Другая ластаўка ад «Мастоўдрэва»

Для дрэваапрацоўчай галіны Беларусі мадэрнізацыя доўгі час была марай нязбытнай
Само паняцце мадэрнізацыі гучыць ёміста і маштабна і мае на ўвазе вялікую працу, звязаную з заменай старога абсталявання, вытворчасці новым. Словам, вестка добрая. Толькі вось для дрэваапрацоўчай галіны краіны доўгі час яна была марай нязбытнай. Задумана мадэрнiзацыя была маштабна, і нават планавалася завяршыць яе за некалькі гадоў. Але на самай справе пасля крытыкі Кіраўніка дзяржавы на фінішную прамую прадпрыемствы галіны выйшлі не так даўно. У прыватнасці, ААТ «Мастоўдрэў» вось-вось завершыць рэалізацыю інвестыцыйнага праекта «Арганізацыя новых вытворчасцей з тэхнічным пераўзбраеннем дзеючых. Арганізацыя вытворчасці драўнінна-валакністых пліт (МДФ/ХДФ)». Абяцаюць, на поўную магутнасць — а гэта 150 тысяч кубаметраў пліты ў год — новая вытворчасць запрацуе ўжо з лютага 2015-га.

Зрэшты, можна сказаць, што тут гэта ўжо, так бы мовіць, другая ластаўка. Першая — мадэрнізацыя фанернай вытворчасці з наладкай выпуску імпартазамяшчальнага тавару, дарэчы, адзінага на ўсю краіну, — ужо завершана. Праца ідзе ў штатным рэжыме, а загрузка магутнасцей за студзень—верасень 2014-га перавысіла 90 працэнтаў. Дарэчы, тут выпускаецца каля 70 працэнтаў прадукцыі ўсяго прадпрыемства, распавядае намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Мастоўдрэў» па ідэалагічнай рабоце, кадрах і быце Іван Біліда. «16 мільёнаў еўра пайшло на мадэрнізацыю вытворчасці, — кажа ён, — падключылі новае абсталяванне.

Супрацоўнік завода Аляксандр КРАСНЯНСКІ дэманструе пробную прадукцыю.
Супрацоўнік завода Аляксандр КРАСНЯНСКІ дэманструе пробную прадукцыю.

І мы адзіныя ў краіне, хто выпускае фанеру згодна з еўрастандартам. Сваю аддачу цэх прыносіць. Наша прадукцыя выкарыстоўваецца ў машынабудаванні, будаўніцтве жылля».

Новая вытворчасць пліт МДФ, або, правільней сказаць, новы завод у межах завода, вырасла на месцы цэха драўнінна-стружкавых пліт, які маральна і тэхнічна састарэў і быў спынены ва ўжо далёкім 2008 годзе. На першы погляд, гаворка ідзе аб падобнай прадукцыі — і тут, і там пліты, але, па сутнасці, новую вытворчасць з ранейшай параўнаць складана. І не толькі таму, што выпускацца прадукцыя будзе на абсталяванні прызнанага ва ўсім свеце лідара ў гэтай галіне — нямецкай фірмы «Дыфенбахер». Фактычна гаворка ідзе пра безадходную вытворчасць з мінімальным выкарыстаннем чалавечай працы. Запуск пробнай пліты тут ужо таксама адбыўся.

«Вытворчасць аўтаматызаваная, — распавядае намеснік начальніка па вытворчасці цэха, які мадэрнізуецца, Аляксандр Краснянскі. — 42 тэхналагічныя камеры выво-дзяць увесь працэс на маніторы. Людзі за камп’ютарамі яго кантралююць. Нават адбракоўка пліты робіцца электронікай, і брак адразу ж ідзе на перапрацоўку і — у энергаўстаноўкі. Гатовыя пакеты вагой да 30 тон паступаюць на склад».

Пра энергаўстаноўкі наогул гутарка асобная. Энергазатратная вытворчасць будзе забяспечваць сябе самастойна за кошт спальвання сваіх жа адходаў. Тут, запэўнівае Аляксандр Краснянскі, праводзячы па цэху вышынёй з трынаццаці-этажны дом, не будзе нават выкідаў: дымавыя газы ачышчаюцца ад цвёрдых уключэнняў і выкарыстоўваюцца ў тэхналагічным працэсе для сушкі валакна, з якога вырабляецца пліта МДФ. 

«Хутчэй за ўсё, новы цэх, — разважае суразмоўца, — стане асобным заводам. Тут шмат участкаў: па падрыхтоўцы вады для энергамодуля, ачышчальныя збудаванні, градзірня, смалакурня, цэх імпрэгніравання, лінія вытворчасці пліты МДФ (600 кубоў пліты ў суткі), шліфавальны ўчастак, лінія ламі-ніравання».

Маладыя спецыялісты Максім РЫБАК і Кацярына КАШТОРНАЯ рады працаваць на новай вытворчасці.
Маладыя спецыялісты Максім РЫБАК і Кацярына КАШТОРНАЯ рады працаваць на новай вытворчасці. Фота Віталія ГІЛЯ

Зразумела, што мадэрнізацыя вытворчасці патрабуе новых кадраў. І гэтым пытаннем на прадпрыемстве займаюцца ўжо з лета. Не забываюць пра маладых спецыялістаў, якіх, і гэта рэдкі выпадак для мастоўскіх прадпрыемстваў, прыбыло больш за семдзесят. Пастаўшчыкамі кадраў сталі БДТУ, ГрДУ і іншыя ўстановы адукацыі. Дарэчы, моладзь да вытворчасці ставіцца з вялікай цікавасцю. Па словах інжынера-хіміка тэхнолага дрэваапрацоўчай галіны Максіма Рыбака, які атрымаў размеркаванне на «Мастоўдрэў», працаваць на новым прадпрыемстве — гэта цікава і адказна. «Я бачыў, як яно зараджалася фактычна з нуля, — кажа ён. — Акрамя таго, тут створаны ўсе ўмовы для маладых спецыялістаў. Плануюць, напрыклад, увесці ў строй арэнднае жыллё. А значыць, у першую чаргу ўсе сямейныя вырашаць жыллёвае пытанне. Я родам з Зэльвы, гэта недалёка адсюль, і я планую застацца на прадпрыемстве». З ім згодная і Кацярына Кашторная: «Працаваць тут цікава. Перш чым запусціць абсталяванне, мы кожны болцік са слесарамі, электрыкамі і аператарамі пракручваем, вывучаем. Мы ведаем тут кожны сантыметр, таму што прыйшлі на вытворчасць, якая толькі запускалася. Вядома, гэта ўсё дадае цікавасці ў нашу працу. Калектыў у большасці сваёй малады, і гэта таксама добра». 

Тавар, які тут вырабляецца, плануюць пастаўляць не толькі на ўнутраны рынак, але і на экспарт. Дарэчы, ужо сёння каля паловы прадукцыі «Мастоўдрэва» адпраўляецца за межы краіны. У прыватнасці, у Расію. Разам з тым пакуль прадпрыемства перажывае няпростыя часы. «Нягледзячы на крэдыты, — кажа Іван Біліда, — на будоўлю, а ў прыватнасці на пробныя запускі новага абсталявання, затрачваюцца значныя сродкі прадпрыемства. Так што пакуль аб атрыманні прыбытку гаварыць не прыходзіцца. Але ж, безумоўна, усе гэтыя выдаткі акупяцца ў будучым».

Вера АРТЭАГА

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter