Два лёсы братоў Гарэцкіх

ЛЁС — дзіўная рэч. Чалавек нешта плануе, вызначае мэты, імкнецца да ажыццяўлення сваіх мар. Але раптам жыццё робіць нечаканы паварот — і ў адно імгненне ўсё тое, што было за гэтым паваротам, перакрэсліваецца аднойчы і назаўсёды. У жыцці двух братоў — Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх — такіх момантаў было шмат. Першы — знакаміты пісьменнік, літаратуразнаўца і фалькларыст, грамадскі дзеяч — рэпрэсіраваны і расстраляны за тыдзень да свайго 45-годдзя. Другі — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якім стаў у 28 год, член ЦВК БССР у 1929—30 гадах — здавалася б, павінен быў падзяліць лёс брата. Але шэраг выпадкаў дазволілі яму вытрываць за кратамі, пазбегнуць расстрэлу і пражыць доўгае, хаця і нялёгкае жыццё. Пра перыпетыі лёсу мы размаўляем з сынам вучонага і пляменнікам пісьменніка, акадэмікам, былым віцэ-прэзідэнтам НАН Беларусі Радзімам ГАРЭЦКІМ.

Гаўрылу ад расстрэлу выратавала рашэнне Сталіна, а Максіму пазбегнуць знішчальнай машыны рэпрэсій не пашчасціла

ЛЁС — дзіўная рэч. Чалавек нешта плануе, вызначае мэты, імкнецца да ажыццяўлення сваіх мар. Але раптам жыццё робіць нечаканы паварот — і ў адно імгненне ўсё тое, што было за гэтым паваротам, перакрэсліваецца аднойчы і назаўсёды. У жыцці двух братоў — Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх — такіх момантаў было шмат. Першы — знакаміты пісьменнік, літаратуразнаўца і фалькларыст, грамадскі дзеяч — рэпрэсіраваны і расстраляны за тыдзень да свайго 45-годдзя. Другі — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якім стаў у 28 год, член ЦВК БССР у 1929—30 гадах — здавалася б, павінен быў падзяліць лёс брата. Але шэраг выпадкаў дазволілі яму вытрываць за кратамі, пазбегнуць расстрэлу і пражыць доўгае, хаця і нялёгкае жыццё. Пра перыпетыі лёсу мы размаўляем з сынам вучонага і пляменнікам пісьменніка, акадэмікам, былым віцэ-прэзідэнтам НАН Беларусі Радзімам ГАРЭЦКІМ.

Сям’я

Так атрымалася, што некаторыя народжаныя ў сям’і Івана і Ефрасінні Гарэцкіх дзеці паміралі: першынец пражыў усяго год, дзяўчынка — і таго менш. Таму ў Максіма, які нарадзіўся чацвёртым, быў усяго адзін старэйшы брат, Іван. З васьмі дзяцей выжылі пяцёра: чатыры хлопцы і адна дзяўчынка. Гаўрыла, ці, як яго звалі, Гурык, быў самым малодшым з хлопцаў. Яго песцілі больш за іншых яшчэ і таму, што ён, калі нарадзіўся, быў самы слабенькі з дзяцей і ўвесь час плакаў.

Між тым менавіта гэтаму хлопчыку было наканавана доўгае жыццё. Астатнія браты і сястра Ганна пайшлі з жыцця заўчасна, акрамя Парфіра, які пражыў больш за 80 гадоў.

Аднойчы Ганна з Максімам на Вялікдзень жартам варажылі, хто раней памрэ. Выпала дзяўчыне. Яна хаця і смяялася разам з усімі, але было бачна, як ёй непрыемна. Той жарт апынуўся прароцтвам: Ганна загінула ў дваццацігадовым узросце. Яна толькі паступіла ў Заатэхнічны інстытут у Маскве і везла перадачу арыштаванаму напярэдадні Гаўрылу. Праехала свой прыпынак, выскачыла на наступным, нехта яе штурхануў, яна не ўтрымалася і апынулася пад коламі трамвая. Дзяўчыне пашкодзіла косткі таза і страўнік. Памірала яна доўга, некалькі дзён, пакутвала жудасна. Увесь гэты час з ёю быў Гаўрыла, якога нават адпусцілі з турмы «пад распіску».

Адукацыя

Бацькі ў Гарэцкіх былі неадукаваныя. Бацька працаваў на пана, далёка ад роднай вёскі, таму бываў дома наездамі. Маці займалася гаспадаркай. Яна ведала шмат песень, паданняў, сказаў, і вечарамі дзеці зачаравана слухалі іх. Наогул, як казаў Максім Гарэцкі, маці стала для іх першай і галоўнай настаўніцай роднай мовы.

Нягледзячы на непісьменнасць бацькоў, усе дзеці ў сям’і атрымалі сярэднюю адукацыю. Максім скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, якое з цягам часу ператварылася ва ўсім нам добра вядомую Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

— Пасля ранення, у час Першай сусветнай вайны, скончыў Паўлаўскае ваеннае вучылішча ў Петраградзе і зноў пайшоў на фронт, на гэты раз у званні прапаршчыка. Але пасля захварэў на востры гастрыт і быў звольнены з арміі, — расказвае Радзім Гаўрылавіч. — Гаўрыла таксама пачынаў з каморніцка-агранамічнага вучылішча ў Горках. Далей была Пятроўская сельскагаспадарчая акадэмія ў Маскве. Вярнуўшыся ў Беларусь, ён стаў загадчыкам кафедры эканомікі сельскай гаспадаркі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, надрукаваў шмат манаграфій і артыкулаў. А ў хуткім часе стаў акадэмікам толькі што створанай Беларускай акадэміі навук.

Рэпрэсіі

Гарэцкіх паглынула ўжо першая хваля сталінскіх рэпрэсій. Абодвух братоў «узялі» амаль адначасова, па сфабрыкаванай справе так званага саюза вызвалення Беларусі. Толькі ў акадэміі навук было арыштавана больш за 30 чалавек, а таксама беларускія пісьменнікі, паэты, літаратуразнаўцы. Дарэчы, гэта былі не першыя «палітычныя справы» Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх. Яшчэ ў пачатку 20-х гадоў Гаўрылу арыштавалі ў Маскве па абвінавачанні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і збіраліся выслаць за мяжу. Невядома, як бы склаўся яго лёс у гэтым выпадку, але справа замарудзілася — з-за гібелі сястры Ганны. А пасля і наогул «лягла на паліцу», паколькі доказаў антырэвалюцыйнай дзейнасці так і не знайшлі.

Максім у гэты час выкладаў беларускую мову на настаўніцкіх курсах у Вільні і рэдагаваў газеты «Наша думка» і «Беларускія ведамасці». Польскія ўлады арыштавалі яго, а пасля выслалі ў Літву, адкуль ён перабраўся ў Беларусь.

Падобным шляхам пайшлі і савецкія ўлады ў пачатку 30-х гадоў — Максіма на пяць гадоў саслалі ў Вятку. Адбыўшы тэрмін ссылкі, пісьменнік перабраўся бліжэй да радзімы — на Смаленшчыну, дзе ўладкаваўся настаўнікам рускай мовы.

А вось Гаўрылу прыгаварылі да расстрэлу. Жонку Лару звольнілі з працы як члена сям’і «ворага народа», і яна засталася з двума малымі сынамі. Амаль усе знаёмыя адвярнуліся тады ад яе. Вось як піша пра тыя часы Радзім Гарэцкі ў сваёй кнізе «Браты Гарэцкія»: «Многія знаёмыя, нават тыя, якія раней стараліся з імі пасябраваць, цяпер не заўважалі ці пазбягалі. Іншы раз, убачыўшы яе, пераходзілі на другі бок вуліцы. Баяліся. Знаёмства з сям’ёй «ворага народа» было небяспечнае... Без працы, без грошай, без падтрымкі многіх былых сяброў. Іншы раз проста не хацелася жыць. Але жыць трэба… Карміць сям’ю, малых дзетак. Аднак не ўсе пакінулі яе. Дапамагалі Янка Купала і Уладзіслава Францаўна, Якуб Колас і Марыя Дзмітрыеўна».

Выратаванне

А далей здарыўся цуд. Вышэйшую меру замянілі на 10 гадоў на Салаўках. Ёсць меркаванне, што прозвішча маладога таленавітага вучонага выкрэсліў з расстрэльнага спісу сам Сталін — за яго заступілася кіраўніцтва Беларусі, канкрэтна старшыня Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР Аляксандр Чарвякоў і старшыня Савета Народных Камісараў БССР Мікалай Галадзед. Дарэчы, абодва ў 1937—1938 гадах скончылі жыццё самагубствам. Першы — пасля рэзкай крытыкі кіраўніцтва СССР «за недастатковую працу па знішчэнні ворагаў народа», другі — у час допыту пасля арышту.

У 1937-м НКУС зноў узяўся за былых вязняў і на гэты раз з яшчэ большай жорсткасцю.

У гэты час Гаўрыла, чакаючы смяротнага пакарання, даведзены да адчаю катаваннямі, з турмы папрасіў жонку перадаць лязо брытвы, каб перарэзаць вены. Не вытрымліваючы здзекаў і болю, многія арыштанты ў тыя часы канчалі жыццё самагубствам.

Жонка плакала, але разумела, што гэта можа быць адзіным выйсцем, вызваленнем ад бясконцых пакут. І выканала гэтую просьбу. На шчасце, Гаўрыла здолеў перамагчы сябе. Жонцы ён напісаў: «Сёння абяцаю Табе, мая Ларута, што ў часіну самае лютае нядолі, калі трэба было б перастаць жыць, я ніколі не скончу самагубствам, я буду жыць для Цябе, для дзяцей, для радасці, хоць праз вузенькую шчылінку бачыць Вас, ведаць, што Вы ёсць на свеце, які ўжо праз адно гэта шчаслівы для мяне, які не варта самахоць пакідаць ніколі».

Потым Гаўрылу будзе яшчэ адзін смяротны прысуд і яшчэ адно, такое ж нечаканае, выратаванне. А вось Максіму так не пашчасціла.  У лістападзе 1937 года Максіма арыштавалі, а праз тры месяцы расстралялі. Рэабілітуюць знакамітага беларускага пісьменніка толькі ў 1959 годзе.

Радзім Гаўрылавіч не можа памятаць свайго дзядзьку, бо быў паўтарагадовым дзіцём, калі таго не стала. Але бацька шмат расказваў сынам пра яго, як пра клапатлівага брата, лепшага сябра і галоўнага настаўніка, і ў сям’і беражліва захоўваецца памяць пра Максіма Гарэцкага.

Гаўрыла ж, як «вораг народа», адбываў пакаранне ў лагеры на Салаўках, на будаўніцтве Беламорска- Балтыйскага канала. Там жа ён трапіў у інжынерна-геалагічную экспедыцыю і «захварэў» на геалогію. Самастойна авалодаў гэтай навукай і з цягам часу стаў буйным спецыялістам у гэтай сферы. Спецыялізаваўся на будаўніцтве шматлікіх гідратэхнічных збудаванняў на Каме, Волзе, Доне, Дняпры. І заўсёды за ім пераязджала і яго сям’я.

— Пакуль я скончыў дзесяць класаў, прыйшлося змяніць 12 школ! — узгадвае сваё дзяцінства Радзім Гаўрылавіч.

Аднойчы бацька вырашыў узяць малодшага сына ў экспедыцыю, і гэта так паўплывала на юнака, што ён вырашыў стаць геолагам.

Бацька Радзіма Гаўрылавіча заўсёды імкнуўся вярнуцца на радзіму, у Беларусь, і прыносіць ёй карысць, удзельнічаючы ў геалагічных вышуках. «Шчасцем здаецца даследаванне роднай зямлі», — казаў ён. Гаўрыла Гарэцкі задоўга да адкрыцця адпаведных радовішчаў сцвярджаў, што ў нетрах Беларусі ёсць нафта, солі, вугаль, жалеза. Аднак яго ссылка працягвалася амаль трыццаць гадоў. Якуб Колас не аднойчы хадайнічаў аб вяртанні Гаўрылы на радзіму, але ўлады не паслухалі нават вялікага народнага паэта. Рэабілітавалі Гарэцкага ў 1958 годзе, а аднавілі ў званні акадэміка толькі ў 1965-м.

Памяць

Але жорсткі лёс працягваў пераследаваць сям’ю. Дачасна абарвалася жыццё не толькі Ганначкі і Максіма, але і ягонага сына Леаніда. Лёня ў званні малодшага лейтэнанта загінуў на фронце 18 лютага 1944 года. Яму ішоў 22-і год.

«Учора прыйшло страшнае паведамленьне: «Лёня загінуў…» О, гора, гора, неадступнае гора, — не пакідаеш ты род Гарэцкіх. Які бязлітасны лёс... І згубленае жыцьцё, такое прыгожае, такое здатнае, поўнае такой вялікай імклівасьці, замілаваньня… Лёня быў мне нібы сынам... Трагічны, катастрафічны лёс сям’і... Німа ні апраўданьня сьмерці, ні прымірэньня з ёю. Адвечнае «За што?» — напісаў тады ў дзённіку Гаўрыла Гарэцкі.

А вось Максімава дачка Галя, якая зрабіла вельмі многа для захавання і папулярызацыі бацькавых твораў, пражыла амаль 86 гадоў. Але замужам яна не была і дзяцей не мела. Таму з яе смерцю лінія Максіма Гарэцкага абарвалася.

Лёс Гаўрылы Гарэцкага і ў гэтым сэнсе больш шчаслівы, чым Максіма. У яго старэйшага сына Усяслава, доктара педагагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі адукацыі, члена Саюза журналістаў Расіі, былога галоўнага рэдактара часопіса «Начальная школа», які жыў у Маскве і  працаваў на ніве асветы, ёсць дачка і сын, унучка і ўнук. Дачка і ўнук і ў Радзіма Гарэцкага, які жыве ў Мінску і, нягледзячы на 85-гадовы ўзрост, працуе ў Інстытуце прыродакарыстання НАН Беларусі, выдае кнігі і манаграфіі, узначальвае Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх.

…Сёння ў роднай вёсцы Гарэцкіх, Малой Багацькаўцы ў Мсціслаўскім раёне, у іх старой бацькоўскай хаце дзейнічае музей. Звычайная шаляваная хата, пабудаваная яшчэ ў XIX стагоддзі, у якой 120 гадоў таму з’явіўся на свет Максім Гарэцкі, а праз восем год — яго брат Гаўрыла, шмат чаго пабачыла на сваім вяку. Адсюль карані славутага беларускага рода, з якога пайшлі браты Гарэцкія — знакаміты пісьменнік і выдатны вучоны — яркія прадстаўнікі Беларусі. Яны любілі сваю краіну, яе культуру і гісторыю, народ і мову.

Юлія БАЛЬШАКОВА, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости