Друкаваны рэнесанс

XXI Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш без перабольшання можна назваць знакавай культурнай падзеяй

XXI Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш без перабольшання можна назваць знакавай культурнай падзеяй

— Друкаваная кніга сёння перажывае сапраўдны рэнесанс, — зазначыла першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, падводзячы вынікі выставы. — Нягледзячы на развіццё сучасных тэхналогій, многія беларусы застаюцца прыхільнікамі друкаванага слова. Цікавасць да традыцыйнай кнігі ўзрастае, і гэта адзін з вынікаў плённай працы, праведзенай яшчэ ў 2012 годзе, які быў абвешчаны ў Беларусі Годам кнігі.

За пяць дзён выставу наведалі больш за паўсотні тысяч беларусаў і гасцей сталіцы. Яны змаглі пазнаёміцца з лаўрэатамі 53-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі — 2014”, паўдзельнічаць у прэзентацыях унікальных праектаў, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, чэмпіянату свету па хакеі, Году гасціннасці.

На кніжным форуме адбылося больш за дзвесце мерапрыемстваў — сустрэчы з аўтарамі, аўтограф-сесіі, семінары, круглыя сталы і іншыя імпрэзы, падчас якіх узнікалі цікавыя ідэі. Да прыкладу, было прынята рашэнне, што падчас Дня беларускага пісьменства, які сёлета пройдзе ў Заслаўі, адбудзецца форум дзіцяча-юнацкіх пісьменнікаў. А рарытэтныя паштоўкі і фотаздымкі гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава будуць выстаўляцца ў гарадах Міншчыны, а пры пэўнай дамоўленасці — і падчас правядзення ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі, што дасць гасцям сталіцы магчымасць яшчэ глыбей акунуцца ў гісторыю Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter