Скарына быў першым, хто далучыў наш народ да кнігавыдавецкай цывілізацыі

Друкарня Ў роднай краiне

Дзесьці ў 1520 годзе ў Вільні з’явіўся Францыск Скарына. З’явіўся не проста так. А з шрыфтамі, некаторымі гравюрамі і з друкарскім абсталяваннем. У яго быў намер адкрыць тут друкарню. Сваю. На роднай зямлі.

скорина (Копировать).jpg

У роднай дзяржаве.

Пражскі перыяд яго жыцця закончыўся не на мажорнай ноце. Тое, што хацелася зрабіць, не атрымалася. Друкаваная Біблія не дала яму вялікіх грошай, каб ён надалей мог спакойна займацца сваёй любімай алхімічнай справай. Ва Усходняй Еўропе, дзе быў намечаны яе збыт, кнігі не куплялі. Праваслаўная царква была супраць іх. Гравюры і незразумелыя ініцыялы палічылі вычурнай лацінай і ерассю. Трэба было ці то зноў станавіцца купцом, ці то паспрабаваць яшчэ раз заняцца кнігадрукаваннем. Але ўжо з улікам пажаданняў і патрэб спажыўцоў.

Скарына рашыў рызыкнуць. Ён адчуваў, што патэнцыял друкаванай кнігі на яго радзіме надзвычай вялікі. Але трэба было ведаць і ўлічваць псіхалогію пакупнікоў. Толькі пры гэтай умове можна дасягнуць поспеху. Кнігі тады дойдуць не толькі да праваслаўных царкоўнікаў, але і да мясцовых школак. Імі будуць пастаянна карыстацца купцы ў сваіх бясконцых падарожжах. Да таго ж кнігі будуць надрукаваны хаця і на стараславянскай мове, але з улікам беларускай. Той самай мовы, з якой пайшоў у свет і сам Скарына. Ён патрыёт сваёй радзімы і жадае ёй далейшага росквіту і разумных сыноў.

Выдавецкія справы паступова наладжваліся. Бурмістр Якуб Бабіч перадаў яму пад друкарню памяшканне, што знаходзілася на вуліцы Вялікай. Калісьці гэта вуліца называлася Імбарнай, і на ёй знаходзіліся склады. Знайшліся і грошы. Частку сродкаў уклаў у новую справу сам Францыск Скарына, частку пазычыў брат Іван. Магчыма, штосьці пад працэнты даў віленскі радца Юрый Адвернік. Хутка ў Вільні загрукаў друкарскі станок.

У 1522 годзе Скарына выдае ў Вільні “Малую падарожную кніжыцу”. Гэта быў зборнік рэлігійных і свецкіх твораў ад “Псалтыра” да “Саборніка”.

Рэалізацыя кнігі абнадзеіла яго. “Малую падарожную кніжыцу” куплялі з ахвотай купцы і службовыя людзі, якія па характары сваёй дзейнасці шмат падарожнічалі. Кніга была ім у дапамогу — у ёй можна было атрымаць канфесійную і астранамічную інфармацыю, а таксама ўспомніць словы малітваў і псалмоў. Тады ж Скарына вырашыў надрукаваць у Вільні яшчэ адну кнігу — “Апостал”.

У 1525 годзе нечакана замоўк друкарскі станок. Што здарылася? Нам пакуль гэта не вядома. Мы можам толькі здагадвацца, што ў жыцці Скарыны здарылася нешта незвычайнае, і ён крута змяніў сваю далейшую дзейнасць. Але Скарына зрабіў для нашай краіны галоўнае.
У пачатку XVІ стагоддзя ў доме бурмістра Бабіча, што ў Вільні, пачала працаваць друкарня. Гэта была першая друкарня не толькі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, але і на зямлі ўсходніх славян.

Рыгор Андрэявец
infong@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter