Духоўны скарб благаславёнай Друі

Са шматлікіх храмаў у мястэчку на Браслаўшчыне застаўся толькі старажытны касцёлКалі вы верыце ў сілу малітвы, то зразумееце, што кожны кавалачак зямлі ў сучаснай Друі захоўвае памяць пра тыя благаславёныя часы, калі ў межах невялікага паселішча месцілася каля дзесятка храмаў (па некаторых крыніцах, у наваколлі Друі на пачатку ХХ стагоддзя было 13 культавых збудаванняў). І калі пачыналі званіць званы, то пачуць іх звон можна было далёка за Дзвіной, там, дзе вялікую раку ўжо называлі Даўгавай...

Гісторыя не цярпіць “белых плямаў”... Пра былыя часы сёння ў Друі нагадваюць адзіны больш-менш захаваны касцёл святой Тройцы ды мураваныя сцены Дабравешчанскай царквы. А яшчэ вялікі “Барысаў камень” са слядамі надпісу і крыжам, помнік эпіграфікі ХІІ стагоддзя. Гісторыкі, мяркую, запярэчаць і назавуць яшчэ тры-чатыры захаваныя ў наваколлі рэшткі помнікаў мінуўшчыны. Але ж ці магчыма параўнаць некалі квітнеючую Друю з яе сучасным станам? Назваць пасёлак занядбанай вёскай язык не паварочваецца, бо не дазваляе яго багатая гісторыя і зямля, на якой узраслі слынныя сыны сваёй Айчыны. Яшчэ стагоддзе таму ў Друі пражывала ў пяць разоў больш насельнікаў, чым сёння, было тры гарбарныя заводы і выраблялася знакамітая на ўсю Беларусь кафля. Сакрэт матэрыяльнага дабрабыту хаваўся ў шчырай малітве друйскіх вернікаў, якія штодня спяшаліся хто ў сінагогу, хто ў царкву, а хто ў касцёл. Дарэчы, касцёл святой Тройцы лічыцца самым старажытным з захаваных  храмаў на Браслаўшчыне.  
Святар з Латышонкаў 
Айцец Міхаіл Цвячкоўскі — малады ксёндз, які нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і з вёскі Латышонкі, непадалёк адсюль, у Міёрскім раёне. Друйская парафія ўскладае на маладога і вельмі адукаванага пробашча свае самыя шчырыя надзеі і спадзяванні на аднаўленне былога кляштара манахаў бернардзінцаў. Ксёндз Міхаіл належыць да прагрэсіўнага і маладога каталіцкага манаскага ордэна марыянаў, які ў далёкім 1923 годзе аднавіў кляштар у Друі, каб несці на Беларусі Хрыстова слова на роднай мове. І сёння пробашч друйскага касцёла адпраўляе службы выключна па-беларуску. Мясцовае насельніцтва не цураецца цяпла і шчырасці роднага слова. Пра тое, што святару выпала несці сваю душапастырскую дзейнасць амаль на мяжы сваёй Радзімы (касцёл у Друі стаіць на самым беразе Заходняй Дзвіны, на правым беразе — латышскі гарадок Піедруя), айцец Міхаіл гаворыць так: там, дзе ёсць людзі, не адчуваеш памежнасці ці перыферыйнасці, таму што працы хапае. Між іншым, моладзь з Друі з’язджае, бо тут цяжка знайсці працу па густу, а малады святар, наадварот, прыехаў сюды з вялікай ахвотай — такія ўжо яны, айцы марыяне — апантаныя і дасканалыя ў святарскім пакліканні.
Узорам місіянерства для ксяндза Міхаіла стаў яго духоўны настаўнік айцец Антоній  Лось, які служыў у тутэйшых мясцінах 17 гадоў таму, калі Цвячкоўскі быў яшчэ школьнікам.
— Наша сям’я была рэлігійная. І я служыў міністрантам у касцёле, — прыгадвае святар. — Бацькі бралі на сябе такую адказнасць, хаця за веру тады маглі маці звольніць з працы школьнага бібліятэкара. Бацька працаваў газавіком, а пазней вартаўніком у калгасе. Але лёсам было наканавана, каб я стаў святаром.
Айцец Міхаіл вельмі ўзнёсла гаворыць пра сваіх сённяшніх парафіян. Якія яны дружныя і  працавітыя. Разам па першаму закліку сабраліся на добраўпарадкаванне могілак, дапамагаюць адзін аднаму хто чым можа.
Пры касцёле існуе дом сясцёр — служабнічак, іх у Друі пяцёра —  Гэлена, Феліцыя, Валянціна, Эдварда і Алена.
Повязь з росіцкімі пакутнікамі
Гісторыя касцёла цесна звязана з дзейнасцю марыянскіх пакутнікаў благаславёных айцоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, якія нарадзіліся на Беларусі і загінулі ў агні 1943 года разам са сваімі вернікамі ў вёсцы Росіца. Штогод у жніўні з Друі адпраўляецца пілігрымка ў Росіцу. Больш за сотню друйчан праходзіць шлях даўжынёй 80 кіламетраў, каб засведчыць сваю павагу і хвалу мужным росіцкім пакутнікам.
На пачатку 1943 года фашысты, помсцячы мясцоваму насельніцтву за  партызанскую дзейнасць, праводзілі карную аперацыю на тэрыторыі 60 кіламетраў уздоўж Дзвіны.   Жыхароў вёсак зганялі ў касцёлы ці іншыя будынкі, адбіралі моладзь і здаровых дарослых для адпраўкі ў Нямеччыну, а ўсіх астатніх, дзяцей і старых, расстрэльвалі і палілі. Трагедыя не мінула і вёску Росіца Верхнядзвінскага раёна. Святары Антоній і Юрый свядома выбралі лёс, які напаткаў іх паству, хаця карнікі і давалі ім шанс застацца жывымі. Яны не пакінулі людзей, падтрымлівалі, чым маглі, у невыносна цяжкі час і з хрысціянскай годнасцю ахвяравалі сваё жыццё ў імя веры. Росіцкія пакутнікі як ахвяры нацысцкай сістэмы прызнаны благаславёнымі на Беларусі.
— Я ўпэўнены, — расказвае ксёндз Міхаіл Цвячкоўскі, — росіцкая трагедыя дала нам усім урок: калі б святары выбралі жыццё і пакінулі вернікаў адных у цяжкую хвіліну смерці, як гэта ім прапанавалі немцы, магчыма, людзі страцілі б веру. Але пастыр не пакіне сваёй аўчарні. Апошняя сведка росіцкай трагедыі сястра Ядвіга Вяршута памерла ў гэтым годзе і пахавана на друйскіх могілках.
Святло ўнутры
Касцёл святой Тройцы ўзводзілі ў 1643—1646 гадах на грошы тагачаснага ўладальніка Друі  Казіміра Льва Сапегі, падканцлера Вялікага княства Літоўскага. Менавіта ў тыя гады горад атрымаў найбольшы росквіт як цэнтр рамеснікаў і гандляроў. Да пажару 1944 года на хорах яшчэ захоўваўся арган сярэдзіны ХVIII стагоддзя, у касцёле меліся каштоўныя абразы, драўляная скульптура, партрэты К. Сапегі і яго жонкі Барбары Тарнаўскай. Усё гэта загінула, калі ў ліпені 1944 года ў касцёл трапіла авіябомба. Былі тут і званы, якія перажылі шматлікія войны, але іх знішчылі ў савецкія часы. Пасля вайны памяшканне храма выкарыстоўвалі пад тэхнічную вучэльню, а потым пад сховішча...
У гісторыка-дакументальнай хро-ніцы гарадоў і раёнаў Беларусі “Памяць. Браслаўскі раён” адзначаецца, што найбольш цяжкай стратай сярод помнікаў мастацтва трэба лічыць знішчэнне інтэр’ера касцёла ў Друі. Адзіным вядомым творам мастацтва, які захаваўся, з’яўляецца абраз Маці Божай Рымскай у цудоўнай чаканнай шаце з каронамі.  
Калі ўваходзіш у храм, здзіўляешся таму, як ў ім светла ўнутры. Светла незалежна ад пахмурнага надвор’я за сценамі касцёла. Гавораць, што сакрэт святла ў выдатнай архітэктуры і манументальнасці пабудовы. Так, але ёсць у ім яшчэ нераскрытыя для нашага разумення таямніцы, якія свецяцца нязгаслым і моцным святлом. І святло гэта пранізвае чалавека, які звяртаецца да святой Тройцы ў шчырай малітве.
У красавіку гэтага года каля касцёла пахавалі самага старэйшага святара Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі — ксяндза Люцыяна Паўліка, які апошнія гады жыў у вёсцы Задарожжа Глыбоцкага раёна. За 60 год гэта першае пахаванне святара на тэрыторыі касцёла. Аб чым сведчыць надпіс на помніку.
Белы храм углядаецца з высокага берага ў па-восеньску сцюдзёную дзвінскую плынь і застаецца люстэркам бягучага часу. Момант ісціны наступае ў вечным памкненні чалавека зразумець сутнасць хрысціянскай любові.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter