Духоўнае крэда старшыні

Якім чынам чалавек дасягае істотных вышынь у сваім жыцці? Адказаў на пастаўленае пытанне можна атрымаць вялікае мноства. Што ж тычыцца старшыні праўлення СВК «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна Аляксандра Лапацентава, які вывеў сельгаспрадпрыемства ў лік лепшых не толькі ў раёне, але і на Магілёўшчыне, то нароўні з вытворчым у яго дзейнасці назіраецца і духоўны аспект. Мэтай гэтых замалёвак з’яўляецца ілюстрацыя таго, як кіраўнік вялікага працоўнага калектыву з карысцю для людзей аптымальна сумяшчае жыццёвыя прыярытэты.

Замалёўкі аб тым, як кіраўнік вялікага працоўнага калектыву з карысцю для людзей аптымальна сумяшчае жыццёвыя прыярытэты.

Якім чынам чалавек дасягае істотных вышынь у сваім жыцці? Адказаў на пастаўленае пытанне можна атрымаць вялікае мноства. Што ж тычыцца старшыні праўлення СВК «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна Аляксандра Лапацентава, які вывеў сельгаспрадпрыемства ў лік лепшых не толькі ў раёне, але і на Магілёўшчыне, то нароўні з вытворчым у яго дзейнасці назіраецца і духоўны аспект. Мэтай гэтых замалёвак з’яўляецца ілюстрацыя таго, як кіраўнік вялікага працоўнага калектыву з карысцю для людзей аптымальна сумяшчае жыццёвыя прыярытэты.

Эканамічная стабільнасць

Ушанаванне перадавікоў жніва стала летась своеасаблівым сімвалам «Дажынак». Як канстатаваў старшыня праўлення кааператыва Аляксандр Лапацентаў, жніво поўнасцю завершана, атрыманы рэкордны за ўсю гісторыю існавання сельгасарганізацыі ўраджай – 16,3 тысячы тон збожжа.

Два экіпажы збожжаўборачных агрэгатаў СФ-8080 «Нью Холанд» пераадолелі трохтысячны рубеж па намалотах — менавіта столькі зерня выгрузілі з бункераў камбайнеры Мікалай Дарэчкін і Юрый Зайцаў разам са сваімі памочнікамі Валянцінам Якушавым і Антонам Фурсавым.

— Гонар і слава перадавікам жніва, — адзначыў у прывітальнай прамове кіраўнік гаспадаркі. — Адначасова падзякі і пашаны заслугоўваюць усе земляробы, якія закладвалі падмурак багатаму ўраджаю і актыўна ўдзельнічалі ў яго ўборцы і падпрацоўцы. Паказчык ураджайнасці ў 63 цэнтнера збожжа з гектара — гэта прарыў да новага, сучаснага ўзроўню тэхналагічнасці сельскагаспадарчай вытворчасці.

Аператар машыннага даення кароў Гняздзінскай МТФ СВК «Калгас «Радзіма» Тамара Кудзіна стала пераможцам раённага спаборніцтва, атрымаўшы ад кожнай каровы па 7216 кілаграмаў малака.

У свой час гаспадарка закупіла звыш ста цялушак галштынскай пароды ў адным з племгасаў Ленінградскай вобласці. Нагадаем чытачу, што сярэдні гадавы (лактацыйны) надой малака ад такой каровы пры тлустасці 3,6—3,7 працэнта складае 6000—7000 кілаграмаў, а рэкардысткі могуць даць па 17—19 тон прадукцыі.

А сёння ў базавай гаспадарцы цэнтра рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі», якой з’яўляецца «ЖодзінаАграПлемЭліта», па прыкладзе СВК «Калгас «Радзіма» ствараецца селекцыйна-племянная ферма-нуклеус на 350 кароў з генетычным патэнцыялам 12—15 тон малака ад каровы за год.

СВК «Калгас «Радзіма» з’яўляецца пастаянным спонсарам некаторых грамадскіх арганізацый і сацыяльных праектаў. Для таго, каб аказаць ім фінансавую дапамогу, трэба, вядома ж, максімальна эфектыўна задзейнічаць кожны вытворчы рэсурс.

Грошы не лічыць толькі той, хто іх не мае — гэтая аксіёма і сёння не губляе сваёй актуальнасці. Таму штодзённая выручка ад рэалізацыі прадукцыі тут дасягае ста мільёнаў рублёў.

— Трэба ўлічваць той вельмі важны факт, што мы нарошчваем аб’ёмы рэалізацыі малочнай прадукцыі, — акцэнтуе ўвагу спецыялістаў кіраўнік гаспадаркі. — За мінулы год, напрыклад, у заліковай вазе на перапрацоўку пастаўлена 11082968 кілаграмаў малака, у тым ліку гатункам «экстра» — 8107575.

2975393 кілаграмы малака залічаны вышэйшым і першым гатункамі. Адсюль і эканамічная стабільнасць.

Бацькоўская спадчына

— Ва ўзаемных стасунках і нават пры звычайнай размове з чалавекам, які звяртаецца з якой-небудзь просьбай, у мяне перад вачыма ўзнікаюць вобразы бацькоў, — зазначае Аляксандр Міхайлавіч. — У сям’і нас было дзевяць дзяцей, і выхаванне сумленнасці, павагі да старэйшых і, вядома ж, працавітасці было для нас не пустым гукам, бо найлепшай школай з’яўляўся прыклад таты і мамы.

Жыла сям’я Лапацентавых у вялікай Машчаніцы. Калі слава аб былым калгасе «Радзіма», які ўзначальваў сын, ужо грымела ў раёне, пенсіянер Міхаіл Лапацентаў папрасіў дырэктара мясцовага саўгаса «Каліноўскі», дзе працаваў усё жыццё, выпісаць для курэй сто кілаграмаў зерня.

— Табе, стары, не сорамна турбаваць мяне па такой дробязі?! — абурыўся кіраўнік гаспадаркі. — У цябе ж сын — старшыня калгаса...

Бацька, вядома ж, расказаў аб гэтым выпадку і ад сябе дадаў:

— Не пазайздросціш нашаму дырэктару — далей свайго носа чалавек нічога не бачыць.

З таго часу Аляксандр Міхайлавіч устанавіў для сябе цвёрдае правіла: прадукцыяй, якая ёсць у гаспадарцы, пры неабходнасці трэба дзяліцца з кожнай вясковай сям’ёй, што пражывае на яе тэрыторыі. Ад гэтага выйграваюць людзі, а значыць, і справы, якія яны робяць. Невыпадкова цяпер тутэйшыя працаўнікі вёскі атрымліваюць ад гаспадаркі ў якасці заахвочвання не толькі збожжа, але і прадуктовыя пакеты, і спецыяльныя падарункі да розных святаў. І ветэраны калгаснага ладу, узнімаючыся на святочную сцэну, з гонарам дэманструюць прысутным свае медалі і ордэны, якія заслужылі сумленнай працай.

— Не хлебам адзіным… — удакладняе сваю пазіцыю старшыня. — На першы погляд, напрыклад, падпіска на перыядычныя выданні — справа зусім не сельскагаспадарчага кааператыва. Але ж якім чынам данесці да кожнай калгаснай сям’і, кожнага працаўніка атмасферу прагрэсу ў сельскагаспадарчай вытворчасці, нюансы інтэнсіўных тэхналогій, карэннай перабудовы жывёлагадоўчай галіны і іншае? Вось таму праўленне і выдзяляе сродкі на тое, каб вяскоўцы абавязкова атрымлівалі рэспубліканскую газету «Белорусская нива», абласную — «Зямля і людзі», раёнку. Мы пайшлі і на тое, каб асобныя выданні выпісаць дзясяткам экзэмпляраў на цэнтральную раённую бальніцу: няхай нават хворы чалавек не адчувае сябе на водшыбе, а будзе ў курсе вясковых навін.

Гэта трэба жывым...

Падчас чарговага этапу рэфармавання сельскай гаспадаркі да СВК «Калгас «Радзіма» быў далучаны былы калгас імя Леніна, які раней узначальваў кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі і «Знак Пашаны» Уладзімір Скрыцкі. На наступны дзень пасля аб’яднаўчага сходу Аляксандр Лапацентаў наведаўся на Навасёлкаўскія могілкі, дзе знайшоў спачын яго славуты калега. У свой час Аляксандр Міхайлавіч прымаў самы непасрэдны ўдзел у арганізацыі пахавання кіраўніка суседняй гаспадаркі, тым не менш, знайсці магілу старэйшага сябра аказалася няпростай справай. Нарэшце ён натрапіў  на «травой парослы бугарок». Боль, крыўда і нават адчай запаланілі душу: дык вось як, аказваецца, захоўваецца памяць аб заслужаным чалавеку... На якіх жа прыкладах пасля гэтага можна выхоўваць моладзь? З могілак старшыня адразу ж накіраваўся ў мясцовую Навасёлкаўскую сярэднюю школу, потым — у сельвыканкам. На чарговым праўленні кааператыва было не толькі прынята рашэнне аб добраўпарадкаванні магілы  і ўстаноўцы помніка Уладзіміру Скрыцкаму, але і аб замацаванні на пастаяннай аснове спецыяльных работнікаў па доглядзе грамадзянскіх могілак. Між іншым, СВК «Калгас «Радзіма» пакуль што з’яўляецца, бадай, адзінай гаспадаркай у раёне, якая мае ў штатным раскладзе такіх спецыялістаў.

Жаданы госць

Галоўнае, у чым перакананы Аляксандр Міхайлавіч, — гэта выхаванне духоўнасці ў дзіцяці з самага маленства. Так рабіў ён разам з жонкай Валянцінай Сцяпанаўнай, калі гадавалі сваіх дваіх дзетак, якімі ганарацца. Цяпер жа ўдзельнічаюць і ў выхаванні трох унукаў. Да новага навучальнага года праўленне кааператыва аказвае істотную матэрыяльную дапамогу шматдзетным сем’ям. Кожны малады працаўнік ва ўзросце да 35 гадоў па жаданні можа атрымаць ад гаспадаркі своеасаблівы грашовы крэдыт у памеры 16 мільёнаў рублёў. Калі ён пасля адпрацуе тут не менш пяці гадоў, то вяртаць грошы не трэба.

Дзень святых апосталаў Пятра і Паўла для жыхароў аграгарадка Вішоў, цэнтральнай сядзібы сельгаспрадпрыемства, — адметнае свята: і выхадны, і гасцявы, і малітоўны, бо ў мясцовую Петрапаўлаўскую царкву збіраюцца не толькі тутэйшыя вернікі, але і з навакольных вёсак, з райцэнтра і нават з Магілёва. У СВК «Калгас «Радзіма» усталявалася традыцыя — віншаваць са святам кожную калгасную сям’ю. Прынцып, што выконваць гэтую місію павінен менавіта кіраўнік гаспадаркі, застаецца нязменным. Ён па-ранейшаму ўсюды жаданы госць.

— Увага да кожнага чалавека, гатоўнасць быць разам і ў горы, і ў радасці значаць у жыцці вельмі шмат, — робіць выснову старшыня. — Не пакаранне, а пакаянне ляжыць у аснове працоўнай дысцыпліны.

Нагадаем чытачу, што сама ідэя будаўніцтва храма і ажыццяўленне яе таксама належаць Аляксандру Лапацентаву. Відаць, вышэйшыя сілы блаславілі яго на святую справу і дапамаглі стварыць духоўную інфраструктуру.

На здымках: старшыня праўлення СВК «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна Аляксандр Лапацентаў; тэхнік па штучным асемяненні жывёлы, начальнік комплекса зінаіда лявіцкая забяспечвае стопрацэнтны выхад цялят на замацаваным за ёй Ермалавіцкім малочна-таварным комплексе; развіццё жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі набыло станоўчую дынаміку дзякуючы творчай працы галоўнага заатэхніка Валянціны Лапацентавай.

Васіль ДЗЕРАВЯШКА

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter