Минскую международную книжную выставку посетили около 35 тысяч гостей

Друкаванае застаецца

У нядзелю завяршылася XXII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. На працягу пяці дзён яе наведалі каля 35 тысяч гасцей
У нядзелю завяршылася XXII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. На працягу пяці дзён яе наведалі каля 35 тысяч гасцей, а ў рабоце ўдзельнічалі каля 400 экспанентаў з 28 дзяржаў.



Галоўнымі тэмамі форуму сталі 70-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і аб’яўлены ў нашай краіне Год моладзі.

У статусе пачэснага госця выступіла сёлета Кітайская Народная Рэспубліка. Каля 80 чалавек працавалі ў Мінску ў складзе дэлегацыі гэтай краіны. Наведвальнікі самай маштабнай, змястоўнай і яркай экспазіцыі змаглі ўбачыць каля 5 тысяч лепшых кітайскіх кніг самай рознай тэматыкі. Вялікая калекцыя гэтых выданняў перададзена ў дар Нацыянальнай бібліятэцы. Важкім унёскам ва ўмацаванне адносін паміж дзвюма дзяржавамі стаў падпісаны ў ходзе выстаўкі мемарандум аб узаемных перакладах твораў беларускай і кітайскай літаратуры. Гэты праект разлічаны на бліжэйшыя пяць гадоў. Намер далейшага актыўнага супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы пацвердзіў і праведзены Беларуска-Кітайскі форум выдаўцоў і пісьменнікаў.

Цэнтральнае месца на выстаўцы займаў сёлета нацыянальны стэнд Расіі, дзе было прадстаўлена больш за дзве тысячы кніг вядучых выдавецтваў гэтай краіны. Усе яны таксама папоўнілі фонды нашых бібліятэк, дарэчы, гэтак жа, як і выданні экспазіцый яшчэ шэрагу дзяржаў — удзельніц форуму. 

Знакавай падзеяй выстаўкі стаў міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час», які прайшоў упершыню. Літаратары 16 краін свету абмеркавалі ў Мінску не толькі творчыя пытанні, але і важныя маральныя аспекты ролі слова, якое павінна служыць міру і ўзаемаразуменню паміж народамі.

Дзелавыя перагаворы і знаёмствы, сустрэчы чытачоў з пісьменнікамі, выдаўцамі, мастакамі, аўтограф-сесіі, прэзентацыі — больш як 100 розных мерапрыемстваў адбылося ў дні выстаўкі. 

Таленавітая кніга была і застаецца мастом дружбы і супрацоўніцтва, як раней, так і сёння, у XXI стагоддзі, друкаванае слова працягвае быць запатрабаваным — гэтую выснову ў чарговы раз пацвердзіў мінскі форум. Дарэчы, яшчэ адным прыемным вынікам яго працы стала запрашэнне нашай краіны ў маі ў якасці пачэснага госця на Х Санкт-Пецярбургскі міжнародны кніжны салон. Яго арганізатары высока ацанілі ініцыятыву па правядзенні міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката моладзі СНД «Нам дарагі мір», які прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі і першыя вынікі якога падвялі на выстаўцы ў Мінску. Мяркуецца, што плакаты-пераможцы ўпрыгожаць у час правядзення кніжнага салона вуліцы Санкт-Пецярбурга.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter