Два катэджы ад... пяці кароў

ЁСЦЬ на ўскраіне Глыбокага, у раёне Беразвечча, вуліца Скарыны. Яна новая, яшчэ забудоўваецца. Дамы вырастаюць прыгожыя, сучасныя. І сярод іх выдзяляюцца два дабротныя катэджы, што стаяць побач. Адзін поўнасцю гатовы, на другім вядуцца завяршальныя работы. І абодва зладзіў адзін і той жа чалавек. На пытанне: «Што гэта за круты бізнесмен тут разышоўся?» дасведчаныя мясцовыя жыхары смяюцца: — Круцей не бывае: былы калгаснік, сямідзесяцігадовы пенсіянер. КУХЦІНСКІ такі! Можа, чулі? З вёскі Сорыкі... Што пяць кароў гадуе!..

Стаць крутым «бізнесменам» Фёдару Кухцінскаму з вёскі Сорыкі Глыбоцкага раёна дапамагло малако

ЁСЦЬ на ўскраіне Глыбокага, у раёне Беразвечча, вуліца Скарыны. Яна новая, яшчэ забудоўваецца. Дамы вырастаюць прыгожыя, сучасныя. І сярод іх выдзяляюцца два дабротныя катэджы, што стаяць побач. Адзін поўнасцю гатовы, на другім вядуцца завяршальныя работы. І абодва зладзіў адзін і той жа чалавек. На пытанне: «Што гэта за круты бізнесмен тут разышоўся?» дасведчаныя мясцовыя жыхары смяюцца: — Круцей не бывае: былы калгаснік, сямідзесяцігадовы пенсіянер. КУХЦІНСКІ такі! Можа, чулі? З вёскі Сорыкі... Што пяць кароў гадуе!..

ВЁСКА Сорыкі знаходзіцца ад горада за добры дзясятак кіламетраў, як кажуць, неперспектыўная. Хата Франца Кухцінскага падобная да тых, што стаяць на вуліцы. Сам гаспадар двух катэджаў у кашулі нарасхрыст знаходзіўся непадалёк, дзе выпасаліся яго каровы. Падцягнуты, маладжавы, ніяк не скажаш, што чалавек размяняў восьмы дзясятак.

Ён ахвотна расказаў пра сябе і сваю гаспадарку. Выявілася, што Франц Кухцінскі не мясцовы. Прыбіўся ён сюды 45 год таму назад у прымакі з Пастаўскага раёна. Здарылася гэта надта нечакана: запрасіў сябар Леанід, з якім служыў разам, у госці да сябе. Прыехаў на пару дзён, а застаўся назаўсёды, бо сутрэў сваю суджаную Ядвігу.

Кім толькі не быў за гэты час: і пастухом, і абутнікам, і поварам, і слесарам, і токарам, і вадзіцелем, і нават наладчыкам аўтаматычных станкоў на заводзе ў Віцебску. Але заўсёды недзе глыбока ў душы ўсе гэтыя гады ў яго жыла мара: займець сваю вялікую падсобную гаспадарку. Але ўсё не было магчымасці. Вось толькі ўдалося, як пайшоў на пенсію.

Гаспадарка Франца Альбінавіча даволі вялікая. Адной ворнай зямлі паўтара гектара. А яшчэ выпасы, сенажаць. Акрамя кароў, трымае двух коней, трынаццаць авечак. Аднаго сена трэба назапасіць на зіму тон дваццаць.

— Сена гатовае, у рулонах, тым, хто трымае кароў, прывозяць за невялікую плату з сельгасфіліяла ААТ «Глыбоцкая птушкафабрыка». Але я не хачу браць, — прызнаецца Кухцінскі. — Навошта яно мне? У мяне касілка ёсць, грабілка, тарантас. Сена атрымліваецца духмянае, смачнае, кароўкі падчышчаюць да каліва. Яшчэ мая гаспадыня садзіць пятнаццаць сотак буракоў. Во, і цяпер тона яшчэ недзе ёсць.

— Столькі турбот? Ды ў вашым узросце?! Мо час ужо і адпачыць? — спачуваю.

— Што вы?! Як гэта без працы? — аж занерваваўся Франц Альбінавіч. — Сядзець склаўшы рукі і смерці сваёй чакаць? Не па мне гэта. Раблю і сцішок які яшчэ складу… — дэкламуе ўласны верш. — А наконт узросту, то яшчэ з маладымі магу паспаборнічаць. Хочаце верце, хочаце не, а ў горад на веласіпедзе за паўгадзіны заязджаю!

Забыўся Франц Кухцінскі, калі звяртаўся да дактароў.

— Ды і часу на іх няма, — жартуе. — Я ж яшчэ, як пайшоў на пенсію, паспеў два катэджы ў горадзе пабудаваць. Адзін для дачкі Рэгіны, а другі для ўнучкі Алёны. У мяне часта цікавяцца: «Дзе ты, Кухцінскі, столькі грошай надыбаў?» Спадчыну з Амерыкі ад багатага дзядзькі прыслалі, адказваю. А калі сур’ёзна, то ўсе мае капіталы — з малака. Раней па 30 літраў на базар у Глыбокае амаль штодня вазіў. Там мяне пастаянныя пакупнікі чакалі з посудам на абмен. Цяпер — выгада. Забіраюць малаказборшчыкі прама ад хаты. У дзень здаю, бывае, да 100 літраў. У месяц набягае 6 мільёнаў рублёў і больш. У мяне жывая капейка заўсёды ў кішэні!

У чытача можа скласціся думка: «Ну і прагавіты гэты Кухцінскі. Усё яму мала». Гэта не так. У другі катэдж, які будаваў для ўнучкі, ён пасяліў пагарэльцаў, сям’ю Міхаіла Пачкоўскага з дзецьмі. Плату браць наадрэз адмовіўся. Маўляў, у людзей бяда. Якія яшчэ могуць быць разлікі?!

Зменшыўся ў яго на адну галаву і рагаты статак. Адну карову падараваў дачцэ Рэгіне.

— Без гаспадаркі няможна, — тлумачыць. — Каб не лёталі па свеце, каб «прыбівалася» моладзь да зямлі!

І дочка Рэгіна, і ўнучкі, семнаццацігадовая Алёна і васьмігадовая Надзея, першыя памочніцы ў Франца Кухцінскага. Часта наведваюць яго. А каб ямчэй гэта было рабіць, дзед купіў ім машыну. Таксама за малако.

ПРЫЕХАЛА Рэгіна з дзецьмі і ў гэты дзень. У яе руках быў торт. Прычына важкая. У Франца Альбінавіча надарыўся якраз дзень нараджэння, пра які ён ледзь не забыўся.

А праз колькі хвілін ля хаты Кухцінскага рыпнула тармазамі яшчэ адна машына. З яе выйшаў сам старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат. З’явіўся ён не з пустымі рукамі, а з апаратам для дойкі кароў.

— Хочацца мне аблягчыць працу людзей, якія трымаюць немалую гаспадарку! — падкрэсліў ён, уручаючы каштоўны падарунак.

У гаспадароў ледзь мову не адняло. Яны глядзелі на апарат і вачам сваім не верылі. Старшыня райвыканкама па-свойму расцаніў сітуацыю:

— Прышлю майстроў навучаць, як карыстацца апаратам.

— Не трэба, дзякуй, — змахнула шчаслівую слязу Ядвіга Антонаўна, жонка Франца Кухцінскага. — Я ж трыццаць год кароў на ферме даіла!..

Гэта ўжо трэці апарат, якім прэміруюцца лепшыя падсобныя гаспадаркі раёна. Набыў яго, як і папярэднія, за 7 мільёнаў ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат». Мадэрнізацыя падсобных гаспадарак будзе працягвацца і надалей. Увага да іх, паўсядзённы клопат даюць плён. Летась ад кожнай каровы з падсобных гаспадарак раёна было закуплена 3670 кілаграмаў малака. Гэта лепшы паказчык у Віцебскай вобласці.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

НА ЗДЫМКУ: старшыня Глыбоцкага  райвыканкама Алег МОРХАТ уручае Францу КУХЦІНСКАМУ даільны апарат.

Фота аўтара

P.S. Кали матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома: ААТ “Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат” набыў яшчэ адзін даільны апарат для Васілісы ДАЙЛІДЗЁНАК з аграгарадка “Азярцы”, якая трымае 5 кароў і здала за 2012 год 25 тон малака.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?