Душа Садружнасцi

Гомель афiцыйна стаў культурнай сталiцы Беларусi i СНД

Першы дзень вясны горад над Сожам сустрэў у прынцыпова новым статусе — культурнай сталiцы Беларусi i СНД.

Афiцыйная цырымонiя ўручэння сертыфiкатаў абласному цэнтру i па шырокаму прадстаўнiцтву гасцей (акрамя мiнiстраў культуры i iнфармацыi нашай краiны Паўла Латушкi i Алега Праляскоўскага, засведчыць адметную падзею прыбылi ў Гомель кiраўнiкi выканаўчага камiтэта Садружнасцi незалежных дзяржаў, Мiждзяржаў­нага фонду гуманiтарнага супрацоў­нiцтва СНД, прадстаўнiкi дыпламатычных мiсiй замежных краiн), i па размаху праведзеных тут мерапрыемстваў i iх напоўненасцi ператварылася ў сапраўднае свята. Прычым не толькi для работнiкаў, якiя маюць непасрэднае дачыненне да культурна-асветнiцкай дзейнасцi, але i значнай часткi гараджан. Менавiта з гэтай пазiцыi выказванне старшынi Гомельскага гарвыканкама Вiктара Пiлiпца аб тым, што з вясной «гамяльчане становяцца больш культур­нымi», было тут жа пацверджана кан­крэтнымi довадамi, што права насiць ганаровае званне абласны цэнтр займеў зусiм не выпадкова.

— Беручы свой пачатак з далёкага 1142 года, Гомель за мiнулы час дасягнуў адметных вынiкаў у сваiм развiццi, — адзначыў мэр горада. — Гэта сцвярджэнне яскрава пацвярджаюць наступныя лiчбы. У горадзе дзейнiчаюць 67 культустаноў, тут ёсць каля 100 помнiкаў даўнiны, культуры i архiтэктуры, 180 аб’ектаў гiсторыка-культурнай спадчыны знаходзяцца пад аховай дзяржавы як гiсторыка-культурныя каш­тоўнасцi.

Акцыя «Культурная сталiца Беларусi» па iнiцыятыве Мiнiстэрства культуры стартавала ў краiне ў мiнулым годзе, першынцам «сталiчнага статусу» стаў бацька беларускiх гарадоў старажытны Полацк. Сёлета эстафета перада­дзена Гомелю, менавiта тут будуць цэлы год акумулявацца лепшыя культурныя набыткi як самiх гамяльчан, так i «дыяменты» ўсёй беларускай культуры. Толькi афiцыйна, паводле слоў мiнiстра культуры Паўла Латушкi, запланавана правядзенне ў горадзе над Сожам на працягу 2011 года каля 160 значных мерапрыемстваў.

— Жыхарам культурнай сталiцы можна толькi пазайздросцiць, — зазначыў Павел Латушка. – Гэта ўнiкальны шанц убачыць лепшыя творчыя сiлы нашай краiны, а таксама запрасiць да сябе ў госцi вядомыя калектывы з прастораў СНД...

Як падкрэслiў выканаўчы дырэктар Мiждзяржаўнага фонду гуманiтарнага супрацоўнiцтва Армен Смбатян, у год, аб’яўлены Годам гiсторыка-культурнай спадчыны СНД, калi будзе адзначацца 20-годдзе Садружнасцi Незалежных Дзяржаў, аб цудоўным беларускiм горадзе Гомелi павiнны ведаць не толькi на прасторах суседнiх дзяржаў, але i ў далёкiх краiнах. Гораду над Сожам, на думку прамоўцы, «ёсць што паказаць i чым даказаць свету» сваё ганаровае права культурнай сталiцы.

Меркаванне калегi канкрэтызаваў сустаршыня Савета па гуманiтарнаму супрацоўнiцтву, мiнiстр iнфармацыi Алег Праляскоўскi. Вызначэнне ў якасцi сталiцы садружнасцi Гомеля празрыста сведчыць i аб даверы да Беларусi ў цэлым, i аб высокай ацэнцы мiжнароднай супольнасцю заслуг кiраўнiка беларускай дзяржавы ў справе захавання спадчыны i развiцця нацыянальнай культуры.

Несумненна, працяг такi канструктыўны падыход знойдзе сёлета i ў Гомелi. У тым, што супольныя грандыёзныя планы атрымаюць сваё практычнае пацвярджэнне, пераканала ўдзельнiкаў урачыстасцi i выстава Вiтольда Бялынiцкага-Бiрулi, якая ў рамках мерапрыемства адкрылася ў Гомельскiм палацы Румянцавых—Паскевiчаў. 37 арыгiнальных жывапiсных работ мастака прадстаўлены для шырокага агляду з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублiкi Беларусь. Адметна, што выдатны майстар мальберта, па сутнасцi, асоба «iнтэрнацыянальная»: нарадзiўся ў Беларусi, вучыўся ва Украiне, працаваў у Расii i на беларускай зямлi...

Увогуле ж, старт будучым культурным праектам, можна лiчыць, атрымаўся пераканаўчым. Увечары на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра разам з мясцовымi артыстамi выступалi вядомыя на Беларусi калектывы i выканаўцы, «запалiў» залу сваiм агнiстым выступленнем i ансамбль «Руская душа» з расiйскага горада Ульянаўска. Названы горад праз месяц таксама атрымае сертыфiкат культурнай сталiцы Садружнасцi. Прыезд гасцей i артыстаў з Ульянаўска ў Гомель нельга лiчыць выпадковым: каму ж, як не iм, дзвюм культурным сталiцам, даказваць, наколькi плённымi i карыснымi могуць быць сяброўскiя i творчыя сувязi...

На здымку: сертыфiкат аб прысваеннi Гомелю статуса «Культурная сталiца Садружнасцi 2011 года» ўручае старшынi Гомельскага гарвыканкама Вiктару ПIЛIПЦУ выканаўчы дырэктар Мiждзяржаўнага фонду гуманiтарнага супрацоўнiцтва Армен Смбатян.

Фота: Мiкалай ЖДАНОВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter