Складаныя элементы ỷ Гомельскім скейт-парку

Двайны кік-фліп на дошцы

Цяперашняе лета не задалося. Прахалодныя дні змяняюць дажджлівыя, а тэмпература паветра ўсталявалася ў дыяпазоне «то ў жар, то ў холад». Вось і купальны сезон заканчваецца, так і не пачаўшыся. Але для гомельскіх падлеткаў яно ўсё ж запомніцца радаснай падзеяй. На набярэжнай Сожа адкрыўся першы і пакуль адзіны ў Гомелі скейт-парк.

У арсенале прыхільнікаў скейтбордынгу больш за паўтары сотні розных трукаў.

— Шчыра кажучы, я ўжо і не думаў, што гэта адбудзецца, — прызнаецца адзін з хлопцаў, падціскаючы падвеску дошкі і рыхтуючыся да катання. — Колькі сябе памятаю — столькі пра гэта казалі, але нічога не рабiлася…

Пытанне аб адкрыцці скейт-парка ўзнікала на працягу доўгіх гадоў з пачатку нулявых. Тым часам катацца даводзілася дзе прыйдзецца. Адным з папулярных месцаў был ганак гарадскога цэнтра культуры. Не ўсім жыхарам суседніх дамоў гэта падабалася. Камусьці перашкаджаў шум, хтосьці выказваў абсурдныя прэтэнзіі. Накшталт сапсаванага асфальту. Даходзіла да скаргаў у міліцыю. Цяпер інцыдэнт вычарпаны раз і назаўжды.

Скейтбордынг ужо ўключаны ў праграму летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года, якія адбудуцца ў Токіа.

Скейт-парк з'явіўся ў паўночнай частцы набярэжнай, рэстаўрацыя якой нядаўна поўнасцю завершана. Адсюль адкрываецца выдатны від на Сож і пляжную зону левага берага. А за агароджай узвышаюцца краны рачнога порта, нагадваючы машыны іншапланетных захопнікаў з фантастычнага кіно.

Катацца хлопцы пачалі яшчэ да афіцыйнага адкрыцця. І зараз шум ролікаў не сціхае з раніцы і да самага змяркання. Выраблены прыватнай фірмай у Брэсце скейт-парк складаецца з шасці канструкцый з мудрагелістымі для нашага слыху назвамі — бэнк, фанбокс з трансферам, квотарпайп, скейт-плаза, мэнуалпэд, кікер. Ва ўжытку іх, вядома ж, называюць больш проста і зразумела: «разгонка», «піраміда», «парэнчы». Кожны элемент мае палімернае пакрыццё, якое забяспечвае вільгацетрываласць.

Новая мара гомельскіх скейтараў — пляцоўка ў памяшканні, на якой можна будзе займацца круглы год.

Да паверхні бетанаванай пляцоўкі асаблівыя патрабаванні. Яна павінна быць амаль ідэальна роўнай. Будаўнікі далі гарантыю на пяць гадоў.

На адкрыцці арганізатары зладзілі сапраўдны фестываль — з музыкай, конкурсамі і батламі скейтбардыстаў. Удзельнічалі ў іх і госці з іншых гарадоў. Саму пляцоўку яны ацанілі на выдатна.  Не хапае толькi дробязяў. Накшталт падстрэшка, пад якім можна было б хавацца ў выпадку дажджу. Такога, які прайшоў незадоўга да нашага прыходу. Каб паскорыць высыханне, хлопцы разганяюць лужынкі самаробнымі швабрамі.


Скейтборды часам ламаюцца.

Пры назiраннi за некаторымi трукамi з боку мімаволі заміраеш. Здаецца, падзення не пазбегнуць. Зрэшты, самі хлопцы настроены аптымістычна. Кажуць, што, як правіла, абыходзіцца малымі ранкамі. Для скейтараў — справа звыклая. Хоць на нагах у некаторых ёсць «баявыя раны», якія цалкам ужо не знікнуць. Пры гэтым ахоўнай амуніцыі хлопцы не выкарыстоўваюць:

— Няёмка ў ёй — перашкаджае. Ды і горкі ў нас невялікай вышыні...

Верагоднасць атрымаць сур'ёзную траўму, вядома ж, існуе. Як, зрэшты, у любым экстрэмальным спорце. Усё залежыць ад сіл і вопыту самога скейтара.

Верагоднасць атрымаць траўму залежыць ад сіл і вопыту скейтара.

Трукаў, па словах хлопцаў, налічваецца больш за паўтары сотні — у розных варыяцыях выканання. Олі, ноллі, фліп, грэбы, мэнуалы, грайнд, слайды, ліпы, стэла, стэнд — прамаўляючы гэтыя назвы, яны быццам пераходзяць на сваю, зразумелую толькі ім мову.

— Адкуль столькі? — адзін з хлопцаў задумваецца, як растлумачыць, каб нават журналіст зразумеў. — Ну, вось глядзіце: вы пішаце правай рукой, пішаце левай рукой, пішаце дагары нагамі і пішаце ўверх нагамі левай рукой. Усё гэта — як бы розныя трукі. На спаборніцтвах ацэньваюць складанасць, вышыню і чысціню іх выканання.

Каб пляцоўка высахла хутчэй, хлопцы разганяюць лужыны самаробнымі швабрамі.

Заязджаюць у скейт-парк і веласіпедысты. Скейтары іх не праганяюць, але сочаць, каб тыя ездзілі акуратна. Усё ж такі на гэты транспарт трываласць канструкцый не разлічвалася. Ды і месца замала.

Сваім сезонам скейтары называюць час да снегу. А калі яго не будзе, гатовыя катацца і зімой. Новая мара — скейт-парк у памяшканні, дзе можна будзе займацца круглы год. Хлопцы ўпэўнены, што такая секцыя Гомелю патрэбна. Жадаючых ганяць на дошках ужо стала больш, як толькі з'явілася пляцоўка на набярэжнай.


Дарэчы, мае сэнс падумаць і аб стварэнні сапраўднай каманды. Справа ў тым, што Міжнародны алімпійскі камітэт уключыў скейтбордынг у праграму летняй Алімпіяды ў Токіа ў 2020 годзе. А значыць, трэба пачынаць выхоўваць будучых чэмпіёнаў.

proleskovskiy77@mail.ru

Фота Марыі АМЕЛІНАЙ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter