Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Зборная каманда Беларусі, у складзе якой былі прадстаўнікі шэрагу будаўнічых арганізацый, згуляла першы міжнародны таварыскі матч з калегамі-суседзямі — зборнай камандай Украіны

Дружбу ўмацоўвае гульня

Футбол, як вядома, бывае не толькі прафесійным, але і аматарскім. Вось і ў маі зборная каманда Беларусі, у складзе якой былі прадстаўнікі шэрагу будаўнічых арганізацый, згуляла першы міжнародны таварыскі матч з калегамі-суседзямі — зборнай камандай Украіны.

Міжнародны таварыскі матч з калегамі-суседзямі згулялі ў Мінску
 
Старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будматэрыялаў Мікалай Бунас адзначыў: асноўны склад каманды — гэта гульцы, якія часта ўдзельнічаюць у галіновых футбольных спаборніцтвах. Мікалай Сцяпанавіч спадзяецца, што матч паспрыяе развіццю аматарскага футбола ды стане пачаткам супрацоўніцтва паміж Украінай і Беларуссю і ў іншых відах спорту.

Генеральным спонсарам турніра, які праходзіў у Беларусі, выступіла кампанія “Белгіпс”. Яе дырэктар Станіслаў Бабіцкі адкрываў спаборніцтвы такімі словамі: “Мы падтрымалі турнір, гатовы і далей садзейнічаць развіццю футбольных спаборніцтваў сярод будаўнічых кампаній”. Ён перакананы, што ў такіх “баях” фармуецца давер адзін да аднаго, выстройваюцца чалавечыя стасункі, а з іх — і дзелавыя адносіны. Футбольны матч паміж зборнымі будаўнікоў Беларусі ды Украіны завяршыўся з лікам 4:4. У канцы ліпеня беларусаў чакаюць у Кіеве — будзе яшчэ адна гульня.

Святлана Шах і Галіна Рамашка — мае калегі з украінскага часопіса ProfBuild. Гэта медыя-партнёр футбольнага турніру і беларускай кампаніі “Белгіпс”. Абедзве — у захапленні ад турніру, ад чарговага наведвання Беларусі: “Мінск уразіў як чысцінёй, прасторнымі вуліцамі, так і цяплом, душэўнасцю, з якімі сустракалі нас, — расказала Святлана Шах, шэф-рэдактар часопіса. — У прыватнасці, у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва намеснік Міністра Аляксандр Сідараў асабіста сустрэў нас, пазнаёміў з калегамі, распавёў пра стан будаўнічай галіны Беларусі, магчымасці нацыянальных вытворцаў будматэрыялаў”. І Галіна Рамашка, галоўны рэдактар выдання, падтрымала калегу, дадае: “Прыемныя ўражанні ад паездкі ўпрыгожыла экскурсія па Мінску, якую правяла экскурсавод Наталля Петухова”.

Такі футбол, безумоўна, дапамагае выбудоўваць сяброўскія стасункі. А калі ў турнірах прымаюць удзел будаўнікі, то гэта — добры знак.

Голас Радзімы № 24 (3528), чацвер, 29 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter