Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Алматы прайшла прэзентацыя кнігі пра тое, як успрымаецца, перакладаецца і чытаецца, асэнсоўваецца творчасць вялікага казахскага пісьменніка Абая Кунанбаева ў замежжы

Духоўных шляхоў яднанне

“Творчасць Абая Кунанбаева ў замежнай рэцэпцыі” — так называецца кніга, што прэзентавалася на круглым стале, прысвечаным беларуска-казахскім літаратурным сувязям. (Слова рэцэпцыя азначае: прыняцце, засваенне. — Рэд.). Удзел у гэтым свяце дружбы прынялі казахскія літаратуразнаўцы, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Казахстане і беларускія госці Міжнароднай кніжнай выставы “Па Вялікім Шаўковым шляху”, што праходзіла ў тыя дні ў Алматы.


“Мы прыехалі ў Алматы, каб распавесці сваім сябрам пра 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, пра ролю і месца першадрукара Францыска Скарыны ў пашырэнні асветніцтва, кніжнай культуры на ўсходнеславянскіх землях, — расказала выканаўчы дырэктар Саюза выдаўцоў і распаў­сюдж­валь­нікаў друку з Мінска Кацярына Чарапок. — Сёлета ў Беларусі — год пад знакам асаблівай увагі да традыцый кніга­друка­вання. І прыемна было бачыць: казахі падрых­таваліся да сустрэчы з намі, паказалі, якую канструк­тыў­ную супольную працу вядуць пісьменнікі Казахстана і Беларусі, якія прыгожыя рысы мае літаратурнае сяброўства нашых краін”.

Што да кнігі пра Абая і асэнсаванне яго творчасці ў свеце, то беларускі раздзел у ёй прадстаўлены грунтоўна. З артыкулам “Абай Кунанбаеў і беларуская літаратура” выступае акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гніламёдаў. Дарэчы, шмат гадоў назад Уладзімір Васільевіч выступаў па гэтай тэме на навуковай канферэнцыі — яшчэ ў Алма-Аце. Цікавым падаецца асабістае ў тэксце вучонага, літаратара: “Абай увайшоў у маю свядомасць разам з раманам Мухтара Ауэзава “Шлях Абая”. Добра помню глухія снежаньскія вечары ў роднай вёсцы, слабае святло газавай лямпы, якую я, вярнуўшыся са школы, падсоўваў бліжэй да кнігі, каб лепей разгледзець яе старонкі, шматколерны свет гэтага экзатычнага, як тады мне падавалася, твора, у якім ідзе яркі і выразны аповед пра казахскую зямлю, яе людзей і норавы і пра гэтага светлага і разумнага чалавека…”.

Беларуская паэтка з Алматы Л. Шашкова і М. Мятліцкі
Фота: Іван Ждановіч

У зборніку змешчаны і артыкулы Мікола Мятліцкага “Палюбіўшы паэта, палюбіш і яго народ” і “Светач народнага духа”. Таксама — невыпадковы зварот да творчасці класіка казахскай літаратуры. Лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі Мікола Мятліцкі пераклаў кнігу Абая “Стэпавы прастор” на беларускую мову. Выдадзены ў 2010 годзе, гэты зборнік займеў шырокі розгалас і ў Беларусі. Былі рэцэнзіі ў друку, гучалі цёплыя словы на прэзентацыі кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

У беларускім раздзеле зборніка “Творчасць Абая ў замежнай рэцэпцыі”  ёсць і тэкст журналіста Алеся Карлюкевіча. Яго расповяды — пра пераклады класіка ў Беларусі, ягоныя  кнігі ў бібліятэках нашай краіны.

Голас Радзімы № 16 (3520), чацвер, 20 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter