Размова з эканамістам, прафесарам БДСГА Эдуардам Пятровічам

Дваццаць мяхоў кнiг

З імі вельмі вынікова гаспадарыць на магілёўскай зямлі вядомы кіраўнік — эканаміст, прафесар БДСГА Эдуард Пятровіч


ЮБІЛЕЙ Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, які адзначаўся ў верасні, удвая быў знамянальным для прафесара Эдуарда ПЯТРОВІЧА. Шэсцьдзясят гадоў таму вераснёўскім днём ён стаў студэнтам агранамічнага факультэта аграрнай навучальнай установы, адной са старэйшых у Еўропе. Пасля атрымання дыплома вучонага агранома  працаваў  галоўным спецыялістам у гаспадарках,  узначальваў Крычаўскі  райвыканкам і Кіраўскі  райкам  партыі, загадваў сельгасаддзелам Магілёўскага абкама партыі, кіраваў Магілёўскім аблсельгасхарчам.


Завочна закончыў з адзнакай Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС і трыццаты год працуе ў роднай альма-матэр, дзе абараніў кандыдацкую дысертацыю і чатыры гады таму атрымаў вучонае званне прафесара па спецыяльнасці “эканоміка”. 

Працоўная дзейнасць Эдуарда Аляксандравіча адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі “Знак Пашаны”, медалём “За доблесную працу”, Падзякай Прэзідэнта краіны, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і шматлікімі граматамі міністэрстваў і ведамстваў рэспублікі, Магілёўскага аблвыканкама, значком “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Эдуард Пятровіч выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі рэспублікі. Прымаў удзел у распрацоўцы Праграмы аграрнай рэформы і Канцэпцыі рэфармавання АПК Беларусі.

СА СТУДЭНЦКІХ гадоў на эканамічным факультэце Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі мне запомніліся лекцыі дацэнта Эдуарда Пятровіча багаццем практычных прыкладаў. У рэспубліцы толькі ўкараняліся новыя метады гаспадарання, пра якія ў падручніках нічога не было, і Эдуард Аляксандравіч цікава знаёміў нас з новаўвядзеннямі. І вось сустрэча з акадэмічным выкладчыкам праз тры дзесяцігоддзі. Пасярэбраныя скроні, удумлівы позірк і нетаропкасць надалі яшчэ больш саліднасці каржакаватаму, узбагачанаму жыццёвым вопытам прафесару, які па-ранейшаму без канспектаў умее заварожваць сваімі лекцыямі аўдыторыю.

— Сённяшнія студэнты з цікавасцю ўспрымаюць тэарэтычны матэрыял і выдатна засвойваюць яго, але пасля атрымання дыпломаў не спяшаюцца працаваць у гаспадарках, — заклапочаны прафесар. — Штогод выпускаем вялікі атрад эканамістаў, менеджараў, бухгалтараў і іншых спецыялістаў, а ў многіх раёнах адчуваецца іх дэфіцыт. Раней студэнты акадэміі былі больш звязаны з зямлёю, дасканала вывучалі тэхналогію вырошчвання сельгаскультур. А сёння ў вучэбным працэсе асноўная ўвага надаецца засвойванню эканамічных адносін рыначнай вытворчасці, бізнесу. У гаспадарках больш важным стала не вырабіць прадукцыю, а эфектыўна рэалізаваць яе. 

У час вучобы ў Акадэміі грамадскіх навук у Маскве на лекцыях вядомы савецкі эканаміст Леанід Абалкін папярэджваў, што пры рыначнай эканоміцы будзе вялікі выбар тавараў, але паўстане праблема фінансаў. Яно так і ёсць. Маркетынг выйшаў на першы план. На гэтым канцэнтруецца ўвага ў навучальным працэсе.

Рыхтуем аграрных спецыялістаў, але парадаксальна, што не ведаем, для каго. Большая частка іх асядае дзе заўгодна, толькі не ў сельскай гаспадарцы. Гэта вельмі актуальная дзяржаўная праблема, і яна патрабуе неадкладнага вырашэння. Найпершая задача акадэміі — падрыхтоўка кадраў новага ўзроўню і замацаванне іх у аграпрамысловым комплексе, каб было каму ўкараняць у вытворчасць сучасныя тэхналогіі. 

— Эканамічная адукацыя ва ўсе часы была прэстыжнай. А як цяпер?

— І сёння трымаецца рэйтынг. Пра гэта сведчыць колькасць заяў абітурыентаў на адпаведныя факультэты. Няма праблемы з наборам. Але ўсё ж не параўнаць з тым прэстыжам, які некалькі дзесяцігоддзяў таму мела наша вышэйшая навучальная ўстанова. Калі я пасля заканчэння сярэдняй школы з сярэбраным медалём паступаў на аграфак, то конкурс быў даволі высокі. Маці не адобрыла мой выбар і настойвала паступаць вучыцца ў сталіцу. А дзядуля Антон Іосіфавіч падтрымаў імкненне і даў мне на дарогу сто рублёў.

— Чым вас так захапіла прафесія агранома?

— Дзяды мае і прадзеды працавалі на зямлі. З далёкага дзяцінства памятаю наш дыхтоўны драўляны дом, які фашысцкія акупанты перад адступленнем спалілі, і мы туліліся ва ўцалелай істопцы. Бацька вярнуўся з фронту без нагі, але рукі ў яго былі залатыя. Вырабляў крэслы, рамантаваў усё дома. І нас гэтаму вучыў. Як старэйшы з дзяцей я нарыхтоўваў дровы, дапамагаў маці ўпраўляцца з агародам, жывёлу даглядаў і марыў мець свой сад. У тыя гады паспяхова развіваліся генетыка, біялогія, хімія. Шмат расказвалі ў сродках масавай інфармацыі пра аграномію, і мы, маладыя, загараліся гэтай прафесіяй. У школе на ўроках біялогіі з вялікай цікавасцю знаёміліся з навакольным светам раслін. Пасля заканчэння школы асэнсавана выбраў агранамічны факультэт акадэміі.


Эдуард і жонка Ала ПЯТРОВІЧЫ. 1959 г.

Студэнтам ажаніўся з аднакурсніцай Алай Балуевай. Вяселле ладзілі ў Горках і на маёй радзіме ў Жодзіна, дзе сабралі сваякоў. Запрасілі і нашу сваячку, вядомую Настассю Купрыянаву, маці шасцярых загінуўшых на вайне сыноў. Блаславіла нас Настасся Фамінічна і падарыла на шчаслівую долю вышыты сваімі рукамі ручнік, які свята захоўваем.

Перад атрыманнем дыпломаў нарадзіўся першынец, якога назвалі ў гонар майго бацькі Аляксандрам. Дачушка Таццяна і яшчэ сын Уладзімір папоўнілі сям’ю.

Аляксандр закончыў хімфак БДУ, а Таццяна і Уладзімір атрымалі дыпломы аб заканчэнні акадэміі. Падарылі нам з жонкай  шэсць унукаў, старэйшы з іх Эдзік далей працягвае сямейную традыцыю і завяршае вучобу на бухгалтарскім факультэце.

— Эдуард Аляксандравіч, у вас не беларускае прозвішча...

— Мае карані ідуць ад даўняга сербскага роду Петравічаў. У даваенныя часы бацька ажаніўся з беларускай дзяўчынай Вольгай Курсевіч, продак якой Іван Курсевіч у 1781 годзе быў егерам у Жодзінскім уладанні магната Станіслава Радзівіла. Мае продкі мелі свае надзелы. З гэтага роду Курсевічаў і наша сваячка Настасся Курыянава, сын якой Пётр паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава і пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Усе пасляваенныя гады мы жылі па суседстве з Настассяй Фамінічнай і дапамагалі ёй. Да апошніх дзён жыцця цікавілася яна маімі справамі. 

— Было вам чым пахваліцца. А дзядуля Антон Іосіфавіч дачакаўся вашага кар’ернага ўзлёту?

— Віншаваў мяне з атрыманнем дыплома вучонага агранома, а потым і з абаронай кандыдацкай дысертацыі. Ён радаваўся кожнаму майму кроку ў навуцы. Як толькі прыязджаў дамоў, адразу ляцеў да яго, і мы доўга размаўлялі. Дзед удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. На Пулкаўскіх высотах змагаўся і меў пасаду каптарнамуса палка, які стаў на рэвалюцыйныя пазіцыі. З Троцкім за руку вітаўся, Каменева абдымаў, а Зіноўева бачыў на трыбуне. Меў прапанову вучыцца ў школе чырвоных камандзіраў, але адмовіўся. Сэрца прагла сялянскай працы на зямлі. Вярнуўся ў родныя мясціны і завёў сям’ю. Даведаўся, што яго баявых сяброў расстралялі. Дзед прадбачліва пазбавіўся такой долі. Ваяваў у фінскую вайну. З бабуляй выхавалі восем дзяцей. У нямецка-фашысцкую акупацыю ворагі забралі сына Міхася і закатавалі. Вялікую Айчынную дзядуля закончыў у Кенігсбергу і вярнуўся да сваёй вялікай сям’і.

Калі ў маім жыцці выпадалі цяжкія моманты, ўзгадваў перажытае дзедам, і станавілася лягчэй. 

У студэнцкія гады разам з сябрамі асвойвалі цаліну. Пасяліліся ў армейскіх палатках сярод стэпу, дзе бушавалі ветры. Аднойчы ноччу ўзняўся буран і сарваў палатку, панёс яе так далёка, што і не знайшлі. Выкапалі зямлянку і ў ёй ўладкаваліся. Даймалі вільгота і холад. Вярталіся з поля, дзе я працаваў памочнікам камбайнера, і не распранаючыся засыналі. Пасля першага снегу прыходзілі з цаліннага жніва ў студэнцкія аўдыторыі. 

ЖЫЦЦЁ гартавала Эдуарда Пятровіча. Пасля заканчэння сельгасакадэміі атрымаў размеркаванне аграномам-глебаводам на Магілёўскую абласную доследную станцыю, а жонка Ала Міхайлаўна загадвала там лабараторыяй. Амаль на два дзесяцігоддзі затрымаліся там. Эдуард Аляксандравіч пад кіраўніцтвам Героя Сацыялістычнай Працы акадэміка Тамары Кулакоўскай падрыхтаваў і паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю пра ўплыў доз мінеральных удабрэнняў на ураджайнасць сельгаскультур.

Маладому кандыдату сельскагаспадарчых навук даверылі пасаду старшыні Крычаўскага райвыканкама, дзе ён праявіў сябе як прынцыповы і рашучы арганізатар. Пётр Машэраў прапанаваў яму ўзначаліць Кіраўскі райкам партыі. Гутарылі з Пятром Міронавічам дзве гадзіны, з якіх большую палову размаўлялі пра літаратуру. А пачалося з таго, што  Эдуард Аляксандравіч сказаў, што зноў давядзецца два дзясяткі мяхоў з кнігамі перавозіць. Машэраў здзіўлена перапытаў, як гэта ў мяхах кнігі перавозіць. І пачуў, што ў льняных мяхах яны не псуюцца. Гаспадар кабінета задумаўся, закурыў і праз паўзу адзначыў, што, пэўна, такі метад лепшы, чым той, якім ён карыстаўся, калі пераязджаў з Брэста ў сталіцу. Укладзеныя ў кардонныя скрынкі кнігі пакрыліся цвіллю, і давялося іх пераціраць. Перайшлі на абмеркаванне прачытаных літаратурных шэдэўраў. Пацікавіўся Пётр Міронавіч, як ставіцца жонка Эдуарда Аляксандравіча да яго захаплення кнігамі, і скончылася размова тэлефонным званком першаму сакратару Магілёўскага абкама партыі Віталю Прышчэпчыку, якому Машэраў прапанаваў на працягу года не пасылаць камісіі ў Кіраўскі раён і падтрымліваць кадравыя рашэнні новага сакратара райкама.

Такая індульгенцыя абавязвала адпаведна працаваць. Той год выдаўся засушлівым. Корм для грамадскага статка нарыхтоўвалі з галінак дрэў, трыснёгу. Вялікі атрад корманарыхтоўшчыкаў адправіліна Палессе для назапашвання зялёнай масы з балот. Зімоўку на фермах вытрымалі. Вясною на партыйна-гаспадарчым актыве рэспублікі Кіраўскі раён адзначаўся як узорны ў правядзенні зімоўкі жывёлы і атрымаў Пераходны Чырвоны Сцяг. Выраслі і стабілізаваліся эканамічныя паказчыкі. Таленавітаму арганізатару вытворчасці Эдуарду Пятровічу прапанавалі ўзначаліць сельгасаддзел вобласці, адкуль праз два гады паступіў вучыцца ў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС, дзе яго выбралі кіраўніком беларускага зямляцтва.

— Аднойчы да нас у госці завіталі касманаўты Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, — узгадвае Эдуард Аляксандравіч. — Накрылі на стол і запрасілі славутых землякоў пачаставацца. Вельмі хвалілі яны пончыкі, прыгатаваныя Нінай Мазай. Пасля заканчэння першага года вучобы ў Маскве мяне адазвалі дамоў, і я ўзначаліў Магілёўскі аблсельгасхарч. З дапамогай вучоных Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі распрацавалі сістэму гаспадарання ў вобласці. Для папаўнення кармавых рацыёнаў пашырылі насенныя ўчасткі канюшыны і за кароткі тэрмін у чатыры разы павялічылі яе плошчы. Актыўна ўкаранялі падрадныя формы арганізацыі і матэрыяльнага стымулявання працы. Выступілі з ініцыятывай стварэння калектываў інтэнсіўнай працы. Выкарыстанне тэхнікі ў гаспадарках перавялі на паточна-цыклавы метад, што дазволіла ўдвая павысіць яе прадуктыўнасць. Усё складвалася паспяхова. Але ўвосень занепагодзіла.  Работы на палях зацягнуліся. З сакратаром ЦК КПБ Уладзімірам Бровікавым адправіліся ў  гаспадаркі. Зямля ад дажджу стала слізкая, і таму прапанавалі Уладзіміру Ігнатавічу абуць гумавыя боты, але ён адмовіўся. Толькі ступіў на поле, паслізнуўся і перапэцкаўся. На свае вочы ён пераканаўся, што непагадзь стрымлівае палявыя работы, і асабліва ўборку бульбы. У многіх гаспадарках тэхніка прастойвала і з-за адсутнасці паліва. Сітуацыя склалася крытычная. Мяне выклікалі на бюро ЦК КПБ. Расказаў пра становішча і папрасіў дапамагчы палівам, але атрымаў адстаўку, і гэта карэнным чынам змяніла мой лёс. З сям’ёю пераехаў у Горкі і ўзначаліў кафедру арганізацыі вытворчасці ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Быў і прарэктарам па навуцы, дзесяць гадоў прарэктарам па павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў. 

Аднойчы Сямён Шапіра, у бытнасць сваю міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання, сказаў, што па кадравай палітыцы лепш раіцца са мною. Сямён Барысавіч ведаў, што я заўсёды меў у запасе дзясятак правераных кандыдатур на найбольш адказныя пасады, і за дзень мог зрабіць новыя прызначэнні. 

— Разам з акадэмічнымі прафесарамі Максам Фрэйдзіным і Анатолем Каганам вы два дзесяцігоддзі таму распрацоўвалі метадычныя падыходы па рэфармаванні беларускіх калгасаў. Ці апраўдала сябе гэтая рэформа?

— Так патрабаваў час, і мы распрацоўвалі навуковую сістэму адаптацыі калектыўных гаспадарак да сучасных умоў. Прымалі ўдзел і ў стварэнні Праграмы аграрнай рэформы, і Канцэпцыі рэфармавання АПК. Рынак дыктуе свае ўмовы развіцця вытворчасці, а задача вучоных — вышукаць найбольш спрыяльную мадэль. 

— Эдуард Аляксандравіч, столькі перажыта, многае дасягнута. Штовосень новыя студэнты запаўняюць аўдыторыі, і разам з імі быццам час прыпыняецца. А мары з гадамі мяняюцца?

— Заўсёды марыў, каб родныя былі здаровыя. У мяне ўжо двое праўнукаў. У будучым годзе праўнучка Лера пойдзе ў школу, а самаму меншаму Глебушку толькі два гадкі. Спадзяюся, што іх лёс таксама будзе звязаны з зямлёю. Спадчыннасць у генах закладваецца. Той вясельны ручнік Настассі  Купрыянавай лёг шчаслівым жыццёвым шляхам для маёй сям’і, і няхай ён працягваецца ў  нашчадках. Мару, каб сельская гаспадарка заняла вартае месца ў эканоміцы краіны. Цяпер яна перажывае не лепшыя часы. Калі такое было, што ўбралі ўраджай, а няма за што цвіка купіць? Гэты перакос патрабуе неадкладнага выпраўлення. Нам трэба рыхтаваць маладую змену спецыялістаў, за якімі будучае нашай сельскай гаспадаркі. Бо сапраўды, хлеб — усяму галава.

Уладзiмiр СУБАТ

Горацкі раён.

Фота з архіва Э. А. Пятровіча і аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter