Быть Божьим человеком - означает иногда делать то, что не хочется, превосходя свои слабости и духовную лень

Духоўныя спаборніцтвы

На гэтым тыдні ў Мінску праходзяць ІІ Еўрапейскія гульні, якія прыцягнулі ўвагу да нашай краіны і павялічылі колькасць тых, хто летам вырашыў адпачыць у Беларусі. Сёння гэта будзе тэма нашых разважанняў — духоўныя спаборніцтвы і адпачынак.

Асабіста я адчуў, што ў Мінску набліжаецца пачатак ІІ Еўрапейскіх гульняў, тады, калі а сёмай гадзіне раніцы ў Чырвоны касцёл прыйшоў мужчына і звярнуўся з нетыповай просьбай. Аказалася, што ён прыехаў з Ірландыі на Гульні судзіць бокс. Незвычайным было не гэта. Як аказалася, у Дубліне, дзе ён жыве, ён мае звычай кожную раніцу прыходзіць у касцёл да каталіцкага святара па благаслаўленне. Такім чынам гэты рэферы пачынае свой дзень і просіць у Бога дапамогі, каб добра выконваць свае абавязкі. У Мінску ён вырашыў не парушаць сваю звычку і таксама прыйшоў па благаслаўленне.

Гэты суддзя з’яўляецца прыкладам паслядоўнасці. Кожны чалавек, які звязаны са спортам, ведае: каб дасягнуць добрых вынікаў у любой дысцыпліне, неабходна рэгулярна прыкладваць намаганні. Нават прыродныя здольнасці не дапамогуць, калі нехта не захоча старацца.

Наша духоўнае жыццё — гэта гісторыя адносін з Богам. Такія мы ўжо людзі, што нам часам не хочацца падтрымліваць гэтыя адносіны, не хочацца быць добрымі, няма жадання маліцца і г. д. Калі мы становімся дарослымі, сталымі людзьмі, то разумеем, што часам карысна рабіць тое, чаго не хочацца. Таму быць добрым чалавекам, быць Божым чалавекам — азначае часам рабіць тое, што не хочацца, пераўзыходзячы свае слабасці і духоўную ляноту. 

Апостал Павел вельмі даўно запісаў: «Ці не ведаеце, што на стадыёне бягуць усе бегуны, але ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб атрымаць яе. Кожны спаборнік вытрымлівае ўсё; толькі тыя — каб атрымаць тленны вянок, а мы — нятленны». Больш за тое, у Евангеллі мы можам прачытаць: «З часоў Яна Хрысціцеля і дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца». Такім чынам, лянівы чалавек, той, хто хоча мець усё і адразу, не зможа здабыць духоўную перамогу, не зможа быць з Богам.

Цяперашні летні перыяд — гэта вялікая спакуса і выпрабаванне. Спакуса быць непаслядоўным. Падчас летняга адпачынку мы не хочам, каб нас турбавалі па пытаннях нашай работы, і гэта нармальна. Аднак няма адпачынку ад Бога, ад адносін з Богам. Мы ж не можам сказаць сваім дзецям, бацькам, тым, каго любім: «Не турбуйце мяне некалькі тыдняў, бо я адпачываю». Нельга быць хрысціянінам па графіку, мы альбо заўсёды вучні Езуса, альбо ніколі.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter