Душа Крышылавічаў

Да Начы — цэнтра сельсавета — сем з паловай кіламетраў, да райцэнтра — дваццаць тры. Вось і туляцца малыя Крышылавічы да... Вострава. З вялікай літары, бо вёска так завецца: пад чатырыста жыхароў, цэнтр мясцовай гаспадаркі, калісьці — самае сухое месца. Адсюль, праз два кіламетры, прыходзіць да крышылаўцаў шмат з таго, што патрабуе іх нескладанае жыццё-быццё. Як жывецца “Пятніцы” пры “Рабінзоне”?

Чаму імя маленькай вёсачкі стала назвай гаспадаркі?

Да Начы — цэнтра сельсавета — сем з паловай кіламетраў, да райцэнтра — дваццаць тры. Вось і туляцца малыя Крышылавічы да... Вострава. З вялікай літары, бо вёска так завецца: пад чатырыста жыхароў, цэнтр мясцовай гаспадаркі, калісьці — самае сухое месца. Адсюль, праз два кіламетры, прыходзіць да крышылаўцаў шмат з таго, што патрабуе іх нескладанае жыццё-быццё. Як жывецца “Пятніцы” пры “Рабінзоне”?

...Ніне Васільеўне Чыркун ужо 82-гі пайшоў. Яна з самых старых мясцовых жыхароў. Што ў руках? Лічы, рэліквія! Колішні партрэт з калгаснай Дошкі гонару. Дошкі той, праўда, даўно няма, а гонар за працу — сваю і таварышак — у палявода Ніны Чыркун усе яшчэ жыве. Уласна кажучы, яна і сёння — палявод. Цяпер, праўда, рэкорды ставіць ужо на сваіх сотках. Дарэчы, бабуля толькі што з агарода. А тут — госці нечаканыя. Праз пяць хвілін, мільгануўшы ў акенцы, яна выбегла ў хусцінцы навыхад.

— Зямлю заараў Коля Валін, а так — усё сама, — “прэзентуючы”, гаспадарчым вокам акідвае Васільеўна свой агарод.

Коля, як высвятляецца, — гэта Мікалай Іосіфавіч Чыркун. Ён — былы механізатар (адзін з лепшых!) былога калгаса “Парыжская камуна”. Валя — яго жонка Валянціна Іванаўна. Жывуць яны, як тут прынята казаць, у пары. Таму і конь у гаспадарцы маецца. Акрамя яго, ёсць карова, свінні, куры, індыкі... Яшчэ — каты, сабакі... Філасофія ў Чыркуноў — а прозвішча гэта тут спрадвеку бадай у кожнага — асаблівая. “З тых, хто ў горад паехаў, — палова лайдакоў. А мы рабіць любім. І ў нас усё смачнае, бо сваё”.

— Хто ў пары, у таго карова, а хто не — толькі каза, — аргументуе Валянціна Чыркун і падбівае лічбы: — На дваццаць гаспадарак — чатыры козачкі і чатыры кані.

А жыхароў засталося ўсяго трыццаць тры. Па маштабах Ганцавіцкага раёна, зусім дробязь: тут дзве тысячы насельнікаў на вёсцы — не раскоша.

— Мужчын жвавых няма, каб нам зрабіць штосьці, — сумуе Валянціна Іванаўна. — Канечне, калгас дапамагае... Бывае, сорамна ісці туды, але ідуць! А як інакш? Я ж тут самая маладая ... пенсіянерка, — гэта ўжо са смехам.

Слова Валянціны, канечне, не закон, але да яго прыслухоўваюцца. Бо сама яна і ёсць “закон” у Крышылавічах. У тым сэнсе, што самы бліжэйшы прадстаўнік улады. Дэпутат і стараста ў адной асобе. “Яна — малайчына, глядзіць нас”, — шапнула на развітанне бабуля Ніна. І — у спіну нашай праважатай (каб не чула!): “Пра яе напішыце”.

Ну калі пра яе... Лічы, тут нарадзілася. У горадзе адвучылася. А ў 74-м прыняла бібліятэку. Потым — клуб. Калі клуб стаў Домам сацыяльных паслуг, Валянціна Чыркун — яго дырэктарам. І гэты Дом, грамадскую каштоўнасць, па сёння даглядае, як свой. З дапамогай мужа. Яны і тут “у пары”. Ды яшчэ дачка. На выставах у райцэнтры вышываныя крыжыкам іконы або пейзажы бухгалтара Алены Чыркун цікавяць ужо і ганцавіцкае “замежжа”. А яны сціпла вісяць на сценах грамадскага Дома ў Крышылавічах, якому шмат гадоў служыць яе маці. Тутэйшыя карані ў гэтых вышыванак!

А мастацкаму твору тут ёсць з чаго нарадзіцца. Што да прыгажосці, мясціны ўсім узялі: лесам, вадою...

— Бачыце возера, крыжык “вясковы” стаіць? Сметнік быў, — збівае з лірыкі Валянціна Чыркун. — Цяпер з камунгаса раз у месяц машына прыязджае. Калі — усе ведаюць: на год у Доме сацыяльных паслуг графік вісіць. Дык навошта каму брудзіць?

Яшчэ адна знакавая падзея апошняга    часу — дарогі     перададзены на баланс ДЭУ. І ўжо гэтай зімой замеценыя Крышылавічы “вызвалялі” дарожнікі. Дарэчы, мясцовыя жыхары ведаюць, што запланавана вуліцу прагрэйдзіраваць. І замяніць ліхтары.

Дробязныя “веды” атрымліваюць  ад грамадскай улады. Навіны больш маштабныя — ад інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама, якая наведвае вёску раз у квартал. Крышылаўцы сабрацца не лянуюцца, як і святочна апрануцца. А як жа! Не толькі ў вялікай палітыцы, і ў крышылаўскай разбірацца трэба. Вось, здаецца, зусім нядаўна хат не замыкалі. Ды здарылася “нашэсце” злодзеяў з ліку цыганоў. Тлумачальная работа — сваю, а міліцыя сваю справу зрабілі. За мінулы год ніводнага з крышылаўцаў не абрабавалі.

— На 20 гаспадароў — 17 тэлефонаў. Уяўляеце? А, здаецца, не так даўно толькі адзін і быў — у мяне “на службе”, у клубе, — узгадвае Валянціна Чыркун. — Нават да дзяцей на зіму людзі ехаць не хочуць. Усё ж такі вельмі моцная сацыяльная падтрымка з боку дзяржавы!

...Менавіта з Вострава ды “астраўка” Крышылавічы некалі ўзяла пачатак мясцовая цывілізацыя. Так склалася, што і заход яе адсюль ідзе. А землі ўрадлівыя. Людзі працавітыя. Можа, хто з гараджан адумаецца? “Не веру, што наша вёска памрэ!” — гэта Валянціна Іванаўна ўсё ніяк не здаецца.

Канечне, не памрэ, калі ў яе гонар названа мясцовая гаспадарка — СВК “Крышылавічы”. Ёсць душа  у гэтай палескай вёсачкі. Ва ўсякім разе, так кажуць...

Інеса ПЕТРУСЕВІЧ, “БН”

Ганцавіцкі раён

НА ЗДЫМКАХ: Ніна ЧЫРКУН: тады и сёння; ЧЫРКУНЫ каля Дома сацыяльных паслуг.

Фота аўтара

КАМЕНТАРЫЙ начальніка аддзела ідэалагічнай работы Ганцавіцкага райвыканкама Лідзіі ЗАНЬКІ:

— Пра Ганцаўшчыну можна смела сказаць, што гэта самабытны край, які, нягледзячы на зменлівы час, захаваў свае традыцыі і непаўторны каларыт. Сёння тут пражывае 31 тысяча насельніцтва, з якіх звыш 17 тысяч — вясковыя жыхары. У раёне 36 сельскіх населеных пунктаў, 8 маюць статус аграгарадкоў. І паўсюдна беражліва захоўваюцца і перадаюцца ў спадчыну нашчадкам чысціня і багацці роднай прыроды, традыцыі народных промыслаў і рамёстваў.

У асноўным нашы вёскі вялікія, да тысячы жыхароў і болей, але ёсць і маленькія — да 50 чалавек. Лічу, што жыхары, асабліва ў такіх невялічкіх вёсках, як Крышылавічы, павінны штодня адчуваць клопат аб сабе з боку раённага выканаўчага камітэта, сельвыканкамаў. Медыцынскае, гандлёвае, транспартнае, бытавое абслугоўванне, сувязь, добраўпарадкаванне населеных пунктаў — на пастаянным кантролі мясцовых органаў улады. Але патрэбна, каб дзеці і ўнукі таксама не забывалі малую радзіму, часцей наведвалі сваіх родных і блізкіх.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter