Аналоги стримов и подкастов на белорусском радио существовали еще десятилетия назад

Драйв у эфіры

Гісторыя беларускага радыёвяшчання пачалася ў далёкім 1925 годзе. 15 лістапада ў 18 гадзін 30 хвілін у эфіры ўпершыню прагучалі словы: «Гаворыць Мінск!..» З тых часоў многае змянілася. Засталіся ў мінулым цяжкія магнітафоны-«рэпарцёры», бабіны з плёнкамі, радыёкропкі… Але па-ранейшаму тысячы слухачоў штодзень настройваюць любімую хвалю, каб пачуць свежыя навіны, паслухаць музыку ці павіншаваць блізкіх. І гэта нягледзячы на актыўнае развіццё тэлебачання і інтэрнэту. У чым жа сакрэт радыё? Пра гэта нам расказаў намеснік галоўнага дырэктара Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Максім Угляніца.


— Максім Аляксандравіч, радыё прарочылі смерць не адзін раз. Але яно працягвае жыць і развівацца. Чаму, на ваш погляд, слухаюць радыё ў ХХІ стагоддзі?

— Думаю, таму што і ў ХХІ стагоддзі радыё застаецца адным з самых зручных медыя. Каб атрымліваць нейкую інфармацыю ці эмоцыі, не трэба ся­дзець, уткнуўшыся ў экран тэлевізара або смартфона. Свабодныя і вочы, і рукі. Уключыў радыё — і рабі справы, якія хочаш: рыхтуй сняданак, кіруй аўтамабілем, займайся фітнесам… Сёння ва ўсім свеце набіраюць папулярнасць падкасты. Іх прапагандуюць як новую форму распаўсюджвання інфармацыі. Але па сутнасці гэта тое ж самае радыё. Добра вядомы радыйшчыкам і так званыя стрымы. Прамыя трансляцыі на беларускім радыё былі яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя! Аднойчы вяшчалі з юбілею творчай ­дзейнасці Янкі Купалы. На святочным стале стаяў мікрафон, і ўсе тосты, віншаванні, жарты гасцей ішлі ў эфір. Радыё сёння ў мэйнстрыме. Лічу, жыць яно будзе яшчэ вельмі доўга.

— Вядома, за 95 гадоў беларускае радыё перажыло нямала метамарфоз. Якімі новымі магчымасцямі можа пахваліцца сёння Першы нацыянальны канал?

— Наш слоган апошніх гадоў — «Беларускае радыё — больш чым радыё». Сучасныя тэхналогіі не толькі не прыпынілі радыёвяшчання, але і далі новы імпульс для яго развіцця. Сёння радыё ўжо не абмяжоўваецца толькі эфірам. Першы нацыянальны канал актыўна развівае свой сайт, Youtube-канал, старонкі ў сацыяльных сетках. Мы здымаем фота, відэа, выкладваем запісы перадач, каб у людзей была магчымасць паслухаць і паглядзець іх у любы момант, робім стрымы прамых эфіраў. Падтрымліваем сувязь з нашымі слухачамі ў пазаэфірны час. Вельмі актыўным стаў чат у нашым Telegram-канале. Гэта не эфір, але таксама частка нашага радыё.

— Якая сёння ваша аўдыторыя? Ці не скарацілася яна пасля адключэння радыёкропак?

— На жаль, сёння мы не можам дакладна адказаць, хто нас слухае і калі. Даследаванні радыёрынку, якія праводзіліся раней, на наш погляд, не выклікаюць стопрацэнтнага даверу. Спадзяёмся, у бліжэйшы час сітуацыя выправіцца. Пакуль можам разважаць толькі па нейкіх унутраных адчуваннях. Так, пэўная частка аўдыторыі адпала пасля таго, як было адключана правадное вяшчанне. Аднак новых слухачоў падарыў інтэрнэт. Дзякуючы вяшчанню анлайн наша радыё могуць слухаць і замежныя грамадзяне.

— Што сёння людзі хочуць чуць праз радыёпрыёмнікі?

— Розныя людзі аддаюць перавагу рознаму. І калі б мы прыслухоўваліся да пажаданняў кожнага слухача, то, напэўна, не хапіла б і 24 гадзін, каб задаволіць густы ўсіх. Да таго ж, гэта ўжо будзе радыё для ўсіх, а гэта, на мой погляд, не зусім правільна. Усё ж такі ў нас ёсць рэдакцыйная палітыка, фармат вяшчання. Але што заўважаем: апошнім часам людзям хочацца слухаць палітычныя навіны, аналітычныя перадачы. Імкнёмся задаволіць гэты попыт.

— Якія перадачы Першага нацыянальнага канала карыста­юцца найбольшай папулярнасцю?

— Безумоўна, візітоўка нашага канала — перадача «Радыёфакт». Штодзень з 7 да 8 гадзін раніцы расказваем пра ўсё, што нас акружае, хвалюе, чым жывуць краіна і замежжа. У наступным годзе праекту спаўняецца 30 гадоў. Вельмі папулярная перадача «Вітаем, віншуем, жадаем!». У розны час яна называлася па-рознаму, але сутнасць заўсёды была адна — даць магчымасць слухачам павіншаваць блізкіх і знаёмых са святамі і знакавымі па­дзеямі. Папулярнасцю карыстаюцца таксама перадачы, звязаныя з музыкай мінулых гадоў. Цікава прыгадаць, што слухалі 30, 40, 50 гадоў таму.

— Наколькі ведаю, слухачы заўсёды з нецярпеннем чакалі ў эфіры і радыёпастаноўкі. Ці працягваюцца запісы новых спектакляў?

— Радыёспектаклі і сёння трансліруюцца на Першым нацыянальным канале, на канале «Культура». У нас штовечар выходзіць «Тэатр Беларускага радыё». У фондах вельмі багата пастановак паводле твораў беларускіх і замежных аўтараў. Гэта ўжо класіка! Мы чуем галасы акцёраў, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускага тэатральнага мастацтва. Новыя спектаклі таксама запісваем — мінімум ­адзін-два на год. Сучасныя акцёры з вялікім задавальненнем прымаюць удзел у гэтым працэсе. Яны самі кажуць, што запіс спектакляў на радыё нельга ні з чым параўнаць. Тут асаблівая атмасфера: акцёры не проста чытаюць п’есу — часам ім прыхо­дзіцца імітаваць і розныя гукі.

Беларускае радыё адзначае сваё 95-годдзе. Сёння яно ўключае ў сябе Першы нацыянальны канал, канал «Культура», радыёстанцыі «Сталіца», «Радиус-FM» і радыё «Беларусь»

— Яшчэ адзін знакавы праект вашага канала — творчы радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі». Ці сочыце за лёсамі яго пераможцаў?

— Сёлета конкурс прайшоў ужо ў дзявяты раз. У розныя гады яго лаўрэатамі і прызёрамі станавіліся Алёна Ланская, Юрый Дземідовіч, Лідзія Заблоцкая, Хелена Мерааі і многія іншыя. Прыемна бачыць, што маленькія зорачкі, якія прайшлі праз наш праект, потым трапляюць на «Еўрабачанне», перамагаюць у міжнародных конкурсах, становяцца вядомымі артыстамі. Некаторыя з іх пасля прыходзяць да нас у эфір, проста так завітваюць у госці і, што важна, заўсёды з цеплынёй успамінаюць удзел у конкурсе «Маладыя таленты Беларусі», таму што гэты праект дапамог ім у творчым развіцці.

— Сёння на Першым нацыянальным канале ёсць людзі, якія працуюць тут дзесяцігоддзі. Адкуль такая адданасць?

— Сапраўды, ёсць тыя, хто працуе на нашым канале з 80–90-х гадоў мінулага стагоддзя і нават раней. Ды і сам я тут ужо 17 гадоў. Ведаеце, эфір — як наркотык. Без яго вельмі цяжка жыць. Нават у адпачынку сніцца мікрафон. Праца ў эфіры дае неверагодны драйв, адрэналін. Мабыць, таму ён і не адпускае людзей. Некаторыя застаюцца працаваць і на пенсіі. Прычым гэта настолькі актыўныя і жвавыя радыйшчыкі, што дадуць фору маладым спецыялістам, якія прыходзяць да нас пасля ­журфака.

На Першым нацыянальным канале працуюць вельмі адданыя людзі. Некаторыя з іх прысвяцілі радыё 20, 30 і больш гадоў.

— Максім Аляксандравіч, а самі вы як звязалі сябе з радыё?

— Радыё рознае, і Беларускае (Першы канал), і FM-станцыі я слухаў яшчэ ў школе. І той самы «Радыёфакт» памятаю вельмі добра: раніца, мы снедаем з сям’ёй, а са сцяны даносіцца передача. А потым на першым курсе журфака адзін з маіх сакурснікаў, які ўжо працаваў на Першым нацыянальным канале, прапанаваў таксама паспрабаваць сябе ў гэтай сферы. І ўжо праз некалькі месяцаў я паехаў у сваю першую камандзіроўку ў Асіповічы — пісаць рэпартаж пра тое, як раён рыхтуецца да зімы. Уражанне ад той камандзіроўкі засталося на ўсё жыццё. Мне было ўсяго 18 гадоў. І я, шчыра кажучы, зусім не разумеў, што мне трэба рабіць. Далі з сабой цяжкі «рэпарцёр», хтосьці са старэйшых калег склаў спіс пытанняў — і ўсё. На здзіўленне, усё атрымалася. Я ўбачыў, з якой павагай адносяцца да журналістаў, і гэта мяне падкупіла. Да таго ж мне не раз казалі, што з такім голасам мне проста наканавана працаваць на радыё. І я стаў задумвацца — а можа, і сапраўды?.. Пасля ў маім прафесійным жыцці з’яўляліся і розныя тэлевізійныя праекты. Але на першым месцы заўсёды застаецца радыё.

— Якімі праектамі радуеце слухачоў у юбілейны год?

— Сёлета ў нас з’явілася цэлая лінейка новых спецпраектаў. Непасрэдна 95-годдзю Беларускага радыё прысвечана пазнавальная праграма «Радыёкропка». Аўтары, якія робяць гэты праект, спускаюцца ў наш фонд і вывучаюць запісы мінулых гадоў. А іх проста акіян. Запісы на стужках пастаянна пераводзяцца ў лічбу, але іх так шмат, што працы хопіць на гады. Прычым запісы вельмі неверагодныя! У нас захоўваюцца галасы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, Івана Мележа… А колькі ёсць цікавых рэпартажаў! Напрыклад, пра з’яўленне ў Мінску першага тралейбуса. Захаваліся і ўспаміны людзей, якія пачулі радыё ў першы раз. Было такое, што некаторыя не на жарт палохаліся: «А хто гэта ў хаце гаворыць?» Вельмі цікава зноў чуць гэтыя запісы ў эфіры. Імкнёмся ўсе выпускі «Радыёкропкі» размяшчаць і на сайце, і ў сацыяльных сетках. Хочацца, каб у аўдыторыі была магчымасць вярнуцца да передач у любы момант. Гэта наша гісторыя. Збіраемся і далей працаваць з фондам аўдыёматэрыялаў. У планах — запусціць праект, прысвечаны кожнаму году, да прыкладу, чым жыла краіна ў 1933-м. Такія праграмы-настальгіі зараз папулярныя ва ўсім свеце.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter