Эльза-Халоднае сэрца, Спайдэрмен и Дзед Мароз: як шыюць касцюмы для дзіцячых карнавалаў

Дрэс-код пад ёлку

Амаль усе навагоднія ўпрыгажэнні калісьці ствараліся ў хатніх умовах, з падручных матэрыялаў. А вытворчы працэс адпавядаў формуле: «мы яго ляпілі з таго, што было». Не адрозніваўся разнастайнасцю і святочны гардэроб дзятвы. У асноўным хлопчыкі-зайчыкі з папяровымі вушкамі і дзяўчынкі-сняжынкі ў сукенках, аздобленых серабрыстым дожджыкам. Па вялікім рахунку і ўсё. А як зараз?

Сукенка Мар’ечкі — мара гераінь народных казак

Прыватнае прадпрыемства «Золотой лоскут» працуе ў Ветцы пяць гадоў. Карнавальную вопратку для дзяцей тут шыюць пастаянна. Але сапраўды гарачы сезон пачынаецца перад Новым годам. Разнастайныя касцюмы ствараюцца тысячамі і адпраўляюцца на экспарт у Расію.

Працэс пачынаецца з дастаўкі гатовых выкраек, якія прывозяць з Гомеля. Іх трэба правільна і якасна пашыць. Калі глядзець збоку — усё проста. На практыцы ж гэта карпатлівая, часам ювелірная праца, якую выконваюць дваццаць пяць чалавек. Тэхпрацэс наладжаны па канвеерным тыпе: кожная швачка выконвае сваю аперацыю. Паступова выраб прымае гатовы выгляд. Адбываецца гэта значна хутчэй, чым калі б ад пачатку да канца ўсё рабілі адны рукі. Хай нават вельмі ўмелыя.

Знайшлося месца і для плашчоў старых добрых мушкецёраў.

Швачка з дваццацігадовым стажам Галіна Лосева займаецца нарыхтоўкай каўнерыкаў: сшывае палоскі саціну і робіць іх абстрочку. Атрымліваецца ў яе гэта лёгка. Аднак пачаткоўца сюды не пасадзіш. Шво павінна быць ідэальна роўным. Маладая швачка калі і зробіць такую аперацыю, то патраціць нямала часу. А ён абмежаваны жорсткім лімітам. Толькі выконваючы яго, Галіна робіць норму — дзве сотні каўнерыкаў за змену.

Найбольш вопытныя спецыялісты працуюць на аверлоках. Іх нажы на высокай хуткасці абразаюць лішкі тканіны. Акрамя дакладнага вакамера і спрыту, патрэбны максімум канцэнтрацыі і асцярожнасці. Інакш можна пазбавіцца пальца. Са здзіўленнем заўважаю, што за швейнымі машынкамі сядзяць і мужчыны. Тлумачэнне простае. Частка работнікаў цэха — асуджаныя, якія адбываюць пакаранне ў калоніі-пасяленні побач з Веткай. Уладзімір мае пяты разрад швачкі. Ён — адзін з тых, хто асвоіў чыста жаночую прафесію з прычыны няпростых жыццёвых абставін.

Касцюм «хлапушкі» — самы вясёлкавы ў асартыменце

— Навучыўся я хутка, — пальцы пудовых кулакоў з незвычайным спрытам прыстрочваюць тасьму. — Калі нешта ўмееш рабіць, дык нічога складанага няма. Галоўнае — цярпенне і акуратнасць. І каб праца падабалася. Мне падабаецца: сяджу вось, шыю. Яно нават неяк супакойвае.

Цікаўлюся асартыментам. Касцюм Дзеда Мароза, які прадэманстраваў Валодзя, застаўся з даўняй партыі. Тут іх ужо даўно не шыюць. Па-першае, класічных Дзеда і Снягурку прапануюць усе канкурэнты. Па-другое, попыт. Юнае пакаленне аддае перавагу новым кумірам. Зусім нядаўна адправілі вялікую партыю касцюмаў Ніндзя.

Кожная швачка выконвае сваю аперацыю.

— Увесь цэх чорнай тканінай завалены быў, — смяецца швачка Надзея Батракова. — Зараз хоць фарбаў дадалося — вока цешыцца.

Найбольш яркі ў асартыменце — касцюм «хлапушкі». З каскадам спаднічак, рознакаляровых кружочкаў і мноствам кутасікаў. Здаецца, вось-вось пырсне фантан канфеці. Не менш жыццярадасна выглядае сукеначка Мар’ечкі з какошнікам у камплекце. У сацінавай сукенцы з дзіўнымі кветкамі маглі б дэфіліраваць купецкія дочкі з рускіх народных казак. 

Калі ўмееш і любіш шыць, нічога складанага ў гэтым няма

Хіт сезона — блакітны касцюм Эльзы з дыснееўскага мультфільма «Халоднае сэрца». Іх ужо адправілі некалькі соцень. У трэндзе хлапчуковай моды з моманту з’яўлення Джэка Вераб'я — пірацкая тэма. Не стаў выключэннем і гэты год. Зрэшты, у строях флібусцьераў з лагатыпам у выглядзе чэрапа і костак фарсяць і дзяўчынкі.

Сярод фаварытаў, якія заваявалі дзіцячыя сэрцы ўсур'ёз і надоўга, — Зора, Супермен, Чалавек-павук, каўбоі і мушкецёры. Зрэшты, дзякуючы кіно, коміксам і камп'ютарным гульням асартымент персанажаў пастаянна абнаўляецца. Усё для свята, усё для весялосці.

Галіна ЛОСЕВА вырабляе за змену дзве сотні каўнерыкаў

— Для дзяўчынак шыць заўсёды цяжэй, — дзеліцца прафесійным меркаваннем тэхнолаг Кацярына Мохарава. — Мадэлі самі па сабе складанейшыя, больш патрабуецца фурнітуры, элементаў упрыгажэння. Адпаведна больш выдаткаў матэрыялу, часу — вельмі працаёмкі працэс. Затое шыць значна цікавей. І атрымліваецца вельмі прыгожа — дзеці ў захапленні. А гэта для нас самая галоўная ўзнагарода.

proleskovskiy77@mail.ru

Фота Івана КУЗМЯНКОВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter