Зарядить телефон, найти утерянные ключи и кошелек: группа энтузиастов из Минска создает маленькие умные устройства для интернет-вещей

Дробязь, а прыемна

Разумныя гарады, дамы і транспарт — тэхналогіі, якія палепшаць наша жыццё, вызваляць час, паступова пранікаюць у побыт. Хутка, напэўна, загады можна будзе даваць якой заўгодна тэхніцы, і яна ўсё зробіць за нас. Пакуль гэтыя фішкі нятанныя. Але ёсць міні-прыстасаванні, якія можна набыць і не спустошыць пры гэтым кашалёк. Карэспандэнт «Р» пазнаёмілася з распрацоўшчыкамі такіх прылад, якія маюць шмат карысных функцый, — практычна, як швейцарскі нож.

Юрый КОРХАЎ: «Каманда з сямі чалавек зараз працуе над пяццю рознымі прыладамі. У планах яшчэ дзве». 
Фота Аляксандра СТАДУБА

Дзе  ляжаць  ключы  ад  кватэры


З кіраўніком і ідэйным натхняльнікам каманды распрацоўшчыкаў шматфункцыянальных прылад мы сустракаемся ў цэнтры Мінска. Юрый Корхаў адразу прыступае да справы: з кішэні пінжака дастае звязку ключоў з бірулькай.

— Мае ключы такія ж, як і вашы, толькі наўрад ці я свае згублю незваротна ў адрозненне ад вас, — Юрый кладзе іх на стол і прапануе разгледзець, што ж з імі не так. Не ведаю, такія ж...

— Усе перавагі ў маленькай бірульцы. Гэта наш першы прататып прылады, якую плануем прадаваць па ўсім свеце.

Сем сантыметраў у даўжыню плюс мацаванне, важыць каля 50 грамаў — такая з выгляду бірулька. Зроблена яна на 3D-прынтары з мяккага пластыку. Самае галоўнае ў бірульцы, аналагаў якой няма, унутры. І якія ж функцыі яна выконвае?

— Самая простая — націсніце на кнопку. Бачыце ліхтарык? Калі зайшлі ў пад'езд з ключамі, а там цёмна, адразу асветліце сабе шлях, знойдзеце замочную шчыліну, — круціць прыстасаванне ў руках Юрый. — Другое прызначэнне — свайго роду экстраная падзарадка тэлефона. Унутры акумулятар на 1000 мікраампер — 20—25 працэнтаў зараду тэлефона, якога хопіць на гадзіну працы. Знізу USB і Micro-USB-уваходы: для падзарадкі тэлефона і самой прылады.
Вось так выглядае разумная бірулька для ключоў.


Самая важная функцыя разумнай бірулькі — магчымасць знайсці яе. Што рабіць, калі згубілі ключы ў траве, на пляжы, у сумцы, таксі? Бірулька першапачаткова звязана са смартфонам уладальніка ключоў. У спецыяльным мабільным дадатку пры запуску прылады ўводзіцца код, надрукаваны па-над бірулькай, і праз Bluetooth або GSM-сетку тэлефон звязваецца з ёй. Юрый кажа, што ў прыладзе стаіць eSIM (модуль ідэнтыфікацыі абанента). Выкарыстанне eSIM дазваляе рэчы працаваць больш як у 200 краінах свету.

— Калі ключы на адлегласці за 25 метраў ад вас, праграма на смартфоне апавесціць: ключы ляжаць там — бачная лакацыя. Пры неабходнасці прылада будзе выдаваць гук, мігацець, калі чалавек націсне на абразок у мабільным дадатку, — тлумачыць працу Юрый Корхаў. — Прылада траціць энергію толькі ў тым выпадку, калі вы далёка ад бірулькі ці ўвесь зарад аддалі на падзарадку смартфона.

Пакуль  трымаецца  зарад


Такая бірулька будзе працаваць каля 9 месяцаў. Многа ці мала? У параўнанні з тым, што прадстаўлена на рынку (хоць аналагічных па функцыянале прыстасаванняў яшчэ няма), гэта многа. Звычайна кашалькі, бірулькі, гадзіннікі і іншыя рэчы працуюць ад двух дзён да некалькіх тыдняў. Каштуюць яны ад 10 да 400 рублёў. Не паверыце — купляюць.

— Чаму наша прылада лепшая? Таму што не трэба дадаткова нічога набываць. Мы ствараем не проста прыладу, а экасістэму для інтэрнэт-рэчаў, якая будзе працаваць з дапамогай блокчэйн. Вы купляеце разам з eSIM гэтае прыстасаванне, якое будзе каштаваць ад 30 да 60 рублёў, скачваеце праграму, падпісваецеся на абслугоўванне сувязі — віртуальнага аператара. Гэта каля 2 рублёў у месяц. Звязваеце прыладу і смартфон праз Bluetooth і карыстаецеся, — тлумачыць Юрый. — Пры гэтым бацька, які купіў такі гаджэт дзіцяці, можа на сваім смартфоне бачыць, дзе яно знаходзіцца, дзе згубіла ключы. Мы ж не будзем ведаць, дзе ўладальнікі гэтых прыстасаванняў.

Мяне зачапіў факт, што сувязь з прыладай трымаецца ў межах 25 метраў. Неўзабаве ключы засталіся ў таксі, а кіроўца з'ехаў за кіламетры? Вось тут і ўключаецца сувязь праз GPS. Смартфон пакажа, дзе бірулька, з дакладнасцю да 5 метраў. Тое, што гэта GPS-трэкер, — таксама невялікая замінка для вытворчасці. Раптам адсочваць будзе, перадаваць трэцім асобам даныя аб знаходжанні ўладальніка. На прыладзе, кажа Юрый, пазначаны індыкатар, з якім камандзе трэба прайсці стандартызацыю, перш чым запускаць у вытворчасць.

Самі  з  вусамі


Распрацоўваецца прылада і для сабачага нашыйніка. Пакуль па памерах яна плануецца крыху меншай, чым для ключоў, але ў будучыні зробяць прыстасаванне не большае за манетку. Якія перавагі для гаспадароў гадаванцаў? Калі сабака ўцячэ далей за 25 метраў і згубіцца, то зараду прылады хопіць на 2—3 дні — мабільны дадатак пакажа геалакацыю сабакі.

Каманда стварае і кашалёк, які, як і ключы, не зробіць. Такія вырабляюць у ЗША. Але нашыя будуць у некалькі разоў танней, плюс пададуць платформу з падпіскай: «Ніякіх SIM-карт». Падобныя прылады са сваім дызайнам робяць і для падарожнікаў, толькі з вялікай колькасцю зараду.

— Яшчэ адна наша прылада — супрацьугонная. Для веласіпедаў. Выглядаць будзе як трос, які мацуецца звычайна на веласіпед. Як толькі нехта паспрабуе зняць трос, у якога, дарэчы, няма ўваходу для ключа — ён працуе дзякуючы смартфону гаспадара, — уключыцца сігналізацыя. Падобныя прыстасаванні працуюць нядоўга і каштуюць каля 400 рублёў. У нас за такія грошы цэлы веласіпед набыць можна! Наша цана будзе ў разы меншая.

У цэлым каманда не баіцца, што нехта выкрадзе ідэі. Наадварот, пасля запуску ў наступным месяцы першай прылады на краўдфандынгавай пляцоўцы яны будуць прадастаўляць сваю платформу для іншых каманд распрацоўшчыкаў, дзяліцца макетамі таго, што ёсць.

— Наша задача — стварыць разумную экасістэму прылад. Купляйце іншую рэч, але падключайцеся да зручнай віртуальнай сістэмы, скачвайце дадатак падтрымкі, — падсумоўвае Юрый. — На гэтай платформе ўсе свае гаджэты можна будзе звязаць, каб яны працавалі так, як вам трэба, як зручна. Пакуль адбываецца ўзаемадзеянне «мабільны тэлефон — прылада». У будучыні самі прыстасаванні будуць узаемадзейнічаць паміж сабой. Уявіце: падыходзіце да дома, адна з рэчаў бачыць гэта і паведамляе чайніку, што трэба ўключыцца. Разумныя дамы і побыт наступяць вельмі хутка.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter