Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Добра вядомы ў Цюмені моладзевы ансамбль беларускай музыкі і песні “Палессе” стварыла Тамара Грыгор’ева, якая родам з Гомельшчыны

Душа цюменьскага “Палесся”

На розных беларускіх імпрэзах цюменьцы часта бачаць і чуюць гэты прыгожы, непаўторны гурт. Многія ведаюць: кіруе “Палессем” Тамара Грыгор’ева (у дзявоцтве Русанава). Па назве гурта й можна меркаваць, што яна — таксама з вялікага палескага “мацерыка” Беларусі. “Вы не памыліліся наконт маёй малой радзімы: я нарадзілася сапраўды на Палессі, на Гомельшчыне, у пасёлку гарадскога тыпу Азарычы, адкуль пазней сям’я пераехала ў горад Калінкавічы, — прызналася мне Тамара Фёдараўна. — Там і жыла, закончыла школу. Мела цягу да музыкі — з ёй і звязала жыццё”.

Удзельнікі ансамбля “Палессе” 

Мама яе, Вольга Кузьмінічна, была ветурачом, а тата, Фёдар Мацвеевіч, вайскоўцам. З дзяцінства Тамара памятае, што ў сям’і гучала музыка, спявалі народныя песні. Сёстры мамы, згадвае, вельмі прыгожа спявалі на тры галасы. Часта збіраліся ў бабулі з дзядулем, і песні было чуваць далёка. Тады суседзі казалі: “Зноў у Старавойтавых спяваюць!”. Асабліва да душы прыйшліся дзяўчыне з Палесся мілагучныя, звонкагалосыя цымбалы. У 1981-м Тамара закончыла выканальніцкі факультэт народнага аддзялення Беларускай дзяржкансерваторыі: па класе цымбалаў. І выйшла на вялікую сцэну — іграла ў Дзяржаўным народным аркестры імя Іосіфа Жыновіча Беларускай дзяржфілармоніі. (Цяпер знакаміты аркестр мае высокі статус: Нацыянальны акадэмічны. — Рэд.). Дагэтуль беларуска падтрымлівае стасункі як з роднымі, так і з аднакурснікамі па кансерваторыі, з роднай філармоніяй. Прачула гаворыць, што Беларусь — гэта яе Бацькаўшчына, любімы край, зямля продкаў, родныя карані. Якія, дарэчы, разам з грунтоўнай музычнай адукацыяй урэшце й прадвызначылі яе творчы лёс.

Больш за 20 гадоў свае таленты — і музычны, і арганізатарскі — беларуска паспяхова рэалізуе ў Цюмені: у Сібір пераехала ў 1994-м па месцы службы мужа-афіцэра. З вайсковым асяродкам, дарэчы, звязана й яе творчая кар’ера, бо ўладкавалася Тамара Фёдараўна працаваць у ваенны аркестр. Там была салісткай, вядучай канцэртных праграм, літаратурна-музычных вечарын. Кіравала вакальна-інструментальнай групай курсантаў і ансамблем бальнага танца — абодва калектывы неўзабаве атрымалі званні лаўрэатаў розных фестываляў і конкурсаў. За тое адзначана была мая субяседніца ганаровымі граматамі, падзякамі кіраўніцтва. Згадвае з удзячнасцю, як сястра мамы, Кацярына Кузьмінічна, дасылала ёй народныя беларускія песні ды заўсёды казала:”Спявай, мая дарагая пляменніца, там, у Сібіры, услаўляй наш беларускі народ і беларускія песні”.

Знакавым стаў для яе год 1998-ы: Тамара Фёдараўна пачала працаваць метадыстам беларускай культуры ў аддзеле славянскіх культур цюменьскага Дома культуры “Нефтяник”. Тады актывісты Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Беларусь” марылі пра “свой” гурт — і яна стварыла вакальны ансамбль беларускай народнай песні “Лянок”, стала яго музычным кіраўніком. А ўжо праз два гады пад кіраўніцтвам Тамары Фёдараўны ансамбль стаў дыпламантам II Міжнароднага фальклорнага фестывалю “Сибирские родники”, у 2001-м заявіўся на званне “Народны самадзейны калектыў”. Паралельна яна займалася й са студэнтамі філфака Цюменьскага дзяржуніверсітэта: знаёміла іх з беларускай песеннай і музычнай культурай.

У 2002-м з адкрыццём пры Палацы нацыянальных культур “Строитель” аддзела беларускай культуры ў Тамары Фёдараўны з’явілася магчымасць распачаць новыя праекты: стварыць моладзевы ансамбль “Палессе” (прыйшлі ў яго студэнты цюменьскіх каледжаў і ВНУ) і танцавальны ансамбль “Пралескі”. Прычым ужо ў 2002-м, праз два месяцы пасля нараджэння, былі ў іх дэбюты.

З самага пачатку кіраўніца цюменьскага “Палесся” імкнулася знайсці-прыўнесці новыя, арыгі­нальныя рыскі нават у вядомыя, брэндавыя творы. Шмат увагі надавалася й развіццю музычных здольнасцяў самадзейных артыстаў. Аснову рэпертуару склалі народныя, эстрадныя песні на беларускай і рускай мовах. У калектыў прыйшлі як здольныя вакалісты, так і музыкі — хто добра грае на гармоніку, скрыпцы, жалейцы, баяне, акардэоне. На тым арганічным, глыбока народным спалучэнні музыкі й спеваў і твораць сапраўднае мастацтва Тамара Грыгор’ева са сваімі выхаванцамі-аднадумцамі. Праграмы ўсе цікавыя, разнастайныя, іх можна лёгка зменьваць у залежнасці ад аўдыторыі. Гурт заўсёды цёпла прымаюць гледачы як у Цюменьскай, так і Омскай, Новасібірскай абласцях. Пастаянна пашыраючы, абнаўляючы рэпертуар, кіраўніца гурта перадае моладзі сваю вялікую любоў да роднай песні. Прычым, гаворыць, усе яе “палешукі” мараць пабываць у Беларусі, яе цудоўным палескім краі. Мараць пабачыць на свае вочы Белавежскую пушчу, пра якую спяваюць, Брэсцкую крэпасць… Хочацца ім паспяваць на “Славянскім базары ў Віцебску” ды ў сталіцы Беларусі, якую яе сябры любяць завочна.   

Ансамбль “Палессе” з народнай артысткай Расіі Надзеяй Бабкінай

Юбілейныя даты — заўсёды яшчэ адзін стымул для творчасці. У 2017-м гурт “Палессе” адзначыў 15-я ўгодкі канцэртам “Люблю цябе, Белая Русь!” — ён з поспехам прайшоў у канцэртнай зале ПНК “Строитель”. Былі на сцэне беларускія народныя танцы, гучалі прыгожыя найгрышы на баяне, гармоніку, цымбалах і, вядома ж, народныя й эстрадныя песні на беларускай і рускай мовах. Рэпертуар кіраўніца гурта збірала клапатліва, пакрысе, прывозіла з розных фестываляў і конкурсаў. Яркія песенныя творы знайшла і ў родным Палессі. Асабліва ж каларытна цяпер гучаць у выкананні “Палесся” беларускія хіты “Калі ласка”, “Лявоніха”, “Купалінка”, “Марыся”, “Чаму ж мне ня пець”.

Чым сёння Тамары Фёдараўне, канцэртмайстру Ігару Катаргіну, салісткам гурта Любові Ушаковай ды Маргарыце Лук’янавай, іншым артыстам можна ганарыцца? Вялікай колькасцю прыхільнікаў іх творчасці — як у Цюмені, так і ў іншых месцах вобласці, рэгіёна, дзе “Палессе” з радасцю й цеплынёй прымаюць: Ніжняя Таўда, Ялутораўск, Вікулава, Казанка, Белазёрск, Ішым, Табольск, Омск, Сургут, Новасібірск, Томск ды Курган. Салісты ж гурта станавіліся лаўрэатамі розных міжнародных, усерасійскіх ды абласных конкурсаў, выступалі таксама ў Беларусі. Дзякуючы вялікаму досведу, працавітасці, натхнёнасці Тамары Фёдараўны, яе ўменню знаходзіць агульную мову з творчымі асобамі гурт “Палессе” дамогся значных поспехаў. Яна пералічвае: неаднаразовы лаўрэат гарадскога фестывалю народнай творчасці “Берёзка”, абласных конкурсаў-фэстаў “Мост дружбы” і “Радуга”, фестывалю этнічнай музыкі “Неба і зямля”, фестывалю народнай культуры “Славянский базар” (гэта ўсё праходзіла ў Цюмені), а таксама Першага фестывалю-конкурсу міжнацыянальных культур “Мост дружбы-2005” (Табольск) і конкурсу “Играй, гармонь!” у Омску. Сама ж кіраўніца ўшанавана дыпломамі, граматамі, падзячнымі лістамі, у тым ліку за подпісамі Пасла Беларусі ў Расіі Васіля Далгалёва (2007), кіраўніка аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ў Цюмені (2006), мэра Цюмені (2005), старшыні камітэта па справах нацыянальнасцяў вобласці (2007-2010), Ганаровага консула Беларусі ў Цюмені Уладзіміра Шуглі ды іншых.

Нам, беларусам Цюмені, заўсёды прыемна слухаць і бачыць “Палессе” на розных імпрэзах у Палацы нацыянальных культур “Строитель”, на Днях беларускай культуры ў вобласці. Гурт, расказала Тамара Фёдараўна, выступае з дабрачыннымі канцэртамі ў рэабілітацыйных цэнтрах, калоніях. Ёсць і канцэрты для ветэранаў вайны і працы, курсантаў мясцовага ваеннага вучылішча, школьнікаў, для студэнтаў каледжаў, ВНУ. А напрыканцы красавіка гурт паўдзельнічаў у Міжнародным конкурсе “Пассионарии культуры” на пляцоўцы Цюменьскага дзяржінстытута культуры. І сёлета “Палессе” збіраецца справіць артыстам новыя касцюмы. Што ж, абавязкова прыйдзем на тыя абноўкі паглядзець!

Наталля Габрусь, г. Цюмень

Голас Радзімы № 21 (3573), чацвер, 7 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter