Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Падзвіжніцкая праца Францыска Скарыны стала важным элементам у падмурку беларускай дзяржаўнасці

Друкаваны абярэг Бацькаўшчыны

Сярод многіх жыццёвых шляхоў, што адкрываліся адукаванаму ды ўганараванаму званнем доктара навук у вядомым Падуанскім універсітэце Францыску Скарыну, выбраў ён цярністы шлях асветніцтва. Зрэшты, у вызначэнні асветнік-гуманіст, як пішуць пра вялікага палачаніна энцыклапедыі сёння, мы бачым плён ягонага жыцця з пазіцый нашага часу. А былі ж і гады, калі, з пазіцый атэістычных, некаторыя тагачасныя даследчыкі называлі перакладчыка Бібліі “рэлігійным цемрашалам”... Цікава, што цяпер сярод характарыстык беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, вучонага-медыка мы знаходзім яшчэ, што ён — і пісьменнік, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік. Апошняе слова асабліва прыцягвае ўвагу. Што за бізнэс, здзівіцца нехта, мог быць у Скарыны?

Кніга з друкарні Францыска Скарыны

Па сёння друкарская справа — прыбытковая, калі ўсё з розумам весці. Перадавая па тым часе, у якім жыў наш зямляк, тэхналогія кнігадрукавання рабіла сапраўдную рэвалюцыю ў жыцці грамадства. Бадай што як цяпер — інтэрнэт, лічбавыя тэхналогіі. Станавілася магчымым кнігі друкаваць — сотнямі, тысячамі экзэмпляраў, а не гадамі перапісваць іх уручную. Не выключаюць даследчыкі, што Скарына, як сын полацкага купца, разлічваў на прыбытак, арандуючы ў Празе друкарню. У інтэрнэце чытаем: “З архіўных крыніц вядома, што купец Лука Скарына меў у Полацку ўласную зямлю і гандлёвую справу, якая перайшла ў спадчыну старэйшаму сыну Івану. У яго камерцыйных аперацыях удзельнічаў і малодшы Францыск, што дазваляла яму вучыцца за мяжой і, мабыць, пазней часткова фінансаваць свае пражскае і віленскае кнігавыдаўніцтва”.    

Тры гады (1517-1519) малады доктар навук напружана працаваў, выдаючы ў чэшскай Празе 22 кнігі Святога Пісання на старажытнай беларускай мове. Дарэчы, мова тая была — царкоўнаславянскаю, з вялікай колькасцю слоў беларускіх, а некаму яна цяпер падаецца рускаю... І яшчэ варта ўдакладніць: Францыск Скарына, грамадзянін ВКЛ, не змог-такі, кажучы сучаснай мовай, прасунуць свой інавацыйны прадукт на рынак Маскоўскай дзяржавы. У інтэрнэце знаходзім: “Гуманіста, прадстаўніка еўрапейскай культуры Францішка Скарыну ў Маскве абвінавацілі ў ерасі, спалілі яго кнігі, а сам ён вымушаны быў ратавацца ўцёкамі”... Канфлікт той быў, як бачна, не толькі эканамічным, але і светапоглядным. Пэўна ж, ідэі, якія ўкладваў у свае кнігі наш першадрукар, адвяргала, не прымала расійскае грамадства. Прынамсі, на тым узроўні, дзе прымаліся дзяржаўныя рашэнні. А можа яго адпрэчыў як канкурэнта  “рукапісны бізнэс”, які прадстаўлялі тагачасныя перапісчыкі разам з іншымі прадстаўнікамі царквы?

“Няўдачы загартоўваюць моцных. На жаль, з людзьмі даводзіцца весці гульню, у якой амаль не прымаецца ў разлік сапраўдны сэнс рэчаў. Выйгрыш або пройгрыш залежыць ад нейкіх чыста знешніх прычын. І падманлівая знешнасць пройгрышу звязвае цябе па руках і нагах”. А вось яшчэ цытата: “Дзіўна бачыць, як бяруць верх выпадковыя абставіны, як праступае вонкі велізарная цёмная сіла, тая самая, што прыводзіць у замяшанне бязмежныя першабытныя лясы, тая самая, што расце, шырыцца, апантана б’е крыніцай усюды, дзе толькі ладзіцца вялікая справа ... Пад націскам тонкіх ліян бурацца гіганцкія храмы”. Гэта з “Начнога палёту” Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры. Але як файна кладуцца такія развагі з ХХ стагоддзя да той сітуацыі, з якой сустрэўся ў Маскве наш першадрукар!

Дырэктары латвійскіх бібліятэк А. Вілкс і В. Коцэрэ, а таксама А. Суша і мастак В. Целеш

Між тым на двары была эпоха Асветніцтва, і адукаваны ў Еўропе Францыск Скарына, безумоўна, разумеў: веды — гэта святло, дабро, а невуцтва — цемра, зло, ліха. Такая сімволіка, дарэчы, яскрава прачытваецца і ў ягоным знакамітым гравіраваным партрэце з кнігі “Быццё” (Прага, 1519). Як быць? У тым жа “Начным палёце”: “Калі ня вырываць з коранем зло, ня вырываць яго кожны раз, як з ім сутыкаешся, тады пад час палёту згасне святло. Ведаць прылады зла і не змагацца са злом — злачынства”... У творы французкага пісьменніка ёсць надзвычай сучасныя развагі пра любоў да людзей — а Скарына жыў у эпоху Гуманізму — і высокае змаганне “не з імі, а з тым злом, якое дзейнічае праз іх”, ды пра тое, як усім нам навучыцца “пазбавіцца ад страху перад ноччу”. Вось таму, нягледзячы на складаныя жыццёвыя абставіны, Францыск Скарына і прадоўжыў сваю асветніцкую працу. Дзякуючы ёй мы сёння можам сказаць: бачыце гэтыя кнігі Скарыны? Ім па 500 гадоў! Гэта своеасаблівы друкаваны шчыт, абярэг Бацькаўшчыны. І калі некаму хочацца сказаць, што беларусы — маладая нацыя, і калі некаму ў сучасным свеце захочацца нас “павучыць жыццю”, то мы можам прапанаваць: а паспрабуйце “на зуб” вось гэты аргумент. Пагадзіцеся: маладая беларуская дзяржаўнасць з такімі магутнымі духоўнымі каранямі значна больш устойліва сябе пачувае.

Пра тое, якімі скарбамі валодаем, мы, беларусы, гатовы расказваць свету. Нядаўна стала вядома: сёлета ў верасні ў Мінску пройдзе Міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”. Запланаваны міжнародны выставачны праект “Францыск Скарына і яго эпоха”, створаны будзе і дакументальны фільм, прысвечаны першадрукару, з перакладам на замежныя мовы. А пад эгідай ЮНЕСКА будзе рэалізаваны беларускі мастацка-адукацыйны праект “Спадчына Францыска Скарыны”: з арт-пленэрамі ў Беларусі, Літве, Італіі, Польшчы, Францыі ды Чэхіі. Асаблівая ўвага — да тых мясцін, якія спалучаныя з жыццём і дзейнасцю першадрукара. У Беларусі дзейнічае аргкамітэт па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, і ў плане з умоўнай назвай “Беларуская кніга 500” — каля 60 пунктаў.

Да тых вялікіх планаў сёння падключаюцца і рэгіёны Беларусі, а таксама й актывісты беларускіх суполак у замежжы — яны ўжо ўдзельнічаюць у правядзенні памятных мерапрыемстваў і выстаў. У прыватнасці, у прэс-рэлізах, дасланых у рэдакцыю, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша паведамляе пра цікавыя сустрэчы ў Рызе і Таліне (пра эстонскую імпрэзу мы раскажам у наступным нумары). 10 красавіка ў Латвійскай нацыянальнай бібліятэцы была ўрачыстасць з нагоды 25-годдзя з дня ўстанаўлення дыпадносін паміж Беларуссю і Латвіяй. Пад час яе спадар Алесь Суша перадаў калегам з Латвіі поўнае Факсімільнае ўзнаўленне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. На здымках бачым і актывістаў беларускай дыяспары ў суседняй краіне. “Да прысутных звярнуліся намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, дзяржсакратар латвійскага МЗС Андрэйс Пілдэговічс, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Латвіі Марына Далгаполава, гендырэктар БелТА Дзмітры Жук, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі Андрыс Вілкс”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе. Там жа прайшла прэзентацыя міжнароднага навуковага і выдавецкага праекта “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, адкрыліся дзве падрыхтаваныя БелТА фотавыставы: пра Беларусь і гісторыю двухбаковых адносінаў нашай краіны з Латвіяй.

Дарэчы, гасцям урачыстасці паказалі арыгінал Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года на старабеларускай мове, які захоўваецца ў Латвійскай нацыянальнай бібліятэцы. А між тым некаторыя навукоўцы схіляюцца да думкі: Францыск Скарына, жывучы ў Вільні, быў актыўна задзейнічаны ў праекце “Статут ВКЛ”, але ж першы ягоны варыянт не быў у сілу розных абставінаў пры жыцці асветніка надрукаваны.

Голас Радзімы № 16 (3520), чацвер, 20 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter