В Чашникском районе можно попробовать необычный борщ с клецками

Два ў адным

Незвычайную страву гатуюць удзельнікі народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні «Смак», які працуе на базе Празямлянскага сельскага клуба ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці. Нядаўна «Смак» адзначыў сваё 25-годдзе. За час існавання клуба, паведамляе livingheritage.by, зроблена больш за 80 экспедыцый па вёсках Чашніцкага раёна, арганізавана 77 выстаў кулінарных вырабаў, сабраны матэрыял і зняты фільм «Традыцыйнае рэгіянальнае прыгатаванне клёцак», падрыхтаваны і апублікаваны некалькі зборнікаў рэцэптаў.

Падчас фальклорных экспедыцый удзельнікі клуба не проста адшукалі рэцэпты рэдкіх рэгіянальных страў, але і аднавілі іх і цяпер выкарыстоўваюць на практыцы. Самая знакамітая фішка чашніцкіх гаспадынь — боршч з клёцкамі. Рэцэпт быў запісаны ад жыхаркі вёскі Латыголічы.

Для прыгатавання стравы патрэбны свіныя рэбры, бурак, морква, цыбуліна, некалькі бульбін, мука, любое мяса для начынкі, алей, соль і спецыі. Спачатку варыцца булён з рэбраў. На патэльні абсмажваюцца цыбуля, морква, нарэзаны саломкай бурак, усё гэта тушыцца і адпраўляецца ў булён. Асобна гатуюцца клёцкі: націраецца бульба, адціскаецца, да яе дадаецца мука, замешваецца цеста. Клёцкі начыняюцца мясам, абсмажаным са спецыямі. Варацца клёцкі непасрэдна ў баршчы. Суп падаецца абавязкова са смятанай.

Боршч з клёцкамі лічыцца фірменнай стравай клуба. Удзельнікі аб’яднання актыўна прэзентуюць яго на розных кірмашах, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Чашніцкія гаспадыні прызнаюцца, што кожны раз гатуюць не менш за 10 літраў іх рэгіянальнага баршчу, каб усе жадаючыя маглі яго паспрабаваць. А такіх звычайна бывае нямала.

Сёння ў клубе аматараў беларускай нацыянальнай кухні «Смак» 15 удзельнікаў. У 2002 годзе яму быў нададзены статус «народны».

mila@sb.by

Фото livingheritage.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter