Дударскі фэст

У нашу краіну актыўна вяртаецца адзін з самых старажытных беларускіх інструментаў — дуда. І не без дапамогі “Дударскага фэсту”, фестывалю, які склікае на сустрэчу дудароў з Беларусі, Польшчы, Літвы. З 20 па 22 красавіка ў Мінску зноў збяруцца дудары з усёй Еўропы.

Як расказаў “НГ” адзін з яго арганізатараў Зміцер Сасноўскі, у праграме фестывалю два канцэрты — 20 красавіка ў малой зале КЗ “Мінск” і 22 красавіка ў начным клубе “Стэп”. Будуць гучаць беларускія, галісійскія, шатландскія, шведскія і латышскія дуды, прадстаўлена дударская музыка ўсіх напрамкаў — ад традыцыйнага фальклору і да року з дудамі. Гурт “Стары Ольса” выканае старадаўнія беларускія песні, прадставіць на суд гледачоў музыку, пад якую танцавалі ў Еўропе ў сярэднявеччы. Рок-гурт “Лiтвiнтроль” выступіць з сапраўднай шатландскай дудой. “Келіх кола” прадставіць публіцы беларускі і латгальскі фальклор 30-х гадоў — спалучэнне беларускіх дуд з нямецкім акардэонам. На фестывалі можна будзе пачуць і гранне на дудзе ў аўтэнтычнай беларускай манеры. Сваё майстэрства пакажуць таксама гурты “За парогам”, “Капэля Алеся Лася”, “Кудзьмень”, “Лiцьвiнскi хмель”, “Тэстамент”.
Як зазначыў Зміцер Сасноўскі, асабліва арганізатараў радуе тое, што большасць аматараў дуды — маладыя людзі. “Гэта яшчэ раз пацвярджае, што беларуская моладзь сёння цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, а мы можам паспрыяць адраджэнню беларускіх традыцый”, — сказаў ён.

Матэрыял аб гісторыі ўзнік-нення страдаўняга беларускага музычнага інструмента дуды і яе адраджэнні чытайце ў бліжэйшых нумарах “НГ”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter