Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Дрэвы

Дрэвы

Пашукаць тую вёсачку, якую б не туліла, не ахінала процьма садовых дрэў ды кустоў, не аздабляла іншая зеляніна. Некаторыя расліны, можа, і не дораць жыхарам паселішча плады розныя ды ягады, затое ў свой час напаўняюць двары ды вуліцы неверагодным пахам сваёй квецені. Успомніць хаця б тыя ж кусты бэзу, язміну ці чаромхі.


Мала гэтага, над вёскамі ды паселішчамі больш люднымі цягнуцца далёка ўгору сваімі разлапістымі шатамі дрэвы намнога больш сур’ёзныя, больш магутныя, такой вышыні — галава закружыцца. Здалёк яшчэ не блішчаць стрэхамі хаты, а явары, дубы ды ліпы ўжо вітаюць цябе, быццам абвяшчаюць, што тут, пад іх веццем, — жыллё чалавечае, якое не першы век поўніцца паўсядзённым клопатам ды неверагоднымі разнастайнымі лёсамі.

І спалучаюцца яны паміж сабой: дрэвы і меншая расліннасць з хатамі, гаспадарчымі пабудовамі, калодзежамі, склепамі ды пунькамі — настолькі гарманічна адно аднаго дапаўняючы, што наўрад ці нехта змог бы ўявіць, што часткі гэтага чароўнага свету нашай мілай глыбінкі могуць існаваць неяк паасобку.


…Дарога, ледзьве не губляючыся сярод старога ляснога гушчару, нарэшце з задавальненнем выбегла на яго ўскраіну і нешырокай стужкай пацякла між палеткаў, уздоўж меліярацыйнага канала, у свой час па жаданні чалавека замяніўшага мясцовую рэчачку. Яна ціхай сваёй плынню нагадвала жыццё і самой вёсачкі, і яе нешматлікіх няўрымслівых жыхароў.

Далей ад лесу віднеліся некалькі зусім невялічкіх пагоркаў, якія наўкруг разлягліся вакол прадаўгаватай лагчыны. Над ёй цёмна-зялёным густым ахапкам на фоне чыстага блакітнага неба выдзяляліся высачэзныя дрэвы — першая прыкмета, што да вёскі ўжо літаральна рукой падаць.


Тыя дрэвы, што бясспрэчна панавалі над прасторай паселішча, над дахамі пабудоў, над вуліцамі, садамі ды агародамі, даючы прахалоду, утульнасць, зацішнасць — глядзеліся неяк цэласна, згуртавана. Яны нячутна неслі адказнасць за пакой жыхароў вёскі. Галінамі, як далонямі, ахіналі паселішча, хаваючы яго ад сонечнай спякоты ды навальніц, дажджу ды нястрымнага ветру, баранілі і ахоўвалі як маглі, як атрымлівалася.

Але ж, як гэта заўсёды бывае, не абыходзіцца без выключэнняў, хаця і нешматлікіх. А яны хаваюць гісторыі і легенды, цікавыя і нават фантастычныя.


І ў гэтай вандроўцы натрапіў я на цікавую гісторыю, хоць невялічкую. Пад’ехаўшы зусім блізка да пачатку вуліцы, да першых яе хат, я нечакана заўважыў з левага боку ад дарогі тры неверагодна прыгожыя, раўнюткія ад пня да вершалін лістоўніцы. Яны, як быццам, наўмысна адбеглі ад такіх жа высокіх і сталых дрэў, якія шчыльным ланцужком расцягнуліся паабапал нешырокай вуліцы.


У першых жа мясцовых жыхароў, якія мне трапіліся, спытаў, чаму гэтыя лістоўніцы растуць асобна пры дарозе: можа, нехта памятае, хто іх пасадзіў? Высветлілася, што яны — усё, што засталося ад колішняй заможнай сядзібы, якая існавала непадалёк, калі самой вёсачкі і заваду не было. Некалі была высаджана цэлая алея, якая злучала двор сядзібы з паштовым трактам, уздоўж якога з цягам часу з’явілася гэтая вёска. Побач з дрэвамі стаяла невялікая драўляная карчма. Вось ад яе і пачалі будавацца першыя хаты. Карчмы і сядзібных пабудоў няма даўно. Ды і ад алеі толькі гэтыя тры дрэвы засталіся.


«Калі будзеш ехаць назад, — параілі мне вяскоўцы, — звярні ўвагу, што адно дрэва трошкі ніжэйшае за астатнія і вершаліна яго раздвоеная. Маланка яго расшчапіла. Каб не дрэва, можа, і вёска наша ці, не дай божа, чалавек які пацярпелі б. Мы так лічым, што абараніла нас дрэва. Пасля гэтага і крыжык ля іх змайстравалі. Цэркаўкі ў нас няма, дык вось хоць крыжыку дарожнаму, а разам з ім і лістоўніцам на паклон з удзячнасцю прыходзім».

Вяртаючыся, не забыўся, як наказвалі жыхары паселішча, прыпыніцца каля дрэў. Паклон і пашану аддаў гэтым веліканам і сціпламу драўлянаму крыжыку. Падняўшы вочы да вершалін, да блакітных нябёсаў, пажадаў ім стаяць тут яшчэ стагоддзі, несці нязменную варту, абараняць вёсачку і яе жыхароў, такіх працавітых, шчырых, ветлівых, заўсёды гасцінных, калі б ты да іх не завітаў.

Уладзiмiр ЦВIРКА.

v-cvirko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter