Как мастер из Минска создает уникальные народные инструменты и возрождает фольклор

Дрэва, якое спявае

Калі паглыбіцца ў гісторыю музычных інструментаў, то можна заўважыць, што краіны іх паходжання «раскіданы» па ўсім свеце: Італія ганарыцца скрыпкай, Егіпет узносіць арфу, а ў Германіі некалькі гадоў таму знайшлі часткі самага старажытнага інструмента — флейты. У нашай краіны ў гэтым плане таксама вельмі багатая гісторыя: гуслі, дудка, жалейка — усё гэта «нарадзілася» на беларускай зямлі. Некаторым можа падацца, што народныя інструменты адышлі ў нябыт, а іх месца занялі сучасныя «наварочаныя» электрагітары і сінтэзатары. Але гэта зусім не так, упэўнены майстар традыцыйных музычных інструментаў Дзяніс Сухі. Вось ужо 15 гадоў ён ператварае дрэва ў творы мастацтва і сам на іх іграе ў калектыве «Коліснія». Карэспандэнт «Р» паглядзела, як працуе майстар, а таксама пагутарыла з ім пра тое, чаму без моцных нерваў у гэтай прафесіі не абысціся і што лепш «гучыць» — клён ці ясень.

Дзяніс СУХІ не толькі майстар дудаў, але і добры музыкант.

Бег з бар’ерамі да мары

— Толькі не кажыце «валынка», гэта дуда! — яшчэ па тэлефоне, дамаўляючыся пра сустрэчу, я зразумела: з Дзянісам жарты кароткія. — І яшчэ: пра народныя інструменты я хачу размаўляць на роднай мове, гэта не праблема? — Ну што рабіць, такіх майстроў — адзін на мільён, давялося згаджацца.

Праз колькі дзён (і некалькі гадзін сам-насам з руска-беларускім слоўнікам у руках), падыходжу да брамы прыгожага цаглянага катэ-джа ў аграгарадку Самахвалавічы. Пакуль Дзяніс праводзіць мяне па цёмным калідоры ў майстэрню, якая знаходзіцца ў падвале з акенцамі, паспяваю пажартаваць, што расказала калегам аб сваім месцазнаходжанні. Але насамрэч майстэрня вельмі ўтульная: з парога адчуваю водар свежага дрэва і масла, якім пакрываюць вырабы, на сценах вісяць шматлікія сталярныя інструменты, а на сталах — загатоўкі для новай дуды. Магія творчасці, відаць, не пакідае гэтыя пакоі і ахінае кожнага, хто ўваходзіць.


На сценах вісяць шматлікія сталярныя інструменты, а на сталах — загатоўкі для новай дуды.


— Я нарадзіўся ў Светлагорску 39 гадоў таму, — расказвае пра сябе Дзяніс і паралельна выводзіць авальныя чарцяжы простым алоўкам па драўляным кубіку. — З дзяцінства любіў працаваць рукамі і рабіць нейкія мадэлі, арбалеты, лукі. У тыя часы ніякіх гаджэтаў не было, а першыя прыстаўкі з гульнямі з’явіліся значна пазней, таму дзеці рабілі цацкі сваімі рукамі. Мне было недастаткова проста карыстацца рэчамі, хацеў паглядзець, як усё працуе знутры. Пашанцавала, што бацька ўмеў працаваць рукамі — сам вагонку рабіў, нейкія станкі ў яго былі, таму, у прынцыпе, ён даў мне добры штуршок у гэтым напрамку.

Але потым з’явілася новае захапленне: хлопец пачаў займацца лёгкай атлетыкай, па першай адукацыі ён трэнер.

— Спорт быў для мяне вельмі важны, але ў 19 гадоў я атрымаў траўму калена — атлетыку давялося пакінуць. Гэты этап пераносіў цяжка, таму, каб запоўніць унутраную пустэчу, заняўся музыкай. Мой сябар меў музычную адукацыю па класе фартэпіяна і добра іграў на гітары, ён і вучыў мяне. Потым зацікавіўся цяжкой музыкай кшталту хэві-метал і купіў сабе электрагітару, а я набыў бас-гітару — так мы стварылі міні-гурт.

Музыка іх звязала

Потым Дзяніс паехаў вучыцца ў Мінск, у БНТУ, і зацікавіўся фальклорам і этнаграфіяй, нават спяваў у гурце «Кудмень». У той жа час упершыню пачуў дуду — хутчэй за ўсё, узгадвае, знаёмства адбылося на канцэрце гурта «Стары Ольса».

Цяжка ўявіць, што з неапрацаванага кавалка дрэва атрымліваецца прыгожы інструмент.

— Я адразу закахаўся ў гук і зразумеў, што павінен даведацца пра гэты інструмент больш. Спачатку пайшоў да Алеся Лася — гэта вельмі вядомы майстар і мастак, адзін з першых, хто пачаў аднаўляць дуду. Але ён жыў далёка, на хутары: мне было цяжка ездзіць, таму я пайшоў у вучні да яго сябра, таксама мастака, Тодара Кашкурэвіча, разам з якім і зрабіў сваю першую дуду. Тады мне было 23 гады.

Дзяніс прызнаецца: дзякуючы таму, што ён ужо працаваў з дрэвам, некаторыя элементы рабіць было няцяжка, а вось настройка патрабавала вялікай канцэнтрацыі і высілкаў.

— Каб пераасэнсаваць і зразумець усё, прайшоў не адзін год. Нават зараз я кожны дзень вучуся, хоць і зрабіў ужо 198 дудаў, пачынаючы з 2005 года. Спачатку працаваў менш актыўна, а зараз гэта мая асноўная праца — я зарэгістраваны як рамеснік.

Тэмбральна прыгожая i гучная басэтля атрымлiваецца з клёна i елкi.

Але майстар не спыніўся толькі на дудзе, яму стала цікава працаваць з іншымі інструментамі. Акрамя дудаў, ён робіць ліры, жалейкі і басэтлі (невялічкі інструмент, падобны на кантрабас). Апошні заказалі прадстаўнікі музея народных інструментаў — Дзяніс рабіў інструмент паўгода. Дарэчы, яму заўсёды было цікава, адкуль жа ў крыві такі запал да народнай музыкі: калі пачаў вывучаць радавод, зразумеў, што ўсё не проста так.

— Мой дзед Аляксей Сухі — традыцыйны спявак, стрыечны брат прадзеда Сідар Ждановіч быў лірнікам: таму сімпатыя ў мяне спадчынная. Акрамя пералічаных інструментаў, я граю на скрыпцы ў традыцыйнай манеры. Але ў кожны перыяд жыцця мне падабаюцца розныя інструменты, усё залежыць ад настрою і светаадчування, нейкіх жыццёвых перажыванняў.

Тры «кіты» прафесіянала

Каб рабіць музычныя інструменты, трэба адчуваць дрэва, быць нават скульптарам, а таксама мець музыкальны слых і ўстойлівую нервовую сістему.

— Гук «здабываць» з матэрыялу вельмі складана. Здаецца, робіш усё правільна, а яно не гучыць, і што з гэтым рабіць — незразумела. Па першым часе, калі нешта не атрымлівалася, мог пусціць дэталі пад сякеру. А зараз я ведаю: калі нешта не выходзіць, пройдзе час — і потым атрымаецца. Бывае, адпускаю сітуацыю на колькі дзён, потым прыходжу, нешта раблю за некалькі хвілін — гучыць! Кожная рэч праз некаторы час знаходзіць сваё месца. Бывае, пішчык (дэталь, якая адказвае за гук у дудзе) у адным інструменце ніяк не хоча строіцца — ноты хрыпяць, пераскокваюць. Раней я б зламаў яго і выкінуў, а зараз проста адкладваю — у нейкай іншай дудзе ён зайграе цудоўна. Дарэчы, дзякуючы прафесіі ў параўнанні з іншымі людзьмі я вельмі спакойны, мяне мала што можа вывесці з раўнавагі.

На некалькі хвілін спыняем размову: Дзяніс паказвае, як робіць рагаўні для дуды (драўляны раструб у форме рога). Для гэтага майстар бярэ просты, неапрацаваны кавалак бярозы і малюе на ім форму, якая павінна атрымацца напрыканцы. Акуляры, навушнікі — праз секунду пакой запаўняецца вострым гукам ад пілавальнага станка. Ад пранізлівага віскату мурашкі па скуры, але неўзабаве кавалак дрэва набывае патрэбную форму. Ювелірная праца!

Каб зрабіць рагаўні, майстар бярэ неапрацаваны кавалак бярозы і малюе на ім форму, якая павінна атрымацца напрыканцы.

— Астатнія часткі дуды выточваю на такарным станку. А вось мяшок, дзе канцэнтруецца паветра, шыю са скуры каровы ці казы. Уся праца займае ад двух тыдняў да двух месяцаў.

— А колькі каштуе такая дуда? — пытаюся.

— Мінімум 900 рублёў: усё залежыць ад тыпу інструмента, колькасці гукаў і інкрустацыі. Гук (бурдон) у гэтым інструменце адзін, а вось у дудзе-мацянцы іх тры. Дарэчы, я ўжо зрабіў адну басэтлю — гэта самы дарагі інструмент, ён каштаваў 2400 рублёў. А яшчэ — 8 лір: прычым іх рабіць досыць складана з-за вялікай колькасці дэталяў. Адна ліра каштуе 2000 рублёў і вышэй.

Ювелiрная праца. 

 Ясень, клён і груша

Усе неабходныя матэрыялы Дзяніс купляе ў прафесійных вытворцаў. Напрыклад, у аграгарадку Гатава ёсць завод, дзе прадаюць скуру, прыдатную для дуд.

Дрэва майстар купляе ў вытворцаў, а потым сам яго пілуе.

— Калі выбіраю, гляджу, каб кавалкі былі без дзірак. Адзін ліст скуры па памеры прыкладна паўтара метра квадратных, яго хапае на 2—3 дуды. Што тычыцца дрэва — купляю дошкі ў вытворцаў, а потым іх пілую. З бярозы раблю рагаўні, а ўсё астатняе — з клёна, ясеня, грушы. Ёсць шмат фактараў, ад якіх залежыць гук: дзе дрэва расло, якая ў яго шчыльнасць (чым больш, тым лепш). Гэта ўсё адчуваецца рукамі: калі вырабляеш, зразумела, порыстае яно ці шчыльнае. На мой погляд, самая гучная і тэмбральна прыгожая дуда атрымліваецца з ясеня, а ліра і басэтля — з клёна і елкі.

Дарэчы, струны для ліры майстар робіць з кішак барана — зрэдку круціць іх сам.

— Проста ў гіпермаркеце купляю і раблю па даўняй тэхналогіі: кручу, расцягваю, потым шліфую і палірую. Не вельмі прыемны працэс, таму перайшоў на струны для тэнісных ракетак: як натуральныя, з кішак, так і сінтэтычныя — усе яны гучаць добра. Але басовыя струны даводзіцца ўсё ж такі круціць самому.

Знак майстра

Інструменты ў Дзяніса заказваюць і прафесійныя музыканты, і аматары, і нават музычныя школы. Напрыклад, у гарадскім пасёлку Івянец ёсць школа, дзе дзяцей вучаць граць на дудзе і жалейках.

Інструменты ў Дзяніса заказваюць і прафесійныя музыканты, і аматары, і нават музычныя школы.

— Вельмі шмат інструментаў раблю для літоўцаў, яшчэ заказвалі з ЗША, Канады, Францыі, Швецыі. Даведваюцца пра мяне з сацсетак, але добра працуе «сарафаннае радыё», ёсць дударскія фэсты. Раней на работах я ставіў аўтарскі знак, але цяпер сэнсу няма — мае інструменты вельмі пазнавальныя.

Майстар кажа, што заўсёды стараецца бліжэй пазнаёміцца з замоўцам: чым больш цесны кантакт, тым прасцей рабіць інструмент.

— Я пытаю, чаму абралі дуду. Часцей за ўсё адказваюць, што спадабаўся гук. Калі я бачу чалавека, размаўляю з ім, тады адразу разумею, што яму трэба. Напэўна таму не было такога, каб людзі аказваліся незадаволеныя працай. Яшчэ мне важна, каб інструмент быў традыцыйны, фантастычныя штукі — напрыклад, галовы драконаў — не раблю. Адмаўляю, таму што ў традыцыйнай дудзе гэтага не было. Бо ёсць каноны інструмента: з чаго рабіўся, якім спосабам, як выглядаў. Я гэтай гісторыяй цікавіўся: ездзіў у музеі, чытаў артыкулы XIX стагоддзя, размаўляў з людзьмі, якія памятаюць, як гралі дудары. Таксама шукаў старыя запісы і стасаваўся з іншымі музыкантамі, даследчыкамі.

Нарміраванага графіка працы ў майстра няма: некаторыя аперацыі можна рабіць на аўтамаце, напрыклад, нешта абточваць. А вось пішчык і настройка патрабуюць вялікай канцэнтрацыі і сур’ёзнай эмацыянальнай падрыхтоўкі.

— Самае складанае ў працы — своечасова спыніцца, не заганяць сябе, даць арганізму адпачыць. Некаторыя кажуць: «Зрабі добра, няважна, колькі сыдзе часу», але звычайна я тэрміны сам сабе стаўлю, каб быць у тонусе. У адваротным выпадку гэта можа расцягнуцца надоўга. Але я таксама магу ў расслабленым рэжыме працаваць 2—3 дні, а потым за дзень зрабіць вельмі шмат. На гэта ўсё уплывае — і надвор’е, і ежа, і настрой.

Таксама Дзяніс займаецца рамонтам інструментаў, але гэтая праца яму не вельмі падабаецца.

— Шчыра кажучы, яна няўдзячная. Цяжка зразумець, што здарылася і як гэта выправіць. Калі сам дуду робіш, схема «абкатаная», а ў чужой трэба аналізаваць усё, каб не сапсаваць. У мяне былі складаныя сітуацыі, але потым усё роўна атрымлівалася добра.

Калі пытаюся ў Дзяніса, ці папулярная зараз, на яго думку, народная музыка, майстар здзіўляецца:

— Цяжка меркаваць, таму што я ў гэтым «варуся»: мне здаецца, усе займаюцца традыцыйнай музыкай. Зараз гэта набірае папулярнасць і становіцца трэндам. Спадзяюся, мае творчасць і рамяство зацікавяць людзей, і хто-небудзь прыйдзе пераймаць вопыт, як я калісьці. Бо адказнасць за адраджэнне і захаванне нацыянальных традыцый ляжыць менавіта на нас.

glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter