В повести про Франтишка Богушевича писатель Василь Хомченко спрятал факты о пережитом во время репрессий

Два юрысты

У далёкiм 1983-м у «Кнiгарнi пiсьменнiка» мне ўдалося выкупiць кнiгу на свой густ — гiстарычную аповесць «Пры апазнаннi — затрымаць». Аўтар Васiль Хомчанка паказваў Францiшка Багушэвiча нечакана: у якасцi судовага следчага. Багушэвiч-юрыст разблытвае справы, спачувае даведзеным да адчаю беднякам, змагаецца з бюракратычным начальствам, шмат разважае над сутнасцю закону i ўлады… Злачынец, выяўлены падчас следства, рэвалюцыянер-бамбiст Сяргей Сiлаеў, калiсьцi выратаваў Багушэвiча ў часы паўстання. 


Аповесць дынамiчная, захапляльная… Але толькi праз шмат гадоў я даведалася, пра што насамрэч яна i чаму пiсьменнiк звярнуўся да постацi Францiшка Багушэвiча.

А для гэтага трэба было даведацца пра бiяграфiю самога Васiля Хомчанкi, якую — сапраўдную — у час выхаду аповесцi яшчэ нiхто не ведаў.

Васiль Хомчанка нарадзiўся 100 гадоў таму. Калi вучыўся на чацвёртым курсе рабфака, запiсаў у дзённiку, што атрымаў лiст ад бацькi з вёскi: не могуць расплацiцца з падаткамi... 

З пяцёх жыхароў iнтэрнацкага пакоя адзiн аказаўся даносчыкам.

Быў 1937 год, пiк рэпрэсiй. Васiль Хомчанка аказаўся ў турме. Суддзi пашкадавалi хлапчыску, далi ўсяго чатыры гады. Будаваў дарогу Камсамольск — Саўгавань, пiлаваў лес. Пасля вызвалення працаваў грузчыкам на рыбалоўнай базе ў Астраханi. А потым зайшоў у ваенкамат, адкуль якраз адпраўлялi ў армiю атрад рэзервiстаў, быў недабор… У анкеце Васiль не пазначыў судзiмасць, падмануў, што вучыўся на журфаку. Пачалася вайна. 

Пасля Перамогi маладому камандзiру, уладальнiку баявых узнагарод, прапанавалi паступiць у Ваенную акадэмiю. Адвучыўшыся, Васiль Хомчанка працаваў суддзёй у ваенных трыбуналах. Нiколi не забываючыся на сваё страшнае мiнулае, чакаючы: а што, як раптам яно адкрыецца? 

Пiсьменнiка не магло не ўразiць падабенства ягонага лёсу i лёсу Францiшка Багушэвiча. Той браў удзел у паўстаннi 1863 года, быў паранены, хаваўся. Аб’яўлены ў вышук. Дзякуючы матчынаму сваяку, якi працаваў ва Украiне ў юрыдычным вучылiшчы, паехаў туды, адвучыўся, стаў судовым следчым. I таксама ўвесь час чакаў выкрыцця. 

Вось што ўкладае Васiль Хомчанка ў вусны свайго героя:

«Я судовы следчы, стараюся быць да людзей справядлiвым. Але ж мне заўсёды цяжка, калi я адпраўляю чалавека ў турму…»

А вось што гаворыць сам Васiль Хомчанка ў аўтабiяграфiчнай аповесцi «Крэсла з гербам i розныя крымiналь­ныя гiсторыi», апублiкаванай ужо ў 1992-м, якую параўноўваюць з прозай Варлама Шаламава: 

«Я стараўся быць справядлiвым суддзёй. Мяне лiчылi калегi мяккацелым, нават лiбералам, начальства крытыкавала за гэту мяккацеласць…» I прызнаваўся, што яму цяжка адпраўляць чалавека ў турму, бо сам перажыў няволю. 

Калi стваралася аповесць «Пры апазнаннi — затрымаць», аўтар яшчэ не мог гаварыць вольна. Менавiта праз Францiшка Багушэвiча Васiль Хомчанка транслiруе свае «крамольныя» разважаннi, досвед «юрыдычнага перыяду». А праз другога героя, рэвалюцыянера Сяргея Сiлаева, расказвае «зэкаўскi» досвед.

Параўнайце яшчэ дзве цытаты.

Вось у аповесцi «Пры апазнаннi — за­тры­маць» Сяргея Сiлiна, рэвалюцыянера XIX ст., арыштоўваюць.

«Яго прывялi ў жандарскае аддзяленне i гадзiны праз чатыры пасадзiлi ў камеру, невялiкую, падвальную, з акенцам пад самай столлю, на ўзроўнi тратуара, па якiм дзень i ноч хадзiў вартавы — круглыя суткi чулiся яго крокi i стук прыклада ружжа. …Было ў камеры шэсць чалавек: паэт Ваня Тулiмовiч, слабы здароўем, з бледна-жоўтым тварам, iнжынер Блохман, сельскi баптыст, чыноўнiк з мiнiстэрства Пятровiч, Майсей — студэнт...».

А вось урывак з аповесцi «Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi», час дзеяння — 1937 год: 

«…уштурхнулi ў падвальную камеру з акенцам пад самай столлю, якое выходзiла на вулiцу Ўрыцкага на ўзроўнi тратуара. Усцяж тых закратаваных вокнаў дзень i ноч хадзiў вартавы з вiнтоўкай — круглыя суткi былi чуваць яго крокi i стук прыклада аб тратуар.

У камеры было, здаецца, дзесяць чалавек, сярод iх паэт-маладняковец Янка Тумiловiч, Масей Сяднёў — студэнт педiнстытута, таксама паэт i мой зямляк з Касцюковiцкага раёна. Былi там яшчэ iнжынер Блохман, прафесар-географ, здаецца, прозвiшча яго Лойка. Пазней завялi Янку Нёманскага — пiсьменнiка, акадэмiка».

Як бачыце, нават iмёны амаль не змененыя! Нагадаю, што сапраўднае прозвiшча Нёманскага — Пятровiч.

Падабенства ва ўсiх дэталях. Сiлаева арыштавалi таксама, бо адзiн з пяцёх сяброў аказаўся даносчыкам. Падобныя партрэты следчых, якiя дапытваюць юнага Васiля Хомчанку i эсэра Сяргея Сiлаева. 
Эпiзоды, калi Францiшак Багушэвiч у перапынках памiж следчымi справамi ў службовым кабiнеце пiша лiтаратурныя творы, Васiль Хомчанка таксама спiсваў з сябе.
Праз шмат гадоў, дамагаючыся рэабiлiтацыi, Васiль Хомчанка даведаўся, чаму яго не выкрылi: дакументы аб асуджэннi былi пакладзены не ў тую папку. 

У 1968-м Васiль Хомчанка дэмабiлiзаваўся i прысвяцiў сябе лiтаратурнай працы. 

Францiшак Багушэвiч таксама дачакаўся амнiстыi ўдзельнiкам паўстання, вярнуўся ў Беларусь i заняўся лiтаратурай.

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter