Друкуем. Чытаем. Шануем

Адкрылася ХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш У нацыянальным выставачным павільёне «БелЭкспа» пачала работу юбілейная, ХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Як адзначыла ў ходзе ўрачыстага адкрыцця форуму першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, Беларусь годна завяршае абвешчаны летась у краіне Год кнігі. У 2012-м было выдадзена больш за 11 тыс. найменняў кніг агульным накладам больш за 34 млн. асобнікаў. «Беларусь пацвярджае статус краіны, якая чытае, якая выбрала свой шлях і разам з усім светам накіраваная ў будучыню», — падкрэсліла Лілія Ананіч. Удзел у адкрыцці выставы прыняў таксама першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў, які зачытаў прывітанне кіраўніка дзяржавы. Сустракае наведвальнікаў нацыянальны павільён Беларусі. Ён аформлены як фрагмент старажытнай бібліятэкі, дзе важкія тамы ляжаць на высокіх паліцах, дацягнуцца да якіх можна толькі з дапамогай лесвіцы. Яна ўздымаецца ледзь не пад самую столь — бы сімвал адвечнага імкнення чалавека да ведаў і пазнання. Невыпадкова і адпаведны дэвіз сёлетняга кніжнага форуму — «Чытаючы кнігу, знаходзіш сябе!». На здымку: стужку пераразаюць (злева направа) старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр РАДЗЬКОЎ, першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ, намеснік кіраўніка Федэральнага агенцтва Расіі па друку і масавых камунікацыях Уладзімір КАЗЛОЎ. Фота: Аляксандр ТАЛОЧКА

Адкрылася ХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

У нацыянальным выставачным павільёне «БелЭкспа» пачала работу юбілейная, ХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш.

Як адзначыла ў ходзе ўрачыстага адкрыцця форуму першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, Беларусь годна завяршае абвешчаны летась у краіне Год кнігі. У 2012-м было выдадзена больш за 11 тыс. найменняў кніг агульным накладам больш за 34 млн. асобнікаў. «Беларусь пацвярджае статус краіны, якая чытае, якая выбрала свой шлях і разам з усім светам накіраваная ў будучыню», — падкрэсліла Лілія Ананіч.

Удзел у адкрыцці выставы прыняў таксама першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў, які зачытаў прывітанне кіраўніка дзяржавы.

Сустракае наведвальнікаў нацыянальны павільён Беларусі. Ён аформлены як фрагмент старажытнай бібліятэкі, дзе важкія тамы ляжаць на высокіх паліцах, дацягнуцца да якіх можна толькі з дапамогай лесвіцы. Яна ўздымаецца ледзь не пад самую столь — бы сімвал адвечнага імкнення чалавека да ведаў і пазнання. Невыпадкова і адпаведны дэвіз сёлетняга кніжнага форуму — «Чытаючы кнігу, знаходзіш сябе!».

Цэнтральны экспанат нацыянальнага павільёна — факсімільнае выданне Полацкага Евангелля, унікальнага рукапісу XII стагоддзя, першакнігі беларускага народа, аднаго з самых старажытных і каштоўных кніжных помнікаў айчыннай культуры. Выпуск выдання стаў вынікам шматгадовай сумеснай працы Нацыянальнай бібліятэкі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выдавецтва Беларускага Экзархата, а таксама Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве і Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу.

У статусе пачэснага госця выстаўкі-кірмашу сёлета выступае Расія, якая прадстаўляе каля 2 тысяч найменняў кніг амаль ад 200 выдавецтваў.

Асобнае месца займаюць сумесныя беларуска-расійскія праекты. Увагу наведвальнікаў відавочна выкліча адзін з іх — кніга-альбом «Беларусы Масквы.17 ст.», дзе сабрана калекцыя работ старажытных беларускіх майстроў — керамістаў, разьбяроў па дрэве, збройнікаў у Маскве. Гэтае выданне — трэцяе па ліку, выпушчанае выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі» пры падтрымцы ўрада Масквы.

Дарэчы, не менш цікавы ўласны праект прадстаўляе сярод сваіх навінак «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі». Гэта новая кніга серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» — «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911—1912». Яна ўключае ў сябе больш за 400 фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць традыцыйную культуру гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Заходняга і Усходняга Палесся і паўночна-ўсходняй часткі Цэнтральнай Беларусі.

У цэлым беларуская праграма выстаўкі вельмі насычаная. Удзел у форуме прымаюць каля 400 айчынных экспанентаў.

У цэнтры ўвагі сёлета Іран. Акрамя кніг, краіна прадстаўляе і сваю гісторыю, культуру, традыцыі. На ўваходзе ў павільён наведвальнікі могуць убачыць нават аб’ёмную імітацыю ўсходніх варот Палаты нацый археалагічнага комплексу Персепаль — самай знакамітай славутасці краіны і аднаго з важнейшых гістарычных помнікаў старажытнага Ірана, які быў створаны ў 5-м стагоддзі да нашай эры.

Кніжную прадукцыю больш як 50 выдавецтваў дэманструе Украіна. На галоўным месцы стэнда — кнігі, выдадзеныя па дзяржпраграме. Гэта і навуковыя працы, і дзіцячая літаратура, і пераклады. Сярод амаль паўтысячнай кніжнай экспазіцыі асаблівая гордасць — выданне збору ўкраінскіх старадрукаў 14—18-га стагоддзяў, яркага гістарычнага помніка і сапраўднага шэдэўра кніжнага мастацтва, прызнанага, дарэчы, лепшай кнігай Украіны ў 2012 годзе.

Пад утульнае парыжскае кафэ стылізаваны павільён Францыі, дзе ў час выстаўкі беларускай публіцы прадставяць вядомых французскіх пісьменнікаў і іх творы.

Юбілейная выстаўка сабрала ў Мінску кнігавыдаўцоў многіх краін свету, у тым ліку Азербайджана, Арменіі, Германіі, Індыі, Казахстана, Кітая, Літвы, Малдовы, Польшчы, ЗША, Фінляндыі, Таджыкістана, Турцыі. Упершыню ўдзел у форуме прымаюць Палесціна і Сербія.

Нагадаем, уваход у Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» ў дні выстаўкі бясплатны. Наведвальнікаў чакаюць з 10.00 да 19.00. Закрыццё выстаўкі — 10 лютага ў 15.00. 

На здымку: ля стэндаў выставы.

Фота: Аляксандр ТАЛОЧКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter