Беларусь Сегодня

Минск
+16 oC
USD: 2.04
EUR: 2.32

Деревья с иголочки: репортаж из питомника, где выращивают ели для новогодних базаров

Дрэвы з iголачкi

Ну які Новы год без ёлкі? Хтосьці прынцыпова набывае штучныя, жывыя не купляе, аргументуючы тым, што такім чынам беражэ прыроду. Аднак гэта не так. Дрэвы для навагодніх кірмашоў вырошчваюць на спецыяльных плантацыях. Напярэдадні старту ёлачных кірмашоў карэспандэнт «Рэспублікі» пабывала на адным з іх і даведалася, як вырошчваюць прыгожыя і сіметрычныя навагоднія дрэвы?

Нарыхтоўваюць толькі самыя стройныя і пухнатыя ёлкі.

Вось месца, дзе нараджаецца лес,галоўны ляснічы Маладзечанскага лясгаса Андрэй Шыбека сустракае мяне ля ўвахода ў гадавальнік каля вёскі Гарадок.

Доўгія роўныя шэрагі з маладзенькіх ялінак раскінуліся на сотні метраў. Ля кожнага ўстаноўлена шыльда з надпісам — колькі гадоў саджанцу і калі яго перасадзілі. Непадалёк размясцілася плантацыя дарослых іглічных дрэў. З іх збіраюць шышкі для насення. Гэта даволі складаны і доўгі працэс. Ёлка, напрыклад, пладаносіць раз у пяць гадоў…

Гадавальнік — тэрыторыя адкрытая, таму кроны дрэў развіваюцца раўнамерна і густа у адрозненне ад ялінак, якія растуць у лесе і нарыхтоўваюцца ў працэсе высечак.

Андрэй Шыбека:

— Іглічнае пасяўное аддзяленне ў нас займае 1 гектар. Атрымліваем да 5 мільёнаў сеянцаў. Іх рэгулярна падкормліваем, праполваем, паліваем...

— Для сасны двух гадоў у гадавальніку цалкам дастаткова, каб адужаць, — падключаецца да размовы начальнік гадавальніка Антон Тарасевіч. — Вось гэтыя сосны (паказвае рукой у бок двухгадовых сеянцаў. – Аўт.) ужо вясной можна смела высаджваць на плантацыях у лясах. Ёлкі растуць павольней, таму застаюцца ў гадавальніку да чатырохгадовага ўзросту як мінімум.

Высаджаныя на спецыяльных плантацыях чатырохгадовыя ёлкі змогуць упрыгожыць кватэры да свята не раней, чым яшчэ праз 5—7 гадоў. Такім чынам, на вырошчванне аднаго навагодняга дрэва трэба 9—11 гадоў. Апусцелыя пасля высечкі плантацыі заворваюцца і засаджваюцца наступным пакаленнем навагодніх дрэў.

Істотна паскарае працэс вырошчвання дрэў цяпліца. Іх тут трымаюць у спецыяльных касетах. Ставім побач ялінку-аднагодку ў касеце і вырашчаную ў адкрытым грунце ялінку-двухгодку і пераконваемся, што абедзве аднаго росту. Плюс метаду яшчэ і ў тым, што дрэвы можна сеяць на працягу ўсяго вегетацыйнага перыяду.

Гартуюцца, — Антон Тарасевіч ківае ў бок ялінак у касетах, якія цяпер стаяць пад навесам на вуліцы. — У цяпліцы створаны аптымальныя ўмовы. Ёлкі адтуль нельга адразу высадзіць у лес, трэба перш іх падрыхтаваць. Дарэчы, каб атрымаць густыя і сіметрычныя навагоднія дрэвы, трэба даваць ім удосталь харчавання і святла. Пры правільным доглядзе да трохгадовага ўзросту яны дасягнуць паўметра, а затым пачнуць прыбаўляць у год па 40—50 сантыметраў.

Пакупніку спадабаліся ёлкі ў кадках.
Фота аўтара

Пакупніку спадабаліся ёлкі ў кадках. Хтосьці кіруецца логікай, маўляў, пасля свят пастаўлю на балкон, да наступнага года выстаіць. Андрэй Шыбека растлумачыў:

— Ёлка ў кадцы зараз спіць. У доме яе можна трымаць не даўжэй за тыдзень. Інакш яна прачнецца, пусціцца ў рост, засохне і загіне. Ссечаную ёлку таксама нельга занасіць з вуліцы адразу ў кватэру. Патрымайце яе дзянёк на балконе, няхай яна прызвычайваецца да высокай тэмпературы паступова.

…Едзем на яловую плантацыю ў лес. Па дарозе размова заходзіць пра ёлачныя базары, якія сёлета адкрыюцца ў Мінску і вобласці 21 снежня.

— Ёлак хопіць усім? — цікаўлюся.

Ажыятаж пачынаецца за пару дзён да каталіцкіх Каляд. Таму перад стартам навагодніх кірмашоў стараемся стварыць запас дрэў, — Андрэй Шыбека кажа пра лагістыку. — У самыя «гарачыя» дні, каб задаволіць попыт, даводзіцца рабіць два-тры рэйсы. Без ёлкі ніхто не застанецца!

Якім бы вялікім нi быў асартымент на ёлачных базарах, заўсёды знойдуцца аматары схадзіць у лес з сякерай і самавольна ссекчы дрэўца. Ім супрацоўнікі лясгаса нагадалі, што з учарашняга дня на перыяд навагодніх свят у краіне дзейнічае ўзмоцнены рэжым аховы лясоў. Задзейнічаны супрацоўнікі дзяржлесаховы, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, Мінпрыроды і МУС. На аўтадарогах выставілі каля 300 кантрольных пастоў. Паралельна мабільныя пасты патрулююць асабліва «смачныя» ўчасткі лесу, дзе расце маладняк. Фотапасткі таксама сочаць за сітуацыяй: у лясах устаноўлена 637 камер фота- і відэафіксацыі. 

У цэлым ляснічыя сышліся ў меркаванні, што парушальнікаў стала менш. Па-першае, многія абзавяліся штучнымі дрэвамі. Па-другое, штрафы вялікія: за незаконна ссечанае дрэва прыйдзецца заплаціць 122,5—1225 рублёў. Ды і навошта кудысьці ехаць, калі ёлачныя кірмашы ў горадзе на кожным кроку. Але ўсё ж парушальнікі ёсць. У мінулым годзе, напрыклад, больш за 50 чалавек затрыманыя з ёлачкамі без дакументаў.

...Сцяжынку да той самай плантацыі, адкуль навагоднія прыгажуні трапляюць на ёлачныя кірмашы, з дарогі не відаць. Па раз’езджанай трактарам дарожцы паглыбляемся ў лес разам з ляснічым Гарадоцкага лясніцтва Юрыем Сіцько. Па такім маршруце грузавікі з ёлкамі ездзяць штодзень. Плантацыя, на якую мы накіроўваемся, створана ў 2011 годзе. Тут высаджана каля 5 тысяч ёлак. Запасу хопіць і на гэты, і на наступны Новы год!

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости и статьи