Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы Крыма расказалі пра традыцыі свайго народа па мясцовым тэлебачанні

Душою на роднай зямлі

Трыццаць гадоў грамадскай працы на ніве беларускасці называе кіраўнік алушцінскай суполкі “Сябрына” Віталь Бартохаў… сваім захворваннем. Разумее: за плячыма — афіцыйная праца, ды і сям’я патрабуе ўвагі... Аднак нічога з сабою зрабіць не можа. У сваім лісце, што даслаў у рэдакцыю, піша: “Любімая жонка Ірына ўжо змірылася: падтрымлівае мяне і закрывае вочы на ўсе мае “беларускія паходжанні”. А дачка яго, Алёна, і ўвогуле пачала дапамагаць бацьку ў яго беларускіх справах. Калі спадар Віталь патрапіў восенню ў бальніцу, яна вяла перапіску з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур аб удзеле ў трэцім Фэсце мастацтваў беларусаў свету беларускага мастака-ювеліра з Ялты Пятра Якубука.

“А хто ж тут, у Крыме, яшчэ скажа слова пра беларусаў ды Беларусь?” — разважае Бартохаў. Вось і ўдзельнічае ў імпрэзах, дзе патрэбны яго веды пра звычаі ды абрады народа, дзе можна размаўляць на роднай мове ды спяваць песні Бацькаўшчыны, расказваць пра слаўных яе сыноў, многія з якіх упісалі свае імёны і ў гісторыю Крыма. На Дні яднання народаў Расіі, пісаў спадар Віталь, беларусы Алушты, па традыцыі, аформілі свой кутак, па-беларуску віншавалі жыхароў і гасцей горада-курорта са святам. А ў вялікім зборным канцэрце беларускія песні спявалі Наталля Маркевіч ды Ганна Песенка. Сам жа Віталь у той дзень з сольнай літаратурна-фальклорнай праграмай “Мне сняцца сны аб Беларусі” выступаў у Этнаграфічным музеі Сімферопаля.

Віталь Бартохаў расказвае пра Максіма Багдановіча

Пасля ўдзельнічаў у сёмым Фестывалі моў народаў Расіі, які праходзіў у Ялцінскай гуманітарна-педагагічнай акадэміі. З выкарыстаннем мультымедыйных сродкаў расказваў ён пра мову беларускую. Адметнасць, каларыт дзеі надала гульня акцёраў тэатра-студыі “Імправізацыя”, якім кіруе зямлячка, заслужаная працаўніца культуры Крыма Святлана Краўцова. Завяршыўся ж выступ кампазіцыяй “З глыбінь жыватворных”: прыгожым “вяночкам” беларускіх абрадавых песень.

На пачатку снежня алушцінскія ды ялцінскія беларусы адправілі відэа віншаванне ў Музей М. Багдановіча ў Яраслаўлі з нагоды 25-годдзя яго ўтварэння. А 10 студзеня ў вячэрнім тэлеэфіры выйшла перадача “Ещё”: Віталь Бартохаў разам з старшынёй беларускай суполкі “Радзіма” з Сімферопальскага раёна Вольгай Рудэнкай віншавалі крымчан з Калядамі. На працягу 25 хвілін знаёмілі гледачоў са звычаямі, абрадамі беларусаў. Спадар Віталь выканаў песні “Ішла Каляда, калядуючы”, “Паехала Каляда з канца ў канец”. Завяршылася тэлевіншаванне вершам Рыгора Барадуліна “Божа, паспагадай усім”. “Пра беларускія традыцыі на тэлебачанні мы вось так расказвалі ўпершыню, — піша Віталь Бартохаў. — Лічу, экспромт атрымаўся. Мы справіліся з аднаго дубля. Перадача выйшла ў эфір”. 

На Каляды ж алушцінскія беларусы адзначылі дзень нараджэння суполкі: у тыя святочныя дні амаль 20 гадоў таму яны й аб’ядналіся. “А цяпер працуем над новым праектам, — заінтрыгаваў у канцы пісьма Віталь Бартохаў. — Што атрымаецца — абавязкова даведаецеся!”.

Дарэчы, услед за першым лістом, паводле якога рыхтаваўся да друку артыкул, прыйшоў другі. У ім Віталь Бартохаў пісаў: “Летась супляменнікі на Дні Алушты ў Дзяржаўным Савеце Рэспублікі Крым частавалі ганаровых гасцей беларускімі стравамі, нават калдунамі з сырам. За кухара была сакратарка грамады Тамара Мухай”. Паведаміў і пра тое, што ў час святкавання 25-годдзя этнаграфічнага музея Сімферопаля перадаў у беларускі куток экспазіцыі матулін гладыш, які, пісаў, “частаваў нас малачком, а, пабываўшы ў печы, радаваў і тваражком, з якога матуля рабіла розныя сырныя стравы”. Не абышоўся мінулы год для беларусаў Алушты без адкрыццяў. У конкурсе “Крымская прыгажуня” ўдзельнічала Аліна Франчук, родавыя карані якой з вёскі Васькавічы Слаўгарадскага раёна Магілёўшчыны. У якасці конкурснага печыва дзяўчына згатавала абрадавых жавароначкаў, якіх у Беларусі выпякаюць на свята Саракі. Аліна чытала беларускія вершы, дэфіліравала ў нацыянальным строі, у сюжэтна-харэаграфічнай пастаноўцы прадстаўляла народныя традыцыі. Справілася прыгажуня выдатна! І атрымала тытул “Міс Абаяльнасць”.

Кацярына Мядзведская 

Голас Радзімы № 12 (3564), чацвер, 29 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter