Жители оплачивают только вывоз мусора, который попадает в контейнеры: как коммунальщики борются с оставленными у подъездов шкафами и диванами

Двары гуляюць па-буйному

Аконныя рамы, канапы, шафы і міжпакаёвыя .дзверы. А яшчэ серванты, камоды і мяшкі з будаўнічым смеццем. Усе гэтыя прадметы аб’ядноўвае адно — іх памеры. А ў статусе непатрэбных рэчаў яны даволі часта ператвараюць нашы двары ў стыхійныя звалкі. Як навучыць жыхароў правільна пазбаўляцца ад такога смецця, ці ёсць для гэтага ўмовы і з якімі праблемамі сутыкаюцца камунальнікі, даведалася карэспандэнт «Р».

Прадметы вялікага памеру лёгка спрасоўваюцца ў кузаве смеццявоза. 

Усё ў адным кузаве

Спецыяльна абгароджаная кантэйнерная пляцоўка ў двары майго дома ніколі не пустуе. Старая і непатрэбная мэбля, матрацы, кухонныя шафкі і мяшкі з тынкоўкай на ёй з’яўляюцца рэгулярна. Двойчы на тыдзень (пра што сведчыць надпіс на сцяне агароджы) усю гэту буйнагабарытную гару забірае смеццявоз. Прэс у кузаве машыны з задняй загрузкай спакойна «перажоўвае» паўтарачныя ложкі, тумбачкі і кніжныя паліцы. Часам пад прэс адначасова трапляе і змесціва кантэйнераў для цвёрдых камунальных адходаў. Нічога страшнага ў гэтым няма, запэўніваюць спецыялісты. Так нават зручней: рознага па складзе смецця ў кузаў змяшчаецца больш. І за адзін рэйс машына можа забраць адходы ў сярэднім з 10 пляцовак. Усё буйнагабарытнае смецце адпраўляецца на палігон.

— У мінулым годзе мы вывезлі 219 тысяч тон цвёрдых камунальных адходаў, з іх 29 тысяч тон — буйнагабарытныя. За 9 месяцаў гэтага года ўжо вывезена 25 тысяч тон БГА, — прыводзіць лічбы начальнік аддзела эксплуатацыі УП «Спецкамунаўтатранс» Іван Цуканаў. — Прагназуем, што ў гэтым годзе вывезем на 10 працэнтаў больш буйнагабарытных адходаў.

Старыя матрацы і мэблю трэба пакідаць на спецыяльных кантэйнерных пляцоўках.

Атрымліваецца, што ў месяц з двароў шасці сталічных мікрараёнаў, якія абслугоўвае УП «Спецкамунаўтатранс», вывозяць больш за 3 тысячы тон буйнагабарытнага смецця. Гэта прыкладна 600 смеццявозаў. І, як бачым, такіх адходаў становіцца ўсё больш. У асноўным за кошт будаўнічага смецця. І гаворка ідзе не пра пакет мантажнага клею або дзве абліцовачныя пліткі, якія мы выкідваем раз у год. Адзін са свежых прыкладаў — кантэйнерная пляцоўка па вуліцы Навінкаўскай. Да яе нехта сцягнуў два дзясяткі мяшкоў з цэментам, тынкоўкай і нават кавалкамі бетонных пліт. Усё гэта жыхар павінен быў вывезці самастойна. Але ён пераклаў свой абавязак на плечы камунальных службаў і не патраціў ні капейкі. Дакладней, упісаўся ў тарыф па абыходжанні з ЦКА, які ўсе мы плацім. Нагадаю, за абыходжанне з адным кубаметрам цвёрдых камунальных адходаў жыхар шматпавярховага дома са смеццеправодам плаціць крыху больш за 8 рублёў, без смеццеправода — больш за шэсць рублёў. Норма назапашвання цвёрдых бытавых адходаў у год на чалавека — 2,68 кубічнага метра, з іх на буйнагабарытныя адходы адводзіцца ўсяго 0,13 кубаметра. Вось і лічыце, што прыкладна за 1 рубель 80 капеек у месяц мы можам пазбавіцца ад любога смецця. І нам за гэта нічога не будзе.

На сметніку можна ўбачыць рознае — ад аконных рам да будаўнічага смецця.

Штраф за стол у пад’ездзе

Зрэшты, праблема не ў самім буйнагабарытным смецці, а ў тым, як яго жыхары складзіруюць і выкідваюць. Буйнагабарытныя адходы можна пакідаць у спецыяльна адведзеных месцах у дварах. На асобных спецпляцоўках або на кантэйнернай пляцоўцы з ёмістасцямі для збору звычайнага смецця і паасобнага збору другаснай сыравіны. Можна яшчэ каля смеццепрыёмнай камеры ля пад’езда. Але гэтыя простыя пажаданні вельмі часта ігнаруюцца жыхарамі. Інакш як растлумачыць праціснутыя канапы і трохногія сталы на лесвічных клетках або лісты гіпсакардону, напрыклад, каля пад’ездаў? Нягледзячы на тое, што за гэта парушэнне правіл добраўпарадкавання звычайнага жыхара дома могуць аштрафаваць на суму да 25 базавых велічынь, прадпрымальніка — да 50, юрыдычную асобу — да 100 базавых велічынь.

Буйнагабарытныя адходы звычайна забіраюць два разы ў тыдзень.

Існуе адміністрацыйная адказнасць за парушэнні патрабаванняў заканадаўства па абыходжанні з адходамі — гэта папярэджанне або штраф ад 5 да 50 базавых велічынь. Такая інфармацыя даступна любому жыхару, які дайшоў да кантэйнернай пляцоўкі. На ёй звычайна вывешваюць памятку па зборы і вывазе адходаў. Адну такую таблічку асабіста бачыла ў дварах дамоў па вуліцы Багдановіча. На ёй — час вывазу адходаў. Цвёрдыя камунальныя — штодня з 7.00 да 16.00, буйнагабарытныя — па панядзелках з 7.00 да 16.00. На памятцы выразна прапісана, што на кантэйнернай пляцоўцы забаронена складваць будаўнічае смецце, кідаць у кантэйнеры камяні, галінкі дрэў, лісце, а таксама лёгкія на ўзгаранне рэчывы. Мяркуючы па змесце кантэйнераў, такія памяткі мала хто чытае. Ды і парушальніка, як паказвае практыка, не так проста прыцягнуць да адказнасці.

ДАРЭЧЫ

У мінулым годзе ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» арганізавала акцыю па зборы буйнагабарытных бытавых адходаў. Гэтая акцыя павінна была прыцягнуць увагу жыхароў да збору і вывазу буйнагабарытных бытавых адходаў. 

misnik@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter