Два таленты — адзін лёс. Сельскі інтэлігент у вольную часіну павінен займацца гаспадаркай.

Гэта аксіёма — інакш у вёсцы нельга. Але ці толькі гэтым? Самабытны мастак, жыхар Карэліцкага раёна Мікалай Панасенка знаходзіць час для самарэалізацыі. Свае думкі і пачуцці ён увасабляе ў карцінах.
Мікалай Аляксандравіч жыве ў вёсцы Баранавічы. Сваё жыццё звязаў са школай. Выкладанне хіміі, фізікі, біялогіі заўсёды спалучаў са сваім захапленнем — мастацтвам.
Яго пейзажы вабяць, зачароўваюць. У некаторых работах аўтар быццам запрашае нас у казку. Гэта — “Папараць-кветка”, “Ля ціхай завадзі”, “Ноч у Тупалах”. Ад карцін зыходзяць цяпло і дабрыня. У работах шмат яркіх фарбаў, гледзячы на якія хочацца марыць аб далёкіх краінах, бязмежным космасе і дзіўных прыгодах.
Мікалай Аляксандравіч пачаў маляваць яшчэ школьнікам. І потым не здрадзіў сваёй дзіцячай мары. У вольны ад работы час мастак браў фарбы, пэндзаль і працаваў, натхнёна перадаючы свае думкі і мары, сваё ўспрыманне свету і родных краявідаў. З яго дапамогай афармляліся інтэр’еры розных устаноў. А яшчэ ён захапляўся радыётэхнікай, фатаграфіяй, разьбой па дрэве, здымаў аматарскае кіно.
Зараз настаўнік на заслужаным адпачынку, але працягвае плённа працаваць як мастак. Выставы яго работ прайшлі ў Карэліцкім і Дзятлаўскім краязнаўчых музеях, у нашай раённай бібліятэцы. Яго карціны ёсць у прыватных калекцыях Беларусі і замежжа.
Яго жонка, Аляксандра Іванаўна, таксама вельмі цікавы чалавек, яна піша вершы. Сям’ю Панасенкаў добра ведаюць на Гродзеншчыне. Гэтыя таленавітыя людзі неаднаразова выходзілі пераможцамі раённых і абласных конкурсаў і фестываляў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter