У Мінску праходзіць Міжнародны конкурс піяністаў

Два тыдні фортэ і піяна

Белдзяржфілармонія пера­поўнена фартэпіяннымі гу­камі. Яны чутны адусюль, ліюцца з усіх рэпетыцыйных класаў і са сцэны. І чаго, скажыце, здзіў­ляцца, калі якраз гэтым часам у Мінску праходзіць Міжнародны конкурс піяністаў, які будзе доў­жыцца два тыдні.

Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Калі шчыра, не кожная фі­лармонія дазваляе сабе раскошу ахвяраваць на такі працяглы тэрмін бягучымі прыбытковымі канцэртамі дзеля выступленняў маладых выканаўцаў. Але тут — крок свядомы і мэтанакіраваны. Галоўная задача конкурсу — пошук новых таленавітых музыкантаў.

Такіх знаходак за час існавання мінскага выканальніцкага тур­ніру, а сваю гісторыю ён вядзе з 1996 года, было нямала. Андрэй Сікорскі, Аляксей Чарноў, Цімур Шчарбакоў, Аляксандр Музыкантаў, Сяргей Смірноў… Заслужаны артыст Беларусі Юрый Гільдзюк, мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі, вя­домы педагог і піяніст, з задавальненнем пе­ра­лічвае артыстаў, якіх у розныя гады адкрыў наш конкурс, якія ўжо гучна заявілі пра сябе ў музыч­ным свеце, зараз працуюць і гастралююць па ўсім зямным шары.

Няма сумнення, што і сёлетні, пяты па ліку, не стане ў гэтым сэнсе выключэннем. Заяўкі на ўдзел у ім падалі 70 піяністаў ва ўзросце да 30 гадоў з нашай краіны, Расіі, Украіны, Арменіі, Малдовы, Латвіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Францыі, Марока, Кітая. 

Пасля папярэдняга адбору амаль палова з іх прайшла ў другі тур, які пачаўся ўчора. Адпаведна з умовамі, у ім канкурсанты іграюць сольную праграму працягласцю адна гадзіна, дазволены любыя стылі, выконваюць творы на свой выбар, аўтары — ад Баха да сучаснікаў.

Ацэньвае выступленні аўта­ры­тэтнае журы, у складзе якога прызнаныя музыканты і педагогі з нашай краіны, Арменіі, Латвіі, Літвы і Расіі на чале з народным артыстам Беларусі, прафеса­рам акадэміі музыкі Ігарам Алоў­нікавым. 

Менавіта пасля другога тура сярод яго ўдзельнікаў будуць вызначаны шэсць лепшых выканаў­цаў, якія выступяць 12 снежня ў фі­нале і стануць галоўнымі прэ­тэндэнтамі на лаўрэацкія званні і прызавыя месцы.

Дарэчы, грашовы эквівалент кон­курсных прэмій дзякуючы да­па­мозе спецыяльнага фонду Прэ­зідэнта па падтрымцы тале­на­вітай моладзі сёлета прыкметна вырас. Уладальнік першай атры­мае 10 тысяч еўра, другой — 8 тысяч, трэцяй – 5 тысяч еўра. Яшчэ тры прэміі ў памеры 2 тысячы еўра кожная прадугле­джаны для дыпламантаў конкурсу. 

Урачыстае закрыццё конкурсу і канцэрт лаўрэатаў адбудуцца 13 снежня. Уладальнікі першай і другой прэмій сыграюць сольна, пераможца – у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфа­нічнага аркестра пад кіраў­ніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава. 

Прыемная навіна для пры­хіль­нікаў фартэпіяннай музыкі: уваход у філармонію на ўсе конкурсныя канцэрты, акрамя заключнага, вольны.

Цікава ведаць

На рубяжы XVIII стагоддзя кам­па­зі­тары і музыканты сталі востра адчуваць патрэбу ў новым клавішным інструменце, які не саступаў бы па выразна­сці скрыпцы. Больш за тое, быў неабходны інструмент з шырокім дынамічным дыя­пазонам, здольны на гучнае фартысіма і пяшчотнае пія­ні­сіма. Гэтыя мары сталі рэ­аль­насцю, калі ў 1709 годзе італьянскі майстар Барталамеа Крыстафоры вынайшаў першае фартэпіяна. Ён назваў сваё вынаходства gravicembalo col piano e forte, што азначае «клавішны інструмент, які іграе пяшчотна і гучна». Гэтая назва затым была скарочана ў слова «фартэпіяна». 

З’яўленне новага інструмента стала паваротным момантам у гісторыі еўра­пейскай музычнай культуры, цалкам змяніла яе характар. Без фартэпіяна немагчыма сёння ўявіць свет музыкі.

З першых вуснаў

Валерый ШКАРУПАВалерый ШКАРУПА, рэктар Уральскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.П. Мусаргскага, прафесар, піяніст, член журы:

— Тое, што менавіта ў Мінску праходзіць такі значны конкурс, не выпадковасць, а заканамернасць, бо ў вашай краіне на высокім узроўні прадстаўлена музычная адукацыя ў цэлым і піяністаў у прыватнасці. Вельмі моцныя выканаўцы і прафесура. На працягу трох гадоў я меў магчымасць у гэтым пераконвацца, працуючы старшынёй у дзяржкамісіі Акадэміі музыкі. Магчыма, як мала дзе ў Расіі, у вас захавалася пераемнасць савецкай расійскай выканальніцкай школы і музычнай адукацыі. 

Што да фармату правядзення конкурсу, то ён такі ж, як у конкурсу імя Чайкоўскага. Дарэчы, прыемная асаблівасць, якая захавалася тут, у Мінску, і якую конкурс Чайкоўскага, на жаль, страціў, — выкананне ў адборачным туры твораў, якія прадстаўляюць краіны ўдзельнікаў. Гэта надзвычай цікавая і рэдкая магчымасць пачуць падобныя сачыненні.

Зараз конкурсаў занадта многа, сапраўдная конкурсаманія, званне лаўрэата становіцца абстрактным. Але пры гэтым ёсць конкурсы, якія сябе паважаюць, яны праводзяцца грунтоўна і нячаста. Конкурс Чайкоўскага – раз у чатыры гады. Шапэна ў Варшаве і Ліста ў Будапешце – раз у пяць гадоў. Гэта аптымальная перыядычнасць, якая дазваляе сфарміраваць вакол іх сваю групу прыхільнікаў. Конкурсаў чакаюць і публіка, і выканаўцы, на іх заяўляюцца моцныя артысты. Гэта буйнейшыя прэстыжныя сусветныя конкурсы, і мінскі – з ліку менавіта такіх, займае ў іх шэрагу годнае месца.

Ірына СВІРКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter