Профессор Лемтюгова разъясняет школьникам из Житковичского района значение их фамилий

Дух далекого предка

Вядучая рубрыкi доктар фiлалагiчных навук, прафесар Валянцiна ЛЕМЦЮГОВА сёння завяршае адказ на пытанне вучняў Бранiслаўскага дзiцячага сада — базавай школы (Жыткавiцкi раён), якiх цiкавiць паходжанне прозвiшчаў Шчур, Канапацкi, Кулакевiч, Цупiк, Пупарэвiч, Цырыбка, Празапас, Табайч, Дзяткоўскi.

— Прозвiшча Шчур узыходзiць да iмя дахрысцiянскага перыяду Шчур, Щур, зафiксаванае ў «Словаре древнерусских личных собственных имен» М.М.Тупiкава. У сваю чаргу iмя паходзiць ад старажытнага слова «шчур» — «далёкi продак, дух далёкага продка, якi ахоўвае жытло» («Тлумачальны слоўнiк беларускай мовы»). Бацькi давалi такое iмя свайму дзiцяцi з мэтай абаранiць яго ад злых духаў. З прыняццем хрысцiянства i ўвядзеннем новага iменаслова дахрысцiянскiя iмёны былi выцеснены ў разрад гэтак званых другiх iмёнаў. У гэтай функцыi ў XVII — XVIII стагоддзях яны i ўвайшлi ў склад прозвiшчаў.

Частка дасланых вамi прозвiшчаў паходзiць ад празванняў, звязаных з агульнымi iмёнамi.

Так, прозвiшча Канапацкi паходзiць ад празвання «канапаты» — «вяснушкаваты, васпаваты».

Прозвiшча Кулакевiч паходзiць ад даўняга рускага слова «кулак» — «купец, гандляр, перакупшчык» («Словарь» В.Даля).

Цупiк — празванне па значэннi дыялектнага дзеяслова «цупаць» — «ступаць цяжкаватым, не зусiм пэўным крокам; тупаць» («Словарь» Б.Грынчэнкi).

У аснове прозвiшча Пупарэвiч празванне Пупер. Ва ўкраiнскай мове «пупер» — памяншальная форма да слова «пуп» — «маленькая ўпадзiнка на жываце ў месцы адпадзення пупавiны; пупiк» («Словарь» Б.Грынчэнкi). У пераносным сэнсе «пупер» можа абазначаць «тоўсценькi нiзкарослы чалавек». Нагадаем аднакарэннае ўкраiнскае слова «пупернiк» — «карлiк». Суфiкс —евiч абазначае роднасныя сувязi: Пупарэвiч — нашчадак Пупера.

У беларусаў зафiксаваны роднасныя прозвiшчы Цырыба i Цырыбка (М.В.Бiрыла «Беларуская антрапанiмiя», 1969). Прозвiшча Цырыба паходзiць ад латышскага слова tiriba — «ахайнасць, акуратнасць». У пераносным сэнсе Цырыба — гэта ахайны, акуратны чалавек. Некаторыя змены ў гучаннi прозвiшча ў параўнаннi з яго матывавальным латышскiм словам адбылiся пад уплывам асаблiвасцей беларускага вымаўлення. Ад прозвiшча Цырыба ўтварылася iншае прозвiшча — Цырыбка — шляхам далучэння памяншальна–ласкальнага суфiкса —к(а). У складзе прозвiшчаў памяншальныя суфiксы абазначаюць роднасныя сувязi. У дадзеным выпадку Цырыбка — нашчадак Цырыбы.

Празапас — празванне. Носьбiтам яго быў рускамоўны чалавек. У рускай мове словаспалучэнне «про запас» азначае «на ўсялякi (непрадбачаны) выпадак». У беларускай мове яму адпавядаюць выразы «на запас», «у запас». Такое празванне мог атрымаць чалавек, якi часта ўжываў гэтае слова. Вядомыя i iншыя прыклады, калi празваннi даюцца па такiм жа прынцыпе. Жанчыну, што пераехала з захаду Беларусi на ўсход i чамадан называла валiзкай, празвалi Валiзка. Прыезджы ўкраiнец называў дрэва ёлку па–свойму — «смерека», за што атрымаў празванне Смiрэка.

У беларусаў зафiксаваны два роднасныя прозвiшчы: Таба i Табайч. Паводле М.В.Бiрылы, прозвiшча Таба паходзiць ад цюркскага слова «таба» — «зларадны» («Беларуская антрапанiмiя», 1969). Такое ж слова ў аснове прозвiшча Табайч (Таба ў суфiкс —айч). У спалучэннi з суфiксам Табайч — нашчадак Табы.

Ёсць таксама прозвiшчы, у аснове якiх ляжаць тапонiмы — назвы населеных месцаў.

Так, прозвiшча Дзяткоўскi ўтворана ад назваў беларускiх паселiшчаў Дзеткi (Воранаўскi раён Гродзенскай вобласцi), Дзеткава (Пастаўскi раён Вiцебскай вобласцi), Дзеткаўцы (Браслаўскi раён Вiцебскай вобласцi), Дзеткавiчы (Баранавiцкi i Драгiчынскi раёны Брэсцкай вобласцi). Адно з гэтых паселiшчаў было месцам нараджэння або ўладання першага носьбiта прозвiшча. Паходжанне найменняў можа быць звязана са старажытным бортным промыслам (пчалаводствам). У iх аснове прафесiйнае слова «дзетка», вытворнае ад старабеларускага дзеяслова «дети» — «выдзёўбваць паглыбленне ў бортным дрэве для пчол» («Гiстарычны слоўнiк беларускай мовы»). Дзетка — спецыялiст па развядзеннi дзiкiх бортных пчол.

До новых встреч!

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter