Традыцыі ігры на валынцы — або дудзе, як яе называюць у Беларусі, — даўным-даўно існавалі ва ўсёй Усходняй Еўропе

Дуда адчыняе дзверы ў мінулае

У свядомасці большасці еўрапейцаў дуда — брэнд толькі шатландскі. Вобраз брутальнага дзядзькі ў спадніцы з інструментам у руках сёння самая модная турыстычная прынада, папулярнасць якой ужо даўно выйшла далёка за межы туманнага Альбіёна. Культуролагі гатовыя паспрачацца: традыцыі ігры на валынцы — або дудзе, як яе называюць у нас у краіне, — даўным-даўно існавалі ва ўсёй Усходняй Еўропе, а шатландцы некалі проста “прыватызавалі” народную музычную забаву, зрабіўшы з яе выключна ўласны брэнд. Пазмагацца за ўключэнне сваіх традыцый ігры на дудзе ў рэпрэзентатыўны Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў наступным годзе мае рашучы намер Славакія — цяпер краіна актыўна збірае ўсе неабходныя дакументы. Нядаўна славацкія актывісты звярнуліся ў Беларусь па падтрымку, з прапановай падаць сумесную заяўку. Мы не супраць — на дудзе ў нашай краіне гралі спакон веку. Пачуць, як яна гучыць, можна і сёння. Прычым не толькі ў аўдыторыях Універсітэта культуры. Гэты рэпартаж — з унікальнай музычнай аграсядзібы ў Валожынскім раёне.



Інструменты з характарам


Такіх, як Алесь Лось, у народзе называюць чалавек-аркестр. Музыкант-самавук з прафесійнай мастацкай адукацыяй. Этнограф і рэстаўратар. Пастаноўшчык батлеечных спектакляў і гасцінны гаспадар аграсядзібы “Хутар дудара”. А яшчэ адзін з першых у Беларусі “рэаніматараў” старадаўніх народных інструментаў і даследчык дударскіх музычных традыцый.

Зачараваўшыся гучаннем беларускай дуды яшчэ ў канцы 70-х, Лось прысвяціў гэтаму інструменту амаль паўжыцця. Сёння ён не толькі дае музычныя майстар-класы, але і сам вырабляе дуды. Яго першаму інструменту сёлета споўніцца 30 гадоў:

— У тыя гады ўсёй тэхналогіі яшчэ не ведаў, таму на работу пайшло даволі шмат часу. Але калі дуда нарэшце зайграла, гэта было такое шчасце! Цяпер за год вырабляю дзве дуды. Мог бы, напэўна, і больш, але мэта — не проста зрабіць як мага больш інструментаў, я не фабрыка. Для мяне больш важна адкрыць моладзі дзверы ў мінулае, звязаць пакаленні праз народную музыку.

Работы беларускага майстра сёння вандруюць па ўсім свеце. На іх іграюць ва Украіне, Польшчы, Германіі. Адна з дуд работы Лася прапісалася ў тым ліку і ў Бельгіі — у 1993 годзе знакаміты брусэльскі музей музычных інструментаў набыў нашу дуду ў сваю калекцыю. Акрамя дуд, з-пад умелых рук майстра выходзяць мандаліны, басэтлі, ліры, жалейкі, а таксама гудкі — своеасаблівыя прапрадзядулі сучасных скрыпак. Для кожнага інструмента Алесь Уладзіміравіч шукае арыгінальнае рашэнне, таму двух аднолькавых духавых, смычковых або шчыпковых у Лася няма і быць не можа:

— Усе яны розныя. Зусім як людзі — да кожнага патрэбны свой падыход. Бывае, раблю дуду і разумею — зусім не гучыць. Тады нешта мяняю. Усё вырабляецца па індывідуальных заказах, таму важна, каб інструменты падыходзілі будучым уладальнікам.

Асноўны матэрыял для вырабу дуды — карэльская бяроза, якую ў Беларусі называюць “чачоткай”. Мех, як правіла, вырабляюць са шкуры казы:

— Гэта адна з самых папулярных жывёл у нашым фальклоры. Раней дуда лічылася інструментам абрадавым. Кожны год на Каляды ў вёсках прыносілі ў ахвяру казу і рабілі з яе шкуры новую дуду. Потым традыцыі забыліся, і некаторыя музыканты ўсё жыццё ігралі на адным і тым жа інструменце.

Тэхналогіі вырабу Лось вучыўся ў дзядоў-майстроў. Ездзіў па гарадах і вёсках, назапашваў досвед і веды. Алесь Уладзіміравіч усміхаецца:

— Быў у мяне сябар — чырвана­дрэўшчык, унікальны майстар, які не выкарыстоўваў у рабоце ніводнага электрычнага інструмента! У мяне ж у майстэрні маленькая вытворчасць: стужачныя пілы, разнастайныя станкі — толькі і паспявай працаваць.



Дом, дзе дрэва пераўтвараецца ў гук


Яго творчая майстэрня знаходзіцца тут жа, пад самым дахам жылога дома. На хутар Барок Алесь Лось пераехаў у 2009 годзе, хоць зямля была набыта яшчэ ў канцы 1990-х. Раней яна належала сям’і настаўніка Міхаіла Цішкевіча, у госці да якога, пагаворваюць, любіў заходзіць сам Якуб Колас. Месца ідэальнае. Утоенае ад дапытлівых ва­чэй лесам і ракой Яршоўкай з аднаго боку, але сумежнае пры гэтым з цывілізацыяй: траса Мінск—Валожын праходзіць усяго за два кіламетры ад музычнай сядзібы:

— Пра гэты дом марыў усё жыццё. Тут я здабыў свой уласны рай. Шлях да яго быў доўгім: жыў я і ў Польшчы, і ў Германіі, і ў Амерыцы — амаль 10 гадоў правёў за мяжой. Была добрая работа, вялікія грошы, але душа прасілася на радзіму, у Беларусь. Вярнуўся ў Мінск, а праз час пераехаў з шумнага горада сюды, на хутар.

Некалькі гадоў назад Лось заняўся экатурызмам. Зарэгістраваў аграсядзібу “Хутар дудара”, дзе адкрыў музей народных інструментаў. Кожныя выхадныя дом ператвараецца ў дудзячы на розныя лады сярэднявечны салон: вучыцца іграць сюды прыязджаюць не толькі вучні майстра, але і прафесійныя музыканты. Калекцыя Алеся Уладзіміравіча налічвае больш за 50 народных інструментаў. Частка з іх захоўваецца ў Мінску, астатнія тут, на хутары.

Пяць відаў цымбал. А яшчэ віёлы, гудкі, бандуры, некалькі саксафонаў і мандаліны розных тыпаў: напрыклад, партугальская і фларэнтыйская. Усё арыгінальнае, ручной працы. Майстар бярэ ў рукі адну са скрыпак:

— Цяпер такую прыгажосць мала дзе ўбачыш. Тых, хто робіць інструменты сваімі рукамі, нават не дзясяткі. Адзінкі. Хоць раней майстроў было шмат, у людзей было жаданне нешта рабіць сваімі рукамі. А што цяпер? Да мяне прыязджаюць турысты, і ў кожнага ў руцэ па вялізным планшэце — здымаюць, запісваюць відэа з экскурсіі. Я іх прашу, каб прыбралі тэхніку, паглядзелі вачамі. А яны ў адказ: мы, маўляў, лепш запішам, а потым дома паглядзім. Ну і як з гэтым змагацца?..

Падтрымаць цікавасць да беларускіх музычных традыцый і нацыянальнай культуры, упэўнены Алесь Лось, сёння асабліва важна і патрэбна. А таму прапанова славацкіх калег падаць сумесную заяўку на ўключэнне ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА традыцыі ігры на дудзе падаспела вельмі своечасова:

— Дуда ў свой час была самым распаўсюджаным інструментам на нашых землях, без яе не абыходзілася ніводнае народнае свята. Беларускія дудары прадстаўлялі нашу культуру паўсюль, нават у Парыж на сельскагаспадарчую выставу ездзілі. Але потым дуду выключылі са спіса асноўных народных інструментаў і на доўгі час пра выканаўцаў і тэхніку забылі. Цяпер, па вялікім рахунку, не толькі дуды, але ў цэлым народных інструментаў людзі ўжо не ведаюць і не памятаюць. Ды што гаварыць, іграць на іх не ўмеюць нават студэнты музычных каледжаў і ВНУ. Майстроў, як і музыкантаў, становіцца ўсё менш. Спадзяюся, пры дапамозе ЮНЕСКА цікавасць да беларускай дударскай традыцыі праявяць музыкі з усяго свету.

КАМПЕТЭНТНА

Магда Паспішылава, саветнік-міністр пасольства Славацкай Рэспублікі ў Беларусі:


— Як і ў Беларусі, у Славакіі дуда ў свой час была вельмі папулярным інструментам, традыцыі ігры перадаваліся ў сем’ях з пакалення ў пакаленне. Наша краіна ганарыцца сваім музычным мінулым, і нам важна яго захаваць. Прыемна, што беларускі бок падтрымаў рашэнне далучыцца да мультынацыянальнага файла “Культура дуды”. Мы гатовы аказаць усялякае садзеянне ў наладжванні сувязяў паміж артыстамі і майстрамі — усімі тымі, хто ўносіць свой уклад у захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Спадзяюся, наша заяўка пройдзе і ў наступным годзе спіс спадчыны чалавецтва папоўніцца на адзін элемент.

ФАКТЫ

Пакуль адзіным нематэрыяльным элементам беларускай культуры, уключаным у Каталогі ЮНЕСКА, з’яўляецца калядны абрад “Цары”, які праводзіцца ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. У 2009 годзе абрад быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны як маючы патрэбу ў тэрміновай ахове.

Пытанне пра ўключэнне яшчэ аднаго элемента нашай культуры — традыцыйных урачыстасцяў у гонар Будслаўскай іконы Божай Маці (Будслаўскі фэст) — у рэпрэзентатыўны Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны будзе разгледжана на 11-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая пройдзе 28 лістапада — 2 снежня 2016 года ў Адыс-Абебе (Эфіопія).

Юльяна Леановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter