Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Спаўняецца 25 гадоў беларуска-індыйскім дыпламатычным адносінам

Другая радзіма Бікаша Нахара

Пра стасункі паміж краінамі мы гутарылі з ураджэнцам Індыі, які ўжо 30 гадоў жыве і працуе ў Беларусі
Сёння беларуска-індыйскія адносіны можна называць сапраўды ўнікальнымі. Чаму? Бо, напрыклад, і ў пару сусветнага эканамічнага крызісу, калі з большасцю краін у Беларусі абмен таварамі зніжаецца, то з Індыяй — расце. Варта прыгледзецца: што збліжае далёкую і загадкавую Індыю з Беларуссю?


Бікаш Нахар. Фота: источник
Індыя блізкая беларусам яшчэ з савецкіх часоў. Мы ж, савецкія, раслі на індыйскіх фільмах, пілі індыйскі чай “са сланом”, спалі на індыйскіх прасцінах, лячыліся індыйскімі лекамі, захапляліся аповедамі пра факіраў ды ёгаў… У Індыі пры падтрымцы СССР будаваліся буйныя прамысловыя аб’екты, савецкая зброя была ў індыйскай арміі, а індыйскія школьнікі, студэнты вывучалі рускую мову і прыязджалі ў Саюз на вучобу. Пасля распаду СССР Індыя адною з першых прызнала незалежнасць Беларусі, мы ўсталявалі дыпадносіны і выдатна сябруем у новых умовах.

Якія нітачкі звязваюць сёння Індыю і Беларусь, што думаюць індыйцы пра нас і нашу краіну? Мы вырашылі спытаць пра тое ў людзей, што жывуць сярод нас. Таму і зазірнулі на Камароўскі рынак — самае шматнацыянальнае месца ў Мінску. Там сустрэлі добразычлівага, вельмі адкрытага прадаўца індыйскіх тавараў. Бікаш Нахар прыехаў з Калькуты. “Займаюся гэтым бізнэсам з 2006 года, — ціхім, спакойным голасам расказвае ён. — Тут ёсць добры попыт на спецыі, прычым ён увесь час расце. Пэўна, таму, што людзі цікавяцца нашай культурай. Мы, у адрозненне ад краін Захаду, выкарыстоўваем нашы спецыі не толькі пры гатаванні ежы, але і як лекі... У Мінску я ўжо 30 гадоў! Да 1986-га пажыў у Тбілісі, пасля перабраўся у Беларусь. Яе адразу палюбіў, бо тут мне — камфортна”.

У Мінску Бікаш вучыўся. Ажаніўся з беларускаю. Тут у яго нарадзіліся дзве дачкі, ёсць і ўнучка Варачка. Сёння Бікаш Нахар — грамадзянін Беларусі, лічыць яе другою радзімай. “У нашых народаў шмат агульнага, — прадаўжае ён. — Краіны, хоць і розныя па памеры, маюць шматнацыянальны склад насельніцтва, і ў абедзвюх няма міжнацыянальных рознагалоссяў.

Тут мірна ўжываюцца розныя культуры і мовы, і гэта мяне вельмі радуе. Мне падабаюцца беларусы, па сваім характары яны вельмі блізкія да нас, індыйцаў. Мы і вы — вельмі гасцінныя. Мы аднолькава сустракаем гасцей: каб, як кажуць, ламаліся ад ежы сталы, і атачаем гасцей максімальным камфортам. Беларусы, як і мы, індыйцы, вельмі добрыя людзі. Гэты спіс “агульнасцяў” можна доўжыць… У нас з вамі трохі адрозніваецца колер скуры, але душа — адна на два народы: адкрытая, шырокая, чуллівая, спакойная і міралюбная”. Гаварыў гэта мне Бікаш без залішняга пафасу, вельмі проста: ад сэрца.

У працэсе размовы, аднак, высветлілася, што Бікаша ў нас насцярожвае: “Ёсць і адрозненне, якое тычыцца як беларусаў, так і прадстаўнікоў іншых славянскіх нацый. Гэта стаўленне да старэйшых. У вас у некаторых сем’ях руйнуецца, на жаль, традыцыя шанавання старэйшых. Але для гэтага ёсць добрыя “лекі”: заняткі ёгай”. Так я даведалася, што Бікаш Нахар — яшчэ й вядомы ў Мінску выкладчык ёгі. Ён лічыць: ёга — гэта каштоўная сістэма аздараўлення чалавека. Днём працуе на рынку, а па вечарах — вядзе курсы ёгі. Гэта, гаворыць, для яго не заробак, а задавальненне, і ганарыцца, што на заняткі да яго прыходзіць усё больш людзей. Прычым умовы для медытацыі, кажа, у нас нашмат лепшыя, чым у яго на радзіме: бо ў Мінску на вуліцах не так шумна, і ў горадзе шмат зялёных зон і паркаў.

Вясковыя індыйскія дзеці. Штат Керала. 2016 г.
Фота: Іван Ждановіч

Спецыі, чай, ёга — яны па-ранейшаму ў аснове нашых даўніх сувязяў. А тым часам сяброўства паміж краінамі падмацоўваецца і ўзаемавыгаднымі бізнес-праектамі, развіццём сумесных вытворчасцяў у галіне фармакалогіі, энергетыкі, прамысловасці, сувязі, у сельскай гаспадарцы, бія- і нанатэхналогіях. Дарэчы, нядаўна ў Беларусі адзначылі яшчэ адзін юбілей, звязаны з Індыяй: 12 студзеня было 5 гадоў беларуска-індыйскаму Навучальнаму цэнтру імя Раджыва Гандзі, створанаму на базе Парка высокіх тэхналогій. Асноўны напрамак у дзейнасці Цэнтра — падрыхтоўка кадраў у галіне інфармацыйных тэхналогій. Ужо тысячы студэнтаў прайшлі гэты “айцішны інкубатар” ды заявілі пра сябе на сусветным рынку.

І сяброўскія стасункі паміж дзвюма краінамі развіваюцца. У прыватнасці, беларусы ездзяць у Індыю на курорты Аюрведы, дзе падмацоўваюць здароўе ў дактароў-знаўцаў старажытнай традыцыі.

Мы і надалей гатовыя да цеснага супрацоўніцтва, да рэалізацыі сумесных праектаў, да новых інвестыцый… Але ж, мяркую, і чай са сланом, і спецыі, і ёга з Аюрведаю, і такія цудоўныя людзі, як Бікаш Нахар — нам патрэбныя! Таму што, пагаварыўшы з ім, пачынаеш іншымі вачыма глядзець на суайчыннікаў, на свой горад, на сваю краіну. І ўвогуле: чым больш цікавых людзей, з розным жыццёвым досведам, жыве ў краіне — тым яна багацейшая. А такія людзі, як Бікаш Нахар, яшчэ ж і прадстаўнікі аднаго з самых старажытных народаў на Зямлі.

Голас Радзімы № 15 (3519), чацвер, 13 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter