананняў, — заўважыў кітайскі госць. — А з вышыні часу хіба ж не цікава зазірнуць у іх творы, шукаючы падабенства, аднолькавыя сімвалы?.. Мне прыемна ўсведамляць, што пашыраецца прастора кітайскага мастацкага слова ў Беларусі. Думаю, адзін з заснавальнікаў сучаснай кітайскай літаратуры Лу Сінь быў бы задаволены, калі б ведаў многія факты сённяшняга беларуска-кітайскага літаратурнага пабрацімства...”

Вёў вечарыну лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі, вядомы паэт і перакладчык Мікола Мятліцкі. Яго досвед у беларуска-кітайскіх мастацкіх стасунках немалы: Мікалай Міхайлавіч, як вядома чытачам “Голасу Радзімы”, падрыхтаваў і выдаў аўтарскую кнігу перакладаў “Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая”. Пра любоў да Кітая ды ўласныя паездкі ў Паднябесную, пра знаёмства з перакладчыкам Гао Манам распавёў паэт, празаік, публіцыст і перакладчык Навум Гальпяровіч. Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч расказаў пра выдадзеныя ў “Звяздзе” кнігі кітайскіх паэтаў Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу, Ай Ціна. А цяпер у серыі “Светлыя знакі. Паэты Кітая” падрыхтаваны новы зборнік, на гэты раз — вершаў Лі Хэ. Выступоўца адзначыў: у значнай ступені праект рэалізоўваецца дзякуючы руплівасці перакладчыцы Алены Раманоўскай. Яна — усходазнаўца-міжнароднік, праходзіла гадавую стажыроўку ў Цяньцзіньскім універсітэце (КНР) па спецыяльнасці “Кітайская мова”. У новай кнізе будуць як яе пераклады, так і пераклады іншых творцаў, зробленыя дзякуючы падрадкоўнікам, якія падрыхтавала з мовы арыгінала Алена Раманоўская.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter