О важности чтения бумажных книг

Думаць, а не лайкаць

Папяровая кніга: перажытак мінулага або спосаб вярнуцца на кругі свае?

Учора крыху паспрачалася з сяброўкай. Пачалося з таго, што пахвалілася сваёй хатняй бібліятэкай. І ўбачыла ў вачах здзіўленне: навошта збіраць у пакоі мноства кніг, калі зручней чытаць праз экран смартфона ці планшэта? «Папяровыя выданні і месца шмат займаюць, і пыл у хаце збіраюць, — зазначыла сяброўка. — Мы ўсю старую бібліятэку бацькоў аддалі сваячцы. Затое знайшлося куды паставіць вялікі тэлевізар». Спытала ў сяброўцы, што зараз чытае, і яна без сораму падкрэсліла: «Нічога не чытаю, только лайкаю». Разам пасмяяліся, а мне падумалася: «Няўжо папяровая кніга становіцца перажыткам мінулага?»

Фото из архива «СБ»

Пазбаўленне цеснай кватэры ад папяровых кніг — заканамерная тэндэнцыя нашага часу. Гаджэты ўсё ж паціху іх выцясняюць. Супакойвае толькі тое, што ўладальнікі хатніх бібліятэк, што перайшлі ў спадчыну ад бацькоў, вялікімі мяхамі выносяць амаль ні разу не адкрытыя тамы не ў прыёмнік макулатуры, а ў мясцовыя бібліятэкі. Напрыклад, сёлета за тры тыдні чытачы аддалі гарадской бібліятэцы больш за тысячу кніг! Усяго ў акцыі прынялі ўдзел 89 чалавек. Дарыльшчыкамі сталі жыхары Брэста. Прыносілі і асобнікі, і цэлыя творы, напрыклад 35 тамоў Агаты Крысці, 10 тамоў Івана Мележа, збор твораў Мікалая Гогаля, нават зборнік па гісторыі Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 года. Дзіўная справа: раней людзі ішлі ў бібліятэку за кнігай, цяпер — каб яе туды аддаць назаўсёды. Аднак радуе тое, што бібліятэчныя фонды папаўняюцца цікавымі і рарытэтнымі выданнямі, якія будуць даваць веды тым, каму гэта сапраўды трэба.

Яшчэ адна тэндэнцыя сёння, кантрасная той, што апісана вышэй: узрастае цікавасць да эксклюзіўных выданняў. Друкаваная кніга становіцца прыкметай статусу, шыкоўным падарункам на любое свята. Нямала сёння і сапраўдных кнігалюбаў, што гатовы дзеля таго, каб пагартаць пажоўклыя старонкі рарытэтнага выдання, пераадольваць кіламетры, патраціць немалыя грошы, каб набыць яго ў сваю калекцыю. Прыемна, што гурманаў друкаванага слова шмат і сярод маладых людзей. Дарэчы, многія з іх распавядаюць пра гэта на сваіх YouTube-каналах, ладзяць кніжныя марафоны, чытаюць мастацкую літаратуру суткамі напралёт.

Выснова напрошваецца сама: увесь час атрымліваць інфармацыю з экрана — справа нудная. І гэта тлумачыцца проста: чытанне папяровага выдання і яго электроннай версіі — гэта зусім розная якасць працы мозгу. А значыць, электронны тэкст не можа замяніць тыя каштоўнасці, якія нясе ў сабе друкаваны.

Мабыць, гэта крыху старамодна, але ўсё ж папяровыя кнігі — вельмі дзейсны спосаб упарадкаваць думкі, унікнуць у сутнасць таго, што хацеў сказаць аўтар, паглыбіцца ў сэнс. Ці трэба працягваць гэты шэраг пераваг друкаванай кнігі стварэннем вобразаў, мілагучным шоргатам старонак? А пра пах толькі што надрукаванай кнігі ўвогуле можна складаць вершы. Дарэчы, менавіта гэты водар прызнаны сусветна вядомымі парфюмерамі адным з лепшых. Яго дадаюць у мноства самых вытанчаных духоў. Цікавая справа: людзі пырскаюць іх на сябе, а сэнс таго, што на тых старонках напісана, спасцігаць не імкнуцца. Магчыма, таму і становяцца больш рэзкімі, катэгарычнымі і абыякавымі? Як быццам не жыццё пражываюць, а проста дакранаюцца да сэнсарнага экрана смартфона.

А ці ёсць у вас хатняя бібліятэка? Раскажыце нам, як вы яе збіралі: куплялі кнігі самастойна або атрымлівалі ў падарунак ці ў спадчыну ад сваякоў? Свае гісторыі падмацуйце фотаздымкамі вашых кніжных паліц. Можа быць, кагосьці яны натхняць на новы карысны занятак.

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter