Дрыжыкі па твары

Хірург распрацаваў унікальны мабільны трэнажор для рэабілітацыі пацыентаў пасля тваравага паралічу

Часам сустракаю ў метро не зусiм звычайных людзей: глядзіш — чалавек быццам адной часткай твару ўсміхаецца, а другая ў яго нібыта сумуе. Згодна з сусветнай статыстыкай, на параліч твару пакутуюць каля паўтара мільёна чалавек у год. Найчасцей уладальнікі нетыповай знешнасці саромеюцца спецыфічных дэфектаў і атрымоўваюць псіхалагічную траўму. Урач-хірург Рэспубліканскага цэнтра рэканструктыўнай і пластычнай мікрахірургіі і аспірант кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі БелМАПА Халід РУСТАМАЎ распрацоўвае ўнікальную методыку рэабілітацыі паралічу твару з дапамогай мабільнай праграмы. З карэспандэнтам «Р» ён падзяліўся асаблівасцямі ўласнай ініцыятывы і абмеркаваў перспектывы праекта.

Спецыфіка хваробы

Урач-хірург і аспірант Халід РУСТАМАЎ распрацаваў унікальны мабільны трэнажор для рэабілітацыі пацыентаў пасля ўстойлівага тваравага паралічу
Фота Антаніны ХАТЭНКА

У 90% выпадкаў хворы твар праз пэўны час аднаўляецца. Параліч найчасцей не з`яўляецца на роўным месцы. Ён можа праявіцца як пабочны эфект цяжарнасці, менапаўзы, стрэсаў і нават банальнай прастуды. Пасля такіх здарэнняў пацыентамі займаецца неўролаг і выходжвае разнастайнымі таблеткамі, уколамі і кропельніцамі. Лячэнне можа расцягнуцца на некалькі месяцаў.

Пацыенты з устойлівым паралічам твару звычайна дагэтуль перажылі аперацыю па выдаленні пухліны галаўнога мозгу цi нейкiя iншыя пашкоджанні твару. У іх назаўсёды становіцца нерухомай палова твару. Гэткiм пацыентам патрэбны рэканструктыўныя аперацыi. А пасля — прыйдзецца набрацца цярплівасці і сіл надоўга. Перыяд рэабілітацыі даволі працяглы — да некалькiх гадоў.

Пасля хірургічнага ўмяшання людзі з устойлівым паралічам маюць патрэбу ў мімічнай гімнастыцы. Каб падтрымліваць зваротную сувязь з урачамі, яны дасылаюць «пазітыўныя» фотаздымкі, калі якая-небудзь мышца твару варухнулася. Усё гэта займае шмат часу і ў хворых, і ў медыкаў. Халід Рустамаў вырашыў сэканоміць іх час і сілы і ўзяўся за распрацоўку электроннага трэнажора для мімікі:

— Усё, што я расказваю, даволі стэрэатыпнае. Даводзіцца шмат разоў паўтараць адно і тое ж. Ідэя аўтаматызаваць усе гэтыя працэсы і вынайсці такую праграму ў мяне нарадзілася ўжо год таму. Праблема ў тым, што людзі не ведаюць, дзе і якія мышцы на твары распрацоўваць. А гэта каля 15 мышцаў з кожнага боку.

Займаюцца адаптацыяй чалавека з паралічам твару непасрэдна рэабілітолагі. Яны з дня ў дзень тлумачаць пацыентам усё, звязанае з мімічнай гімнастыкай, і дэманструюць практыкаванні перад люстэркам. І гэта аб’ектыўна надакучвае. Ды і з высокакваліфікаванымі рэабілітолагамі ў нас, пагадзіцеся, дэфіцыт. Асабліва ў рэгіёнах. А абслужыць трэба кожнага чалавека.

Кішэнны рэабілітолаг


Сёння існуюць такія сусветныя распрацоўкі, але са сваімі «падводнымі камянямі». Напрыклад, тую ж праблему паралічу твару вырашае шлем віртуальнай рэальнасці, прадстаўлены адным з лонданскіх універсітэтаў. Дзякуючы спецыяльным датчыкам і акулярам дадатковай рэальнасці чалавек бачыць свайго так званага аватара і паралельна робіць мімічную гімнастыку. Аднак такая вынаходка — справа даволі тэхналагічная. А як вынік — непад’ёмна дарагая.

— Усе праграмы па лячэнні паралічу твару падобныя да энцыклапедый, якія ўтрымліваюць безліч звестак пра хваробу. Гэта, як правіла, спасылкі на відэаўрокі ці гіф-анімацыі, — Халід Рустамаў крытычна ацэньвае канкурэнтаў. — Аднак непасрэдна пра мімічную гімнастыку звестак вельмі мала. А калі і ёсць, то яны зусім не інтэрактыўныя. Мы паспрабуем выправіць гэтае ўпушчэнне.

Мабільны дадатак «Міміка» будзе працаваць дзякуючы франтальнай камеры тэлефона, інтэрнэту і эфектам дапоўненай рэальнасці

У першую чаргу распрацоўшчык вырашыў: уласную праграму ён зробіць даступнай. Тэлефон сёння ёсць амаль у кожнага, таму мабільны дапаможнік стаў самым аптымальным вырашэннем — па кішэні сярэднестатыстычнаму чалавеку.

Як будзе працаваць «кішэнны рэабілітолаг»? Вельмі проста. Франтальная камера тэлефона будзе адлюстроўваць выяву пацыента. Непасрэдна праграма ў рэжыме анлайн з дапамогай дапоўненай рэальнасці і своеасаблівых падказак дасць пакрокавыя настаўленні, што рабіць у той ці іншы момант.

Усё гэта нагадвае своеасаблівы курс мімічнай гімнастыкі, складзены са шматразовых штодзённых трэніровак па 15—20 хвілін. Інтэрактыўны дапаможнік дазволіць прайсці такі курс перад франтальнай камерай тэлефона ў хатніх умовах. Няўжо некамфортна?

Пацыенты пазітыўна сустрэлі будучую навінку. Аднак Халід упэўнены, што трэба асаблівую ўвагу звяртаць на ўзроставы цэнз:

— Людзі сярэдняга ўзросту, якім па 30—40 гадоў, кажуць: «Так, мець такую праграму — крута». Аднак у нас ёсць і пацыенты, якім па 60—70 гадоў. Зрабіць тэхналогію даступнай і па максімуме зразумелай — наша асноўная мэта. А з такім інтэнсіўным развіццём тэхналогій мабільны тэлефон хутка будзе ў кожнай бабулькі.

Выбіцца ў лідары


У пачатку лета аспірант паўдзельнічаў са сваім праектам у навуковым хакатоне. Тады ідэя мэтанакіравана зрушылася да ажыццяўлення. Халід Рустамаў сабраў паўнавартасную каманду: тры распрацоўшчыкі з БДУІР, прадукт-менеджар і дызайнер інтэрфейсу.

Крыху пазней згуртаваная каманда па стварэнні электроннага трэнажора для мімікі заняла першае месца ў стартап-батле і атрымала магчымасць выступіць з праектам у Сан-Францыска. Магчыма, гэтая паездка дапаможа знайсці інвестараў і спонсараў. Пакуль у стартапа адзіны фінансавы памочнік — сам ініцыятар.

— Часта прапануюць дапамогу людзі, якія проста зацікавіліся праектам. Гэта маркетолагі, бізнес-аналітыкі… Аднойчы пасля выступлення да мяне падышоў хлопец, які распрацоўвае цацкі, — спрабуе пахваліць аўтар ідэі калег па праекце. — Ён мне нават кантакты пакінуў на ўсялякі выпадак. Таксама нас кансультуе матэматык, які займаецца тэхналогіяй па распазнаванні твару.

Сёння ідэя па распрацоўцы трэнажора для мімікі мае ўсе шансы на поспех: мэта і задачы — пастаўлены, прыблізны бізнес-план і аналітыка — разлічаны, тэхналогія для распазнавання твару — падабрана, а прататып, у сваю чаргу, будуецца. Таксама каманда разлічвае на падтрымку БДУІР і БелМАПА.

— Цяпер нам засталося толькі арганізаваць працэс унутры каманды, наладзіць камунікацыю і працаваць, — шчыра дзеліцца аптымістычнымі планамі Халід Рустамаў. — Канешне, будзем рады бачыць людзей, якія зацікавіліся праектам.

На пытанне, калі можна будзе паўнавартасна карыстацца мабільнай праграмай, распрацоўшчык адказвае жартам: «Хацелася б, каб ужо ўчора». Трэба разумець, што ініцыятыва будуецца на чыстым энтузіязме ў вольны ад працы і вучобы час. А яго застаецца не так шмат.

Стваральнікі электроннага трэнажора для лячэння паралічу твару ўпэўнены: у нас ёсць шанец выбіцца ў лідары на сусветнай прасторы. А для гэтага — недахопы іншых распрацовак ператварыць ва ўласныя плюсы. Трэнажор для мімікі, зроблены ў нашай краіне, у першую чаргу атрымаецца даступным. А значыць, будзе разлічаны на масавага карыстальніка. Ці не гэта павінна стаяць у прыярытэце?

veronulas@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?