Гаючая крыніца старажытнага Друцка

Друцк: сучасныя катэджы вокнамі на тысячагадовыя курганы

Тысячагадовы Друцк, равеснік беларускіх гарадоў-патрыярхаў Полацка, Турава, Віцебска, Мінска, узнік на адным з адгалінаванняў воднага шляху “з варагаў у грэкі”. У старажытныя часы па неглыбокай Друці, на беразе якой паўстаў горад, і па сушы перацягвалі з Дняпра ў Дзвіну гружаныя таварамі караблі купцоў. 


Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца ў Павучанні Уладзіміра Манамаха, які ўвёў хрысціянства як дзяржаўную рэлігію. У Друцкім Евангеллі адзначана будаўніцтва ў 1001 годзе аднаго з самых старажытных не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Кіеўскай Русі друцкага праваслаўнага сабора Прасвятой Багародзіцы. Праіснаваў храм да Сярэдневякоўя.  

У пачатку ХII стагоддзя Друцк стаў сталіцай удзельнага княства Полацкай зямлі. Горад неаднаразова руйнавалі ворагі, але кожны раз яго аднаўлялі. У пачатку ХIII стагоддзя дасягнуў найбольшага росквіту. Развіваліся рамесніцтва, гандаль, на рыначнай плошчы ладзіліся кірмашы, будаваліся праваслаўныя храмы. Княства перайшло пад уладу смаленскіх князёў, а пазней адышло да Вялікага Княства Літоўскага. Драўляным замкам на крутым беразе Друці, які потым згарэў у міжусобную вайну, валодалі нашчадкі полацкіх князёў Друцкія. З гэтага роду слынная Соф’я Друцкая-Гальшанская. 

У канцы ХVII стагоддзя сакратар германскага пасольства Іаган Георг Корба ў сваім “Дзённіку падарожжа ў Масковію” адзначаў, што Друцк меў 7 міль у акружнасці і славіўся дзвюма сотнямі цудоўных храмаў. У Сярэдневякоўі ён паступова страчвае палітычнае, эканамічнае, ваеннае значэнне і пераўтвараецца ў правінцыяльнае мястэчка. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай адышоў да Расійскай імперыі.

Друцкія сяляне ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя аб’ядналіся ў калгас, пазней рэфарміраваны ў ААТ “Друцк-Агра”.

У ваеннае ліхалецце ў навакольных лясах актыўна дзейнічаў партызанскі рух. Прозвішчы 90 землякоў, якія не вярнуліся з вайны, увекавечаны на абеліску.

Храм Успення Прасвятой Багародзіцы ў 2001 годзе ўпрыгожыў тысячагадовы Друцк, які атрымаў статус аграгарадка.

З аўтатрасы, што звязвае райцэнтры Талачын і Круглае, праглядваюцца друцкія курганы. З літаратурных крыніц вядома пра Друцкае Евангелле ХIV стагоддзя, як і пра станаўленне тут хрысціянства, якое стала афіцыйна прызнанай рэлігіяй Полацкага княства.

Старшыня сельвыканкама Уладзімір МІХНО

Сённяшні Друцк – цэнтр сельгаспрадпрыемства. Сем кіламетраў аддзяляюць яго ад чыгуначнай станцыі. Як толькі выехалі на легкавіку старшыні Талачынскага сельвыканкама Уладзіміра Міхно з райцэнтра на гасцінец, у вочы кінуўся на ўзбочыне мураваны з чырвонай цэглы слуп, а потым другі, за ім трэці. Уладзімір Васільевіч патлумачыў, што гэта верставыя слупы, якімі некалі быў абстаўлены ўвесь кацярынінскі тракт. Навакольныя шляхі-дарогі знаёмыя яму за гады працы інжынерам у меліярацыйнай арганізацыі, а потым намеснікам старшыні райвыканкама. Мінулай восенню ўзначаліў узбуйнены сельвыканкам. Плоскаўскі, Азярыцкі сельсаветы далучылі да Талачынскага, які ахапіў палову тэрыторыі раёна і аб’яднаў 74 населеныя пункты з 4 тысячамі насельніцтва. Да самай аддаленай вёскі Барсучыны больш за 30 кіламетраў. Амаль такая ж адлегласць да Панькавічаў, што ў супрацьлеглым баку. Ад некаторых вёсачак засталіся толькі назвы. Няма жыхароў у Габрылёве, Латышове, Клінках. Летам наведваюцца з гарадоў нашчадкі гаспадароў пакінутых сядзіб. 

Пенсіянер Валянцін ШАСТАК

Развіваюцца аграгарадкі, дзе канцэнтруецца сацыяльна-бытавая інфраструктура, ствараюцца працоўныя месцы. Такі статус атрымаў Друцк, дзе кожны закуток – сведка цікавых гістарычных падзей. Вузенькай стужкай ціхая Друць абвівае ўзараныя з восені агароды, за якімі віднеецца пафарбаваная ў блакітны колер невялікая драўляная царквушка. Вокнамі на яе глядзіцца дзясятак мураваных катэджаў, як пад шнурок пабудаваных уздоўж вуліцы, што вядзе да друцкіх курганоў. Час многае мяняе, а ці захавалася духоўная спадчына былой сталіцы княства, адкуль пачало ўмацоўвацца на нашай зямлі хрысціянства?

Галоўны інжынер Юрый ЛЫЧКОЎСКІ

Загадчыца бібліятэкі Любоў Дудкевіч па крупінцы збірае публікацыі, гістарычную літаратуру, дзе ўзгадваецца Друцк. У пажаўцелым ад часу альбоме наклеены здымкі паважаных землякоў. Гартаю старонкі і быццам вяртаюся ў мінулае. Партрэты і кароткія звесткі пра хлебаробаў, мясцовых інтэлігентаў, ветэранаў вайны і працы, якія пакінулі свой след на друцкай зямлі. Пэўна, так некалі мясцовы святар ствараў Друцкае Евангелле, якое стала шэдэўрам гісторыі. Яно дае ўяўленне пра гаспадарку буйнога феадала, друцкага князя Васіля Міхайлавіча.

Галоўны дыспетчар Тамара ЗАБЭЛА

РОЗНЫЯ выдаваліся зімы і вёсны. Спрадвечны клопат пра хлеб надзённы перадаецца з пакалення ў пакаленне. І сёння галоўны занятак жыхароў Друцка – праца на зямлі. З кіраўніком ААТ “Друцк-Агра” Пятром Салаўёвым мы сустрэліся ў кабінеце. У пачатку мінулага года Пётр Аркадзьевіч прыняў гаспадарку. Будынак канторы быў абясточаны з-за непагашанай запазычанасці за электраэнергію. Цяпер праблем з аплатай за электрычнасць няма. Як і з падрыхтоўкай тэхнікі да выхаду ў поле. Летась справіцца з веснавой сяўбою, як і з уборкай ураджаю, дапамаглі раённыя службы. Друцкая зямля ўрадлівая, але без прымянення сучасных тэхналогій не абысціся. Кіраўнік адзначыў, што дзякуючы ім летась удалося атрымаць па 350 цэнтнераў зялёнай масы кукурузы. Забяспечылі фуражом амаль 1300 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх звыш паўтысячы – дойных кароў. Вырасла валавая вытворчасць малака і ялавічыны.

Валерый і Наталля ГАБУЗЯН

Але не толькі гаспадарчымі справамі запоўнены дырэктарскія будні. Напярэдадні са старшынёй сельвыканкама разбіралі зямельную скаргу непрымірымых суседзяў. Пенсіянерка Лідзія Ткачэнка з раніцы прыйшла са сваім клопатам у кабінет. Да выхаду на пенсію даіла кароў. Яе замяніла нявестка Святлана. Сын Сяргей — трактарыст. А ўнук Юра зарабляе на расійскіх будоўлях. Вось бы занятак знайсці яму ў гаспадарцы. 

Падтрымку знаходзяць жыхары аграгарадка і ў сельвыканкаме.  Уладзімір Міхно расказаў: людзей усхвалявала, што меліяратары надта выпрасталі ў вярхоўі Друць. У канцы мінулага года ў сельвыканкам сталі паступаць званкі ад вяскоўцаў, што ў магазіны завозяць чэрствы хлеб. З-за нізкай рэнтабельнасці закрыўся Талачынскі хлебазавод. Прадукцыю з суседняга Сенненскага раёна ў магазіны прывозілі не надта свежую. Раённае кіраўніцтва вырашыла аднавіць работу свайго прадпрыемства.

Трактарыст Аляксей БЕЛАХВОСЦІК

КОЖНАЯ сустрэча з жыхарамі Друцка поўніла палітру ўражанняў. Па вузкіх вулачках аграгарадка курсіравалі на легкавіку галоўнага інжынера гаспадаркі Юрыя Лычкоўскага. На гэтай пасадзе ён паўгода. У маладосці займаўся на Талачыншчыне камсамольскай дзейнасцю. Часта наведваўся на друцкія курганы, дзе археолагі вялі раскопкі. 

Каля гістарычных мясцін Друцка прайшло дзяцінства Валянціны Грышманоўскай. Зімою лёталі на санках з крутабокай замкавай гары. Пасля школы падалася дзяўчына ў Маскву. Выйшла замуж, працавала на адказнай пасадзе. Не вытрымала сталічнага тлуму і вярнулася дамоў. Дзеці прыязджаюць да яе адпачываць. Лёс звёў Валянціну Мікалаеўну з мясцовым Ігарам Беляковым. Займелі коніка. На ім шчаслівая пара прымчала на пошту, дзе мы і сустрэліся.

Вясковая настаўніца Валянціна ДУНАЕВА

Ашчаслівіў Друцк і каўказца Валерыя Габузяна. У маладыя гады ён прыехаў сюды з сябрамі на заробкі. Асфальтавалі дарогі ў гаспадарках. З бляскам у вачах успамінаў ён, як сустрэў беларускую прыгажуню і закахаўся. Наталлі не было і васямнаццаці гадоў. Згулялі вяселле, і толькі потым іх распісалі ў сельсавеце. Маладыя адправіліся на радзіму жаніха ў Тбілісі. Жылі ў цэнтры грузінскай сталіцы. У снах Наталля хадзіла па родных мясцінах, “дзе ў вячэрнім чароце плешча ціхая Друць”. Пераканала мужа вярнуцца ў Беларусь. Як жартаўліва адзначыў Валерый Паруравіч, нічога не заставалася, як памяняць сталіцу на сталіцу. І аўдавелую маці Веру Саркісаўну з сабою забралі. Яна дапамагала па гаспадарцы, унукаў Карэна і Верачку глядзела. Валерый Паруравіч стаў млынаром на жывёлагадоўчым комплексе, і зараз ім працуе. Наталля – прараб. Гаспадарка выдзеліла ім дом, які прыватызавалі. Дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю і раз’ехаліся. На святы збіраюцца разам. З непадробленым шчасцем адзначала Наталля Яўгенаўна, што на Каляды, акрамя традыцыйных беларускіх прысмакаў, ставіць на стол прыгатаваныя па тбіліскім рацэпце хінкалі, падобныя на пельмені. А галубцы свякроў навучыла яе загортваць не ў капустныя лісты, а ў вінаградныя.

Валянціна ГРЫШМАНОЎСКАЯ і Ігар БЕЛЯКОЎ

У будні і ў святы не зачыняюцца дзверы ў доме Габузянаў. Гаспадыню землякі выбралі старэйшынай аграгарадка, у якім зараз пражывае 260 чалавек. Да яе ідуць не толькі за дапамогай, але і параіцца, выказаць прапанову. Летась многіх у Друцку ўсхвалявала закрыццё базавай школы, якая насіла імя ваеннага лётчыка Лугаўскога. Ён мужна загінуў у баях за вызваленне Друцка ад гітлераўцаў. Цудоўную традыцыю мела школа – пасвячэнне выхаванцаў у друцічы. Два дзясяткі школьнікаў засталося ў аграгарадку. Аўтобусам падвозяць іх на вучобу ў райцэнтр. Мураваны будынак перададзены Віцебскай епархіі і пакуль пустуе. Чакае свайго гаспадара і вадзяны млын на Крывой рэчцы, які дзейнічаў у савецкія часы. 

АЛЯКСЕЙ Белахвосцік, якога мы сустрэлі каля прывабнага падворка, прызнаўся, што абрыдла халасцякаваць і марыць пра жаніцьбу. Выбірае гаспадыню ў свой новы дом на Сонечнай вуліцы, да якога падведзены газ і вадаправод. Аляксей Анатольевіч на трактары “Амкадор” падвозіць кармы на жывёлагадоўчым комплексе.

Бібліятэкар Любоў ДУДКЕВІЧ

Працаваць у Друцк прыехаў пасля заканчэння Бягомльскай дапаможнай базавай школы Аляксандр Франкевіч. Гаспадарка выдзеліла яму жыллё. Калектыў сельгаспрадпрыемства папоўнілі маладыя спецыялісты Анатоль Фаменка, Настасся Яцко, Настасся Максок, Вераніка Буйніцкая. Пасля сыходу на пенсію Валянціна Шастака вакантнай засталася пасада галоўнага заатэхніка. Нядоўга размаўлялі з Валянцінам Філімонавічам, ад якога пачуў, што пастаянна сустракаецца з дырэктарам таварыства, дае яму парады. Прыслухоўваецца кіраўнік гаспадаркі і да Тамары Забэла, якая чацвёрты дзясятак гадоў займае адказныя пасады. Пасля аграфака Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі ўзначальвала агранамічную службу, а потым трактарную брыгаду. Зараз галоўны дыспетчар. Сорак гадоў адпрацаваў на трактары яе муж Юрый Сцяпанавіч. 

Бухгалтар Настасся МАКСОК і галоўны эканаміст Вераніка БУЙНІЦКАЯ

Многія механізатары, жывёлаводы — выхаванцы Валянціны Мікалаеўны Дунаевай, якая родам з Валагодчыны. З мужам Віктарам Андрэевічам і дзецьмі жылі ў Казахстане. Пасля развалу Саюза пераехалі ў Друцк. Купілі дом. Аўдавелая Валянціна Мікалаеўна засталася з сынам. Побач жыве дачка Алена.

Штодзень Валянціна Мікалаеўна ходзіць да друцкай крынічкі, што б’е з-пад крыжа ля замкавай гары. На Вадохрышча ажыўлена ля святога вытоку. Людзі едуць акунуцца ў купель, набраць святой вадзіцы.

Аграном-насеннявод Настасся ЯЦКО

ЗАВІТАЛІ да крынічкі і мы з Юрыем Лычкоўскім. Нібыта агнём апаліла твар гаючая вадзіца, смак якой нельга забыць. Прайшліся па замкавай гары, дзе некалі хадзіла і слынная Соф’я Друцкая-Гальшанская. Безліч падзей адбылася тут за тысячу гадоў існавання Друцка. Сённяшнім жыхарам аграгарадка ёсць чым ганарыцца, а будучым пакаленням — працягваць слаўныя традыцыі непакорнай славянскай святыні. 

Талачынскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter