Душа «Радзіны»

Стваральніца і душа калектыву — дырэктар сельскага Дома культуры Ніна КЛІМОВІЧ.

Слава пра народны гульнёва-абрадавы гурт “Радзіна” Новінскага СДК Бярэзінскага раёна льецца далёка за межы роднай вёсачкі.

Стваральніца і душа калектыву — дырэктар сельскага Дома культуры Ніна КЛІМОВІЧ.

Побач з ёй танцуюць і спяваюць яе сыны і нявесткі, брат і свацці, пляменнікі і ўнукі, суседзі. Колькі вяскоўцаў дзякуючы ёй дакрануліся да крыніцы народнай творчасці, колькі светлых успамінаў пакідаюць у сэрцах гледчоў народныя песні ў выкананні яе ансамбля! У новінскіх артыстаў шмат заслужаных узнагарод: дыплом за актыўны ўдзел у абласным свяце “Глыбокія крыніцы”, за перамогу ў намінацыі “Лепшая калядная праграма” на раённым свяце “Развітанне з калядой”, дыплом першага Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь — мая песня”...

Аднымі з першых на Бярэзіншчыне новінцы аднавілі святы “Купалле”, “Масленіца”, “Калядкі”, “Кірмаш”, а таксама абрад “Цягнуць Каляду на дуба”. Усё гэта — дзякуючы бязмежнай любові да народнай песні, невычэрпнай энергіі і энтузіязму, у першую чаргу, кіраўніка калектыву. Летась Ніна Клімовіч трапіла ў лік намінантаў прэмій Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў сферы культуры і мастацтва. Высокія адзнакі творчасці новінцаў ніколькі не суцяшаюць і не заспакойваюць вясковых артыстаў, наадварот, толькі спрыяюць таму, каб галасы звінелі гучней і не стамляліся ногі ў скоках.

Алена ГРОМАВА

НА ЗДЫМКУ:   Ніна   КЛІМОВІЧ з самай маленькай удзельніцай народнага гульнёва-абрадавага гурту “Радзіна” — унучкай Янай.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter