Сегодня — День печати: мы посмотрели, как работает один из крупнейших в стране полиграфкомбинатов

Друк на ўсё жыццё

Дзень друку штогод святкуецца ў нашай краіне 5 мая. Прэзідэнт адпаведны Указ № 156 падпісаў у 1996 годзе. Дата для свята абраная невыпадкова — у гонар першага выхаду ў тыраж газеты «Праўда» ў 1912 годзе, — хоць беларускі друк мае значна глыбейшыя карані і нямала знамянальных дат. Напрыклад, 6 жнiўня 1517 года Францыск Скарына выдаў у Празе сваю першую кнігу. У XIX стагоддзі былі першыя спробы выпускаць перыядычныя выданні на беларускай мове: «Гутарка двох суседоў», «Гутарка» і «Мужыцкая праўда». Цікавы факт: 5 мая 1581 года на Валыні, у Астрожскай друкарні Івана Фёдарава, выйшаў каляндар Андрэя Рымшы «Храналогія» на старабеларускай мове. Напярэдаднi Дня друку карэспандэнт «Р» наведала найбуйнейшую адпаведную вытворчасць у краіне — ААТ «Паліграфкамбінат ім. Я. Коласа».


Спачатку было слова

Шматтонныя станкі i іх зладжаны стук — паверхі вытворчасці, якая працуе нібы гадзіннікавы механізм. Фарбы, клей, папера, кардон, клямары, ніткі — мы ў эпіцэнтры беларускага друкавання. 

А пусцілі нас з фатографам на паліграф­камбінат толькі пасля строгага выканання ўсіх мер бяспекі і прафілактыкі распаўсюджвання віруса: мы надзелі маскі і пальчаткі. На прахадной, дзе старанна дэзынфіцыруем рукі, паставілі стол. Тут заказчыкі перадаюць дакументы. Зносіны паміж цэхамі дырэктар камбіната Ігар Маланяк таксама мінімізаваў.

— Гандаль пацвярджае: людзі менш хо­дзяць па магазінах. Нягледзячы на гэта, праца на прадпрыемстве працягваецца. Летам пачнецца пік падрыхтоўкі да школьнага сезона, а гэта лепш зрабiць загадзя: сшыткі, каляровы кардон і дзённікі раскупляюць хутка.

Да 80 працэнтаў усіх падручнікаў выпускаецца менавіта тут. Ігар Мікалаевіч з парога кажа: у студзені запусцілі новую друкарскую машыну, якая выдае якасную прадукцыю на ўзроўні сусветных стандартаў.

Вялізныя цэхі, бясконцыя пераходы на паверхах, панарамныя вокны — кніжная кузня будавалася ў далёкія савецкія часы з разлікам плошчаў пад тагачасныя тэхналагічныя рэаліі. Чалавек недасведчаны заблудзіў бы тут на раз-два. Наш верны суправаджальнік, намеснік дырэктара Ларыса Шчэбетава, здаецца, можа праводзіць экскурсію з заплюшчанымі вачыма. Яшчэ маладым спецыялістам пасля інстытута яна пачала свой шлях з фармавога ўчастка. Вобразамі мінулага намеснік дырэктара малюе работніц у белых халатах, найскладанейшую машыну пад назвай лінатып, якая адлівала радкі. Кожная памылка была трагедыяй, а звыклых для цяперашняга часу камп’ютараў не было. З іх з’яўленнем праца цэлага ўчастка змясцілася ў руках аднаго чалавека.

Паліграфісты лічаць Дзень друку прафесiйным святам.

Гутарка неўпрыкмет прыводзіць нас да пачатковага этапу стварэння кніг — на ўчастак, куды з выдавецтвам накіроўваюцца файлы будучага выдання. Менавіта тут пачынаецца праца паліграфістаў. Вярстаюцца спускі палос, дзе кожная старонка займае сваё месца, затым выява лазерам запісваецца на формную пласціну, якая ўсталёўваецца ў друкарскую машыну для друку тыража. Пасля друкарскіх працэсаў і кантролю аддрукаваных аркушаў пачынаюцца брашуровачна-пераплётныя працэсы. Ролікі нястрымна цягнуць аркуш, які ўдараецца адным бокам, фармуюцца паралельныя і папярочныя згібы паперы — і атрымліваецца гатовы сшытак. На нашых вачах ствараюцца старонкі кнігі да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Аркушы, вокладка, форзац — усе элементы друкуюцца асобна, але паралельна, каб сустрэцца на фінальным этапе. А цяпер мы на ўчастку вырабу пераплётных накрывак. Кожная старонка ў машыну закладваецца паасобку, вокладка падаецца з магазіна, праклейваецца. Прызнацца, працэс зачароўвае так, што глядзець на яго, амаль як на агонь і ваду, можна бясконца.

У студзені запусцілі новую друкарскую машыну.

Гэта таксама прамысловасць

Машыны на паліграфкамбінаце важаць тоны. Яны, жалезныя і гучныя, працуюць над стварэннем далікатнай кнігі. Наогул, паліграфія — спецыфічная галіна. У кожнага вырабу свой фармат, пад які машына настройваецца спецыялiстам. Трэба ведаць устройства абсталявання, вывучыць усю тэхналогію яго працы. Што ж думаюць на прадпрыемстве пра Дзень друку?

— Мы лічым, гэта наша прафесiйнае свята. Нягледзячы на тое, што яго больш святкуюць журналісты. Бо калі б не было вытворчасці, як бы ўбачылі свет іх тэксты? — разважае Ларыса Станіславаўна.

Тым часам мы назіраем за складанай працай пераплётна-брашуровачнага цэха, куды паступаюць усе сфальцаваныя сшыткі. У кожную секцыю лініі аркушападборкі закладваецца адзін від сфальцаваных аркушаў. Лінія рухаецца, адмысловымі абцугамі бярэцца па адным сшытку ў вызначаным парадку. На выхадзе — паўфабрыкат кнігі.

На лініі аркушападборкі працуе адначасова некалькі чалавек. Кожны абслугоўвае 3-4 секцыі. Праца вельмі цяжкая: развязаць вяровачныя вузлы на пачку аркушаў, спрасаваных драўлянымі падшыўкамі, а затым падняць некалькі кілаграмаў і апусціць у секцыю. Калі ў адной скончыліся аркушы, лінія спыняецца. Таму трэба паспяваць і думаць пра ўсю каманду. Ведалі б школьнікі, якой працай ствараюцца кнігі для іх, — можа, і не паднялася б рука маляваць на старонках!


Каб перакласці звычайную кнігу шрыфтам Брайля, спатрэбіцца ўжо не адна, а чатыры кнігі.

Апошнія штрыхі

Уся вытворчасць пабудавана так, каб фінальная лінія, дзе сустракаюцца кніжны блок і пераплёт, працавала бесперабойна. Без перанастройкі на іншае выданне ў змену могуць вырабіць 15 000 падручнікаў. Ада­рвацца ад працы няма калі, але работніцы, злёгку бянтэжачыся, паспяваюць усміхнуцца ў аб’ектыў нашай фотакамеры.

Такім чынам, лінія апрацоўвае ўжо пашытыя блокі. Карашок кнігі праклейваецца, затым з трох бакоў блок абразаецца і сустракаецца з пераплётнай накрыўкай. Заўважаем, у саманакладзе лініі ляжыць вокладка бардовага колеру з залатымі літарамі — для зборніка вершаў Аркадзя Куляшова.

Думаеце, гэта ўсё? Кніга яшчэ павінна прайсці праверку на якасць — гэта і правільная колераперадача, і паслядоўнасць старонак, і якасная зборка кнігі. І толькі атрымаўшы подпіс пад пячаткай «Выпуск у свет дазваляю», наклад ідзе на паток.

Без перанастройкі на іншае выданне ў змену могуць вырабіць 15 000 падручнікаў.

«Цяпер усё пераводзіцца ў электронны фармат», — кажуць скептыкі. Бясспрэчна, калі на адным носьбіце можа быць адразу некалькі кніг — вельмі зручна. Аднак папяровы варыянт усё роўна мае сваіх прыхільнікаў. Нават сярод юнага пакалення.

— Кніга перайшла ў разрад часам і недаступнай забавы, — разважае намеснік дырэктара. — Бо кошт яе прыкметна ўзрос. Таму заўсёды кажу: мы працуем амаль што з золатам.

На паліграфкамбінаце ўпэўнены: дзіцячая кніга не знікне. Дзіця павінна адчуваць яе ў руках, разглядаць ілюстрацыі ў любiмай казцы, знаёміцца з героямі. А з любові да кніг пачынаецца любоў да ведаў...

malyshchyts@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter