З-за сухога надвор’я, што ўсталявалася апошнім часам, у лясах наступіў ІІІ клас пажарнай небяспекі. Невялікае пахаладанне, а таксама хуткія навальнічныя ліўні, што пранесліся ў розных рэгіёнах, істотнага ўплыву на сітуацыю не аказалі. У дзясятках раёнаў краіны аб’яўлены абмежаванні, а то і забароны на наведванне лясоў. Для кантролю за выкананнем іх правілаў работнікі лясной аховы праводзяць рэйды, у адзін з якіх выправілася і карэспандэнт «Р».

Уезд забаронены
З пачатку года на тэрыторыі краіны адбылося ўжо 953 выпадкі лясных пажараў, прычым літаральна 2 з іх — за апошнія суткі. Гэта колькасць перавышае паказчык за аналагічны перыяд мінулага года. Праўда, агульная плошча пашкоджаных агнём лясоў меншая, чым летась, таму што большасць пажараў выяўлена і ліквідавана на ранняй стадыі.
Зараз наведванне лясоў забаронена ці абмежавана ў 43 раёнах краіны, у тым ліку ў 19 раёнах Гомельскай вобласці і ў 14 — Мінскай. Сёння мы праверым, ці выконваюць гэтыя правілы ва Уздзенскім раёне Мінскай вобласці.

— З-за сухога надвор’я грыбоў у лесе амаль няма, — адразу расчароўвае Дзмітрый Віяленцій, інжынер па ахове і абароне лесу Уздзенскага лясгаса. — Хіба толькі лісічкі можна знайсці дзе-небудзь у нізінах. Заканчваецца сезон чарніц. Тым не менш людзі імкнуцца ў лес: хтосьці ўсё ж спадзяецца знайсці грыбы, іншыя ідуць па апошнія чарніцы, якія зараз узняліся ў цане. А літаральна ўчора пачаўся сезон збору брусніц.
На тэрыторыі Уздзенскага раёна з 3 жніўня дзейнічае абмежаванне на наведванне лясоў, прынятае рашэннем мясцовага выканкама. Гэта значыць, што людзі могуць знаходзіцца на тэрыторыі ляснога фонду, але не маюць права заязджаць у лес на машыне, распальваць вогнішчы, выкарыстоўваць адкрыты агонь, праводзіць работы, не звязаныя з вядзеннем лясной гаспадаркі, ладзіць масавыя мерапрыемствы.

— Рэйд — гэта не прагулка па лесе, — папярэджвае Дзмітрый Пінчук, начальнік аддзела аховы і абароны лесу Дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Мінскай вобласці. — Хадзіць — абавязак лесніка. Уся тэрыторыя раздзелена на абходы, гэта значыць участкі лесу, замацаваныя за кожным чалавекам. У яго ёсць маршрут патрулявання, на якім трэба сачыць за парадкам, прыбіраць, калі трэба, кантраляваць стан шлагбаумаў, аншлагаў, квартальных слупоў. Рэйды ж накіраваны менавіта на прафілактыку і выяўленне парушэнняў ляснога прыродаахоўнага заканадаўства. Інжынерна-тэхнічныя работнікі, прадстаўнікі лясгасаў і лясніцтваў аб’язджаюць тэрыторыю на машынах. Яны ведаюць грыбныя і ягадныя месцы, папулярныя ўезды.

З цыгарэтай у руках
Рухаемся па тэрыторыі Лашанскага лясніцтва. Уезды ў лес закрыты шлагбаумамі, праз пэўныя адрэзкі ўсталяваны аншлагі з патрабаваннем прытрымлівацца правілаў пажарнай бяспекі. Але што гэта? На адным са з’ездаў шлагбаум адсунуты, а на пяску засталіся свежыя адбіткі аўтамабільных пратэктараў. Шлагбаум тут жа вяртаецца на месца, а мы пешшу рухаемся ў глыбіню лесу.Сухі мох храбусціць пад нагамі, як снег. Хто сказаў, што чарніцы заканчваюцца? Зусім побач з трасай разросся даволі буйны ягаднік, там і сям чарнеюць ягадкі, праўда, невялікія памерам. Крыху далей натыкаемся на бруснічнік, які зіхаціць рубінавымі кроплямі. Паблізу нікога не відаць, і мы вяртаемся да шлагбаума.

Камеры відэаназірання, якія рэагуюць на рух, робяць серыю здымкаў і адпраўляюць іх на мабільны тэлефон спецыяліста, зарэкамендавалі сябе як дзейны сродак барацьбы і з «падпальшчыкамі», і з ахвотнікамі пачаць сезон збору брусніц і клюквы раней, чым дазволена, і з тымі, хто засмечвае лес. Ва Уздзенскім лясгасе іх сем.

Што ж, няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. КоАП прадугледжвае за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі санкцыі ад папярэджання да 25 базавых велічынь. У дадзеным выпадку абыходзімся папярэджаннем.

Калі такое сухое надвор’е пратрымаецца да канца тыдня, можа наступіць IV клас пажарнай небяспекі, пры якім доступ у лясы ўвогуле забараняецца. Гэтая мера апраўданая: у 90 працэнтах выпадкаў лясныя пажары пачынаюцца па віне чалавека.
nevmer@sb.by