Жители-юмористы, мастерицы на все руки и пять веков истории - чем еще интересны «тройные» деревни под Воложином

Дубіна — гэта так шчымліва

Гiсторыя гэтых мясцiн зачароўвае. Усё невыпадкова, бо гэтым вёскам пад Валожынам больш за пяць стагоддзяў, а дакладна — амаль 525 гадоў. Тры «сястры» — Баярская, Вяршыцкая i Юрздыцкая Дубiны — стаяць побач. Карэспандэнт «Р» выправiлася туды ў падарожжа.

«Вяршыцы, Баяры, Юрздыка, Канчанне… / Назваў так многа, а вёска — адна. / Шосты ўжо век iснуе на планеце / Самабытная, непаўторная Дубiна…»

Гiсторыя пачалася з дуба

З надвор’ем у студзенi адбываюцца дзiвосныя ператварэннi. Зусiм не зiмовая вандроўка атрымалася ў мяне са старшынёй Валожынскага сельвыканкама Вiктарам Комелем у аграгарадок Дубiна. На вулiцы нiбыта восень, а знаёмства адбываецца ў пакуль яшчэ святочна аздобленым Дубiнскiм сельскiм цэнтры культуры, дзе ўнутры стаiць не разабраная яшчэ прыгажуня ёлка. Слова за слова з суразмоўцамi — i разумееш, што на некалькi гадзiн трапляеш у асобны свет, якi крыху нагадвае дзяцiнства.

Марына Чабай, дырэктар Дубiнскага сельскага цэнтра культуры, паказвае падрыхтаваныя да сустрэчы фотаздымкi, усхвалявана расказвае пра родны кут:

— Ёсць звесткi, што яшчэ да 1496 года Дубiна была ўласнасцю мсцiслаўскага князя Iвана Юр’евiча Лiнгвiневiча… Вядома, што ў 1560 годзе тут ужо iснавала праваслаўная царква.

Дарэчы, у сённяшнiм аграгарадку з паважлiвай гiсторыяй — добрая сацыяльная iнфраструктура: два магазiны, пошта, фельчарскi пункт… Ёсць свая Свята-Георгiеўская царква 1868 года — помнiк архiтэктуры псеўдарускага стылю.

Свята-Георгiеўская царква 1868 года — помнiк архiтэктуры псеўдарускага стылю.

— Ну а галоўны скарб наш — гэта жыццярадасныя жыхары. Нацiск у назве вёскi, дарэчы, трэба ставiць на апошнi склад.

Пачынаем паглыбляцца ў падрабязнасцi. Аказваецца, у вёскi ёсць свой гiмн, i гучыць ён так: «У Валожынскiм краi ёсць вёска адна, / Дзе гумар i жарты з цямна да цямна. / Каго нi пытайся, тут скажуць усе: / Вясёлыя людзi жывуць у Дубiне».

Яшчэ цiкавы факт: у пачатку мiнулага стагоддзя ў Дубiне пражывала больш за тысячу чалавек. I па колькасцi насельнiцтва мясцовасць займала 4-е месца пасля Ракава, Iвянца i Валожына. Вiктар Комель узгадвае:

— З дзяцiнства памятаю, як у Валожын на працу штодзень прыязджала некалькi поўных аўтобусаў людзей з Дубiны. I гэта не ўлiчваючы таго, што ў пасёлку быў свой калгас «Зара», дзе таксама працавалi дубiнскiя. I сёння на аграпрадпрыемстве працуе больш за 250 чалавек. Дзецi-школьнiкi зараз вучацца ў Гародзьках, але раней Дубiнская васьмiгодка славiлася на ўвесь раён…

За заслонай мiнулага

У цэнтры Дубiны стаiць помнiк ў гонар 47 воiнаў i партызан, 20 мiрных жыхароў, якiя загiнулi ў Вялiкую Айчыннную вайну.

Не магу абысцi традыцыйнае пытанне пра паходжанне назвы мясцовасцi. Ну, калi Дубiна, значыць, прыходзiць у галаву версiя пра незвычайнага зялёнага волата. I не памыляюся. Даўно вакол непраходнага балота раслi магутныя дубы. На месцы цяперашнiх могiлак быў асобна вялiзны дуб такой велiчынi, што некалькi чалавек, узяўшыся за рукi, не маглi абхапiць яго ствол. Аднойчы над паселiшчам разгулялася навальнiца. Гром быў такi моцны, што дрыжала ўсё наваколле. Маланка трапiла ў дуб, ён прыняў на сябе яе сiлу i ўпаў. А людзi ўзвялi на месцы выратавальнiка царкву, вакол якой знайшлi прытулак. У знак памяцi паселiшча назвалi Дубiна. Кажуць, што прыметнiкi Баярская, Вяршыцкая i Юрздыцкая, хутчэй за ўсё, вытворныя ад характарыстык ды прозвiшчаў людзей, якiя працавалi на гэтай зямлi. Калi «баярскiя» — значыць, заможныя. Ёсць i думка, што тут жылi тэмпераментныя «ваяры», аб чым пiсаў у сваiх працах даследчык Стары Улас.

Пад прозвiшчам Вяршыцкi ўладарыў тут пан, а «юрздыкамi» называлi адасобленыя прадмесцi.  

З назвамi вулiц тут наогул асобная гiсторыя. Выходзiм з дубiнскiмi на вулiцу Гагарына, i я чую iх цiкавы расповед пра тое, што названа яна ў гонар не савецкага касманаўта, а яго цёзак па прозвiшчы — жвавых хлопчыкаў Мiшы i Колi, якiя тут калiсьцi жылi. Вяскоўцы iшлi ў бок iх двара i часта казалi: «пойдзем да Гагарыных». Так i прыжыўся ў Дубiне гэты неафiцыйны адрас.

Адораныя талентамi

Хочацца блiжэй пазнаёмiцца з сучаснымi вяскоўцамi, бо ў клубе падказалi, што яны захапляюцца разнастайнай творчасцю: ад гумарыстычнай (тут ладзiцца раённае свята «Дубiнскiя жартачкi») да рукатворнай. Справа ў тым, што мясцовыя гаспадынi робяць выбiтныя паясы, рушнiкi, пакрывалы на ложкi, займаюцца рамёствамi.

Галіна Сцяпанаўна ПАЛОНСКАЯ дэманструе свае ўзорыстыя посцілкі.

На базе клуба створаны гурт народнага гумару, якi выступае не толькi ў раёне, але i далёка за яго межамi.

— Папулярнымi мы сталi, што нi кажы. Госцi з розных краiн часцяком едуць да нас, i мы ў людзi выходзiм. Калектыў «Дубiнскiя фанабэры» атрымаў статус народнага i часта ўдзельнiчае з арыгiнальнымi гумарыстычнымi мiнiяцюрамi паўсюль. Многiя чулi нашы, дубiнскiя, прымаўкi: «Салому еш — фасон трымай!» i iншыя, — удакладняе Марына Уладзiмiраўна.

На выступленнях вясёлы калектыў можа ўсяго за сем хвiлiн артыс­тычна выканаць замалёўкi. Але бывае так, што фанабэры з Дубiны i на паўтары гадзiны доўжаць свае нумары, бо гледачы папросту не адпускаюць iх са сцэны.

Дырэктар сельскага цэнтра культуры запрашае да ўсмешлiвых пенсiянерак — Марыi Іванчык, Галiны Палонскай i Веры Чабай. Ва ўсiх жанчын такiя шчырыя жывыя вочы, што пра iх ўзрост па пашпарце — каля 80 год кожнай — ну нiяк не здагадацца. Iх унукам, дарэчы, ужо гадоў па трыццаць. А ў Марыi Iосiфаўны мы налiчылi цэлых сем праўнукаў… Размаўляем пра здароўе, быццё i сельскi быт. Дзiўлюся, колькi цудоўных рукатворных рэчаў — посцiлак, паясоў, «кругоў» (ходнiкаў) — ва ўтульнай хаце багатай на нашчадкаў жанчыны.

— Разам з мужам шэсцьдзясят два гады пражылi ў згодзе, — прызнаецца яна.

— Дзiва! Нi разу не пасварылiся? — удакладняю.

— Па-ўсялякаму было, але хутка саступалi адно аднаму, — чую ў адказ.

Жанчыны акрамя сакрэтаў сямейнага шчасця ўзгадваюць асобныя яскравыя моманты клапатлiвага сялянскага жыцця. Яны цяжка працавалi з падлеткавага ўзросту, потым былi ў калгасе даяркамi, а iх мужыкі — трактарыстамi.

Панi «Пчолка»

Тут да пенсiянерак заходзiць яшчэ адна гаваркая жанчына з забаўнай мянушкай i цiкавым прозвiшчам, якое цалкам адпавядае зiмоваму святу. Гэта Тамара Каляда, па адукацыi заатэхнiк-пчаляр, больш за 20 гадоў жыве ў Дубiне. Прыехала сюды з Жодзiна. Працавала ў калгасе, потым — у дзiцячым садку. Сёння жанчына на пенсii, але жыве яскрава, бо вывучае гiсторыю роднага краю i традыцыйную культуру. Тамара Уладзiмiраўна можа гадзiнамi распавядаць пра жыццё вёскi:

— Праводзiм у Дубiне фальклорныя вандроўкi для ўсiх жадаючых. Жыхары дэманструюць абрады, мясцовыя звычаi. Робiм выстаўкi. З цягам часу стварылася цэлае аматарскае аб’яднанне «Бацькаўшчына». Да свят вёскi нераўнадушныя i блiзкiя да нас аграсядзiбы. Запрашаем штогод дзетак i моладзь, ладзiм розныя майстар-класы, бо дзе такiя рэчы на тым асфальце ўбачыш…

Тамара КАЛЯДА каля музея «Хатка настаўніка Васіля Рагеля».

Iдзём да пляцоўкi для правядзення сустрэч аб’яднання. Ёй стала родная хата настаўнiка Васiля Рагеля, якi нарадзiўся тут у 1885 годзе i вучыў дзяцей у Дубiне на беларускай мове... Унук гэтага адукаванага чалавека ў 2005 го­дзе аддаў дзедаву хату пад сельскi музей. «Пчолка» паказвае аўтэнтычны iнтэр’ер сялянскай хаты, драўляную калыску i фатаграфii, уборы мiнулага i сучасных лялек у дубiнскiх строях:

— Дзецi, калi падрастаюць, выкiдаюць лялькi, з якiмi нагулялiся, а вось, глядзiце — мы iх збiраем i даём iм новае жыццё. Вось гэта Барбi — у новым, нефабрычным, фасоне.

Сапраўды кранальныя рэчы… Жанчына не адпускае нас да гарадскога тлуму i чытае вершы пра Дубіну. Гледзячы на душэўных жыхарак Дубiны, хочацца наведаць дзiвосную старонку ў Валожынскiм раёне яшчэ раз. Вясной, калi пацяплее, i ўжо ўсёй сям’ёй.

shimuk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter