«Душой заўсёды імкнуся да Нарачанскага краю»

НА МIНУЛЫМ тыднi дэлегацыя беларускiх пiсьменнiкаў пабывала на Гомельшчыне. Была тут і паэтка, настаўнiца Грэскай сярэдняй школы Слуцкага раёна Ганна МIКЛАШЭВIЧ. Пры першым знаёмстве жанчына ўразiла сваiм энтузiязмам, шчырасцю, добразычлiвасцю, уменнем радавацца розным дробязям, з якiх, безумоўна, i складаецца наша жыццё. З 2006 года Ганна Мiклашэвiч з’яўляецца членам Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, выпусцiла два зборнiкi вершаў — «Калыханка на дваiх» i «Пялёсткi сняжынак». Яна выхоўвае дваiх дзяцей, а яшчэ ўпэўнена водзiць машыну. Вершы паэткі можна сустрэць на старонках перыядычнага друку. Яны прасякнуты светлым пачуццём да роднага краю, прыроды і людзей, якія жывуць побач. Акрамя сваіх урокаў беларускай мовы i лiтаратуры, Ганна Іванаўна стварыла ў школе лiтаратурнае аб’яднанне «Парасткi», дзякуючы чаму ў настаўнiцы ёсць магчымасць далучаць дзяцей да паэзіі, выхоўваць любоў да роднай спадчыны, сваёй краiны. Чым жыве сёння беларуская паэтка, вясковая настаўнiца Ганна Мiклашэвiч? Якiя ўражаннi засталiся ў яе пасля наведвання Гомельскай вобласцi? Аб гэтым i не толькi яна паведаміла ў размове з уласным карэспандэнтам «БН».

Ад родных мясцін чэрпае натхненне беларуская паэтка Ганна Мiклашэвiч

НА МIНУЛЫМ тыднi дэлегацыя беларускiх пiсьменнiкаў пабывала на Гомельшчыне. Была тут і паэтка, настаўнiца Грэскай сярэдняй школы Слуцкага раёна Ганна МIКЛАШЭВIЧ. Пры першым знаёмстве жанчына ўразiла сваiм энтузiязмам, шчырасцю, добразычлiвасцю, уменнем радавацца розным дробязям, з якiх, безумоўна, i складаецца наша жыццё. З 2006 года Ганна Мiклашэвiч з’яўляецца членам Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, выпусцiла два зборнiкi вершаў — «Калыханка на дваiх» i «Пялёсткi сняжынак». Яна выхоўвае дваiх дзяцей, а яшчэ ўпэўнена водзiць машыну. Вершы паэткі можна сустрэць на старонках перыядычнага друку. Яны прасякнуты светлым пачуццём да роднага краю, прыроды і людзей, якія жывуць побач. Акрамя сваіх урокаў беларускай мовы i лiтаратуры, Ганна Іванаўна стварыла ў школе лiтаратурнае аб’яднанне «Парасткi», дзякуючы чаму ў настаўнiцы ёсць магчымасць далучаць дзяцей да паэзіі, выхоўваць любоў да роднай спадчыны, сваёй краiны. Чым жыве сёння беларуская паэтка, вясковая настаўнiца Ганна Мiклашэвiч? Якiя ўражаннi засталiся ў яе пасля наведвання Гомельскай вобласцi? Аб гэтым i не толькi яна паведаміла ў размове з уласным карэспандэнтам «БН».

— Ганна Iванаўна, спачатку раскажыце крыху пра сябе. Як Вы прыйшлi да вершаванага радка, з чаго пачыналi свой творчы шлях?

— Як гаворыцца, усе мы родам з дзяцiнства. Нарадзiлася я на Мядзельшчыне, дзе непаўторныя краявiды і дзе знаходзiцца самае прыгожае ў свеце возера — Нарач. Потым мы пераехалi з мацi на Случчыну. Пачатковую школу закончыла на Любаншчыне, дзе жылi мае дзядуля i бабуля. Менавiта iх лiчу сваiмi духоўнымi бацькамi. Анастасiя Пятроўна i Вiктар Цiмафеевiч усё жыццё працавалi настаўнiкамi ў Стараюрковiцкай сярэдняй школе. Яны прывілі мне любоў да Беларусi, да роднай мовы, народнай песнi i культуры. Дзядуля i бабуля ўдзельнiчалi ў вясковай самадзейнасцi i заўсёды бралi мяне з сабой на рэпетыцыi i канцэрты. Гэтыя моманты дзяцiнства назаўсёды пакiнулi ў душы самыя светлыя i добрыя ўражаннi.

Першыя спробы пяра былi ў старэйшых класах. Свае вершы пасылала ў газету «Пiянер Беларусi», потым, памятаю, як мяне ад школы адпраўлялi на злёты маладых паэтаў. Але больш сур’ёзна паэзiяй занялася ў студэнцкія гады, калi вучылася на факультэце беларускай фiлалогii i культуры педагагiчнага ўнiверсiтэта iмя Максiма Танка. Тады я з задавальненнем наведвала літаратурнае аб’яднанне «Крокі», кіраўніком якога быў Мікалай Шабовіч. Гэта вельмі адметны і цікавы чалавек, якога студэнты паміж сабой называлі «паляўнічы за талентамі». Ад яго дачакацца пахвалы было амаль што немагчыма. Але вершы, што ўвайшлі ў мой першы зборнік «Калыханка на дваіх», ён адобрыў. Гэта адбылося, калі я была на пятым курсе ўніверсітэта.

— Другі зборнік вершаў выйшаў больш чым праз 10 год? Чаму такі вялікі перапынак? Не было натхнення?

— Справа не ў натхненні. Майму сыну ўжо 21 год, а вось дачка нарадзілася 7 год таму. Хатнія справы, маленькае дзіця займалі шмат часу, а таму неяк зусім было не да вершаў. Думала, што нават больш і не атрымаецца пісаць далей. Але дачка падрасла, і калі вершаў назбіралася дастаткова — тады і выдала свой другі зборнік «Пялёсткі сняжынак». Рыхтую ўжо і трэці, але гэта пакуль што сакрэт.

— Вашы вершы пра што? Якая іх тэматыка?

— Пішу пра ўсё, што адчуваю. Мае вершы пра каханне, пра родны край, пра жыццё… Пішу іх сэрцам, душой. Вершы мне даюць моцы, дапамагаюць жыць, рухацца наперад… Мяне часта запрашаюць выступаць з імі ў школах раёна, у Палацы культуры, у Слуцку. І я ніколі не адказваю. З гэтай нагоды навучылася нават вадзіць машыну. Не залежу ні ад грамадскага транспарту, ні ад старонняй дапамогі. Стараюся не адрывацца і ад пісьменнікаў. Разам з калегамі па цэху пабывала ў Мінскай, Магілеўскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Уражанняў столькі, што хопіць і не на адзін зборнік! Па вяртанні з камандзіровак пра свае вандраванні па краіне расказваю ў школе дзецям, якія слухаюць з захапленнем. З сабою прывожу кнігі, сувеніры, фотаздымкі і новыя вершы.

— Што больш за ўсё запомнілася з апошняй паездкі па Гомельскай вобласці?

— Уражанні самыя добрыя і цёплыя. Па-першае, я ніколі не была ў Гомелі і даўно жадала наведаць гэты прыгожы, зялёны край, які даволі часта бачыла па тэлевізары. Але ж, праўду кажуць, лепш адзін раз пабачыць, чым некалькі разоў пачуць. Мы пабывалі на салодкай фабрыцы «Спартак» і ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Малочныя прадукты», якія паказаліся мне нейкім цудам дасканаласці. Вельмі ўразілі мяне новая абсталяванне, чысціня і вельмі смачная прадукцыя, якую нам давялося паспрабаваць. Прыемна, што нашы беларускія прадпрыемствы знаходзяцца на такім высокім узроўні.

Нікога не пакінуў абыякавым мемарыял “Дзецям — ахвярам вайны” ў населеным пункце Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна. Спадабалася сельскагаспадарчае прадпрыемства «Зара» Мазырскага раёна, дзе ўсё настолькі адпрацавана, што здаецца, лепш зрабіць проста немагчыма. А якія на Гомельшчыне добразычлівыя, шчырыя і гасцінныя людзі!

Дарэчы, шмат цікавага для сябе я адкрыла і ў другіх абласцях Беларусі. Шчыра скажу, што такія вандраванні неабходны пісьменнікам. Адна справа пабачыць гэта ў навінах, іншая справа — упэўніцца ў гэтым самаму. Як у нашай краіне прыгожа — душа радуецца. Пасля гэтых паездак мы расказваем на сустрэчах з насельніцтвам, што ў нас сапраўды ёсць і прыгожыя вёскі, і сучасныя прадпрыемствы, і гаспадаркі, якімі можна ганарыцца. У мяне пасля кожнай паездкі з’яўляюцца свае думкі, уражанні, нараджаюцца новыя вершы. Дзякую кіраўніцтву краіны, якое дало магчымасць нам павандраваць па сваёй роднай Беларусі. Седзячы на адным месцы, не вельмі пішацца. Хочацца новых уражанняў, уздыму, трэба нешта добрае, прыгожае, каб увабраць у сваю душу. Тады і з’яўляюцца новыя вершы…

— А наогул, дзе звычайна чэрпаеце натхненне?

— Кожны год чакаю адпачынку, каб паехаць на сваю малую радзіму — Нарачанскі край, дзе засталася мая радня. Заўсёды душой імкнуся ў гэтыя мясціны, тут я атрымоўваю натхненне, падпітваюся амаль што на ўвесь год. Люблю бываць на Любаншчыне. Наведваю заўсёды магілкі бабулі і дзядулі, у думках размаўляю з імі. Нават не ведаю, адкуль з’яуляюцца новыя радкі. Там мне таксама вельмі лёгка пішацца…

— Як адносяцца да Вашых пісьменніцкіх вандраванняў хатнія? Усё ж такі дома застаецца малое дзіця?

— Я вельмі ўдзячна мужу і маці за тое, што разумеюць і падтрымліваюць мяне. На іх я магу спакойна пакінуць дачушку. Яны радуюцца маім поспехам. У школе таксама мяне падтрымлівае ўвесь калектыў. Калегі адабраюць, што не «закапала» ў вёсцы свой талент, а, наадварот, даказала, што і тут можна жыць, і тварыць, і развівацца… А мне прыемна, што мае вершы некага хвалююць, прыносяць радасць і станоўчыя эмоцыі.

— І на развітанне, што б Вы пажадалі чытачам «Белорусской нивы»?

— Дзяцей я заўсёды заклікаю, каб рухаліся толькі наперад, ні аднаго кроку назад. Тады ўсё абавязкова атрымаецца. Любіце і шануйце сваю родную мову, сваю Беларусь. Не цурайцеся гісторыі свайго краю, сваёй культуры. Наша краіна вельмі прыгожая і непаўторная. Дзякуючы вандраванням, у гэтым я магла ўпэўніцца на ўласныя вочы.

Наталля ВАКУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter