Писатель Георгий Марчук написал свой первый роман «Крик на хуторе» в 27 лет

«Духоўнасць знішчае агрэсію»

Героі з раманаў Георгія Марчука праходзяць шлях ад крайняга эгаізму да чалавекалюбства

У буйным дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура» выходзяць тры раманы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Георгія МАРЧУКА. Яны пра сучасную інтэлігенцыю і яе жыццёвыя варункі. Зразумела, што перш за ўсё з пісьменнікам хацелася пагаварыць пра творы. Але ў грамадстве наспелі яшчэ больш вострыя тэмы — пратэстаў, раз’яднання. Палітычныя і сацыяльныя канфлікты не могуць не хваляваць інжынера душ чалавечых. Тым больш Георгій Васільевіч ярка пра сябе заявіў у 27 гадоў раманам «Крык на хутары», за які атрымаў высокія водгукі ад Васіля Быкава, Адама Мальдзіса, Максіма Танка і іншых вядомых літаратараў. Твор прысвечаны жыццю беларусаў заходніх абласцей, якія знаходзіліся пад уладай буржуазнай Польшчы. А дакладней — пра трагічны лёс сям’і палескага хутаранца Змітра Летуна, які, каб займець кавалак зямлі, аддаў у прыслугі да пана Шыдлоўскага сваю дачку, дзе яна страціла не толькі здароўе, але і дзявочы гонар. Сын Летуна Ігнат пайшоў па шляху рэвалюцыйнай барацьбы з пілсудчынай, Мікіта стане агентам дэфензівы, сектантам, а потым праваслаўным святаром, Юзік пры немцах патрапіць у паліцыю, між тым будзе працаваць на партызан. Так ці інакш, ва ўсіх свая праўда, і ўсе паступаюць згодна са сваім сумленнем.

– Як і кожнага беларуса, мяне турбуе будучыня нашай краіны, сённяшні яе стан, бо многія не чакалі падобнага супрацьстаяння. Прычыны гэтаму могуць быць розныя — напрыклад, эканамічныя ці асабістая крыўда праз тое, што нешта не ўдалося. Паўплывалі на гэта перш за ўсё пэўны недахоп інфармацыі пра гістарычныя падзеі, якія прайшла наша краіна, недастатковае іх асэнсаванне. Я за тое, каб грамадства як мага хутчэй прыйшло да ладу і знайшло дэмакратычныя сродкі, якія прывядуць да ўзаемапаразумення. Мір у сваёй душы лепш, чым бунт. Я за смелыя крокі насустрач, і ўлада многае робіць для гэтага — збірае прапановы па зменах у Канстытуцыю, запрашае да круглых сталоў, каб больш народу ўдзельнічала ў вырашэнні лёсу дзяржавы. Людзі з большым імпэтам пачалі ставіцца да паняццяў «радзіма», «патрыёт», «будучыня», адчуваю зацікаўленасць простага чалавека — інжынера, акцёра, вайскоўца... Варта без рэзкіх змен утрымаць і замацаваць усё лепшае, што зроблена, — з удзелам шырокіх колаў грамадства, неабыякавага да будучыні, выбараў, Усебеларускага сходу і Асноўнага Закону краіны,
— дзеліцца сваімі развагамі Георгій Марчук.

І ён, як грамадзянін і пісьменнік (а кожны творца стараецца запісаць час, яго знакі, атмасферу, людзей, ідэі), у дапамогу гісторыкам, але на мастацкім узроўні адлюструе падзеі нашай сучаснасці ў сваім наступным драматычным рамане. Як заўсёды, героі, праз якіх аўтар выкажа сваю пазіцыю, будуць насіць супрацьлеглыя ідэі і ў канфлікце шукаць ісціну з аднаго і другога боку. Але для таго каб атрымаўся добры твор, мусіць мінуць пэўны тэрмін. Тады на падзеі ўдасца паглядзець з вышыні часу і сур’ёзна падысці да тэмы.

З гэткай жа аналітыкай і філасофіяй жыцця Георгій Марчук падыходзіў да ўсіх сваіх п’ес, казак, афарызмаў… і да новых раманаў, якія закранём падрабязней. «Мокры снег» вучыць берагчы асноўную каштоўнасць — жыццё. Падзеі адбываюцца прыблізна ў 2010-х гадах. Былы акцёр, які цяпер таксуе, зразумеў, што дабро ратуе чалавека. У нечым памыляўся, былі складаныя адносіны з сям’ёй, аднак вымушаныя просьбы да людзей пераканалі — толькі справядлівасць, павага, любоў, патрыятызм, адчуванне нацыянальнай прыналежнасці прыносяць шчасце. У рэшце рэшт у Беларусь вяртаецца яго прыёмны сын, які ў Аўстрыі хацеў заняцца бізнесам, ды патрапіў у сур’ёзную аўтакатастрофу. Каб адкупіцца ад бюргераў, бацька збірае для яго вялікія грошы. Дапамагаюць і пісьменнік, і фермер на Палессі, і філосаф… Малады чалавек, прыехаўшы на радзіму, займаецца тут сваёй асноўнай прафесіяй — ён музыкант. А наша дзяржава забяспечвае спакой, мажлівасць свабодна развівацца і ўлічвае інтарэсы ўсіх сацыяльных слаёў.

– У новым творы «Першыя ландышы» ізноў жа зварот да вечных каштоўнасцей і шлях ад прагі крайняга эгаізму да чалавекалюбства і спачування. Галоўны герой па прафесіі псіхолаг, але крайні індывідуаліст, не хоча жаніцца, толькі па чарзе гуляе з дзяўчатамі. Дзеля ўласнага абагачэння заснаваў прыватную фірму, куды за кансультацыямі звяртаюцца розныя кліенты. Пасля гэтага герой разумее, які складаны бывае лёс, людзі часам ахвяруюць асабістым за грамадскі дабрабыт, праўду, дапамогу іншаму. І ён таксама ўздымаецца над сабой, як патрыёт і асоба, пераглядае сваё 40-гадовае жыццё і вырашае, што існаваць толькі дзеля грашовага абагачэння грахоўна. У фінале вяртаецца псіхолагам у школу-інтэрнат і трымаецца за першае каханне, дапамагае гэтай жанчыне, якая таксама перажыла асабістую трагедыю, перабрацца ў Мінск і знайсці справу па душы. Хутчэй за ўсё, у перспектыве яны будуць разам, — лепіць, нібыта з пластыліну, жыцці сваіх герояў пісьменнік.

Як праваслаўны вернік, ён лічыць, што асобу, нацэленую на духоўнае развіццё, вя­дзе лёс. Інакш чым можна патлумачыць, што свае новыя раманы напісаў пасля цяжкіх хвароб і аперацый на бальнічным ложку за адзін год — 2019-ты. Хіба не дапамога з нябёс? Кажа, што ў героях не блытаўся, бо ў твораў розныя накірункі, хаця ў кожным па 15—20 дзеючых асоб, якія маюць сваю філасофію і стаяць перад выбарам. На іх прыкладзе хацелася даказаць, што ўратуюць свет дабрыня і справядлівасць. 

— Да гэтага часта апісваў правінцыю, а тут — пра горад, розныя сацыяльныя слаі грамадства. У рамане «Цёплы дождж» паказаў выключна творчую інтэлігенцыю, каб абудзіць народную цікавасць да мастацтва. Пяцідзесяцігадовы галоўны герой перажывае моцны духоўны крызіс, губляе інтарэс да сваёй работы як мастака і да жыцця ў цэлым. Адчувае сябе непатрэбным грамадству і расчароўваецца ў сіле гуманістычных ідэй, якія толькі блукаюць у паветры, але не пранікаюць у душы. Жонка і яе брат-кампазітар супрацьстаяць разбурэнню асобы, даказваюць на сваім прыкладзе, што ў раскошы не купаюцца, не ўсё даецца лёгка, тым не менш цяжкасці пераадольныя, і з гэтага ёсць сэнс. Дзякуючы падтрымцы мастак уздымаецца духам, ад дзяржавы атрымлівае званне заслужанага дзеяча. І новыя выпрабаванні яму становяцца па плячы, — цешыцца аўтар.

У пісьменнікаў не бывае заслужанага адпачынку, неўтаймоўны і апантаны Георгій Марчук не можа сядзець без справы. Завяршыўшы адзін твор, бярэцца за іншы. Адных арыгінальных казак у яго 60 — бадай як у Андэрсена. Дзесяцітомная спадчына запатрабавана ў бібліятэках і кнігарнях, творы экранізаваны і вывучаюцца ў школьнай праграме, таму наступнае пытанне акурат у тэму: як прыдумаць сюжэт, каб запаў у галовы і душы чытачоў?

– Складаней за ўсё выбраць змест для казкі, бо ва ўсіх адна эга-ідэя — барацьба дабра і зла, у персанажаў не бывае двайнога дна альбо сумненняў, як правіла — адзін разбурае, а іншы супрацьстаіць. Абарона вялікіх каштоўнасцей чалавецтва, павага і любоў да бліжняга, роднай зямлі, сям’і, прага справядлівасці — на гэтым трымаецца славянская літаратура любых жанраў. Але з адной фантазіі сюжэту не атрымаецца, патрэбны рэчаісныя факты. Напрыклад, у аснову майго першага рамана «Крык на хутары» лёг аповед знаёмага качагара са столінскага Дома культуры. Прыдуманыя дэталі таксама павінны адпавядаць логіцы і гістарычнасці, — расстаўляе кропкі над «i» аўтар.

Надзейней за ўсё апісваць эпоху, якую бачыш на свае вочы, у якой жывеш. Аднак і не такое падуладна творцам. Дакладнасці дзеяў, безумоўна, спрыяе спецыяльная адукацыя. Бо, каб адлюстраваць незнаёмы час, трэба многае пра яго ведаць. У Георгія Марчука тры п’есы пра жыццё Скарыны, і ён некалькі гадоў вывучаў тую атмасферу, падрабязныя факты з жыцця першадрукара. У выніку ў Віцебску атрымаўся добры спектакль «Кракаўскі студэнт». 

— Самым вялікім і значным можа быць толькі нацыянальны пісьменнік. І многае залежыць, як ён прасякнецца традыцыямі, як будзе дыхаць адным дыханнем з родным народам і культурай. Што, напрыклад, я, славянін, буду рабіць у Сахары? Танчыць паўголым і есці кветкі ад кактуса? Люблю Беларусь, была мажлівасць з’ехаць у Маскву, але сказаў жонцы — застаёмся тут, я нацыянальны аўтар. Барані сваё і бяры лепшае ў іншых — бясспрэчны закон, які пакінулі нам у спадчыну славянафілы, — цытуе субяседнік.

У Родным Давыд-Гарадку Георгій Марчук — грамадзянін са званнем ганаровага. З кампазітарамі Алегам Чыркуном і Эдуардам Ханком пра роднае Палессе склаў гімны:

— Раней, помню, мроілася прыехаць на малую радзіму і сцвердзіць, што з нашых мясцін стаў адным з першых пісьменнікаў, пасля мяне ў айчыннай літаратуры замацаваліся Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімір Глушакоў, Міхась Шэлехаў. Але з майго — старэйшага пакалення — у родным мястэчку бадай нікога не засталося, тым не менш землякі да мяне ставяцца з павагай і любоўю.

З Георгіем Васільевічам можна размаўляць бясконца, яго досведы глыбока філасофскія:

— Чалавек — гэта космас, дзіця прыроды і неба, у яго столькі пачуццяў, што здольны ахапіць неабсяжнасць. Спасцігае тайну сябе і свету, у чым няма яму роўных. Ды, несумненна, самае важнае для асобы — мець высокую духоўнасць, якую даюць рэлігія, літаратура, мастацтва, сямейныя адносіны, любоў. Сапраўдны чалавек задумваецца, што добрае ён пакінуў на гэтай зямлі пасля сябе. Нездарма з тымі, хто дбае пра адно толькі спажыванне, няма пра што гаварыць. Духоўнасць знішчае і агрэсію, бо вялікая тайна ў тым, што помсціць бессэнсоўна.

Вечны рухавік — мара, якая здабываецца ведамі і працай. Можа, менавіта таму кнігі гэтага пісьменніка ў топе самых запатрабаваных, а экранізаваны раман «Кветкі правінцыі» атрымаў Дзяржаўную прэмію. Як герой з гэтага твора Адась Доля будаваў свой лёс, так і Георгій Марчук вымасціў сабе гладкую дарогу да чытацкіх сэрцаў.

basikirskaya@sb.by

Фота sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter