На «Беларусь 3» вспомнят Белорусского драматурга Алексея Дударева и классика русской литературы Александра Пушкина

Драматургія з гісторыяй

Шостага чэрвеня чытачы па ўсім свеце будуць адзначаць дзень нара­джэння Аляксандра Пушкіна — бадай, самага вядомага рускамоўнага паэта, празаіка і драматурга. Цікава, што менавіта ў гэты дзень, але на 151 год пазней, у Беларусі нарадзіўся самы аўтарытэтны драматург і сцэнарыст сучаснасці Аляксей Дудараў. Дарэчы, сам Аляксей Ануфрыевіч на пытанні пра Пушкіна часцей за ўсё жартуе: «Збліжае нас з ім хіба што любоў да восені». У суботу і нядзелю тэлеканал «Беларусь 3» прысвеціць тэматычны эфір абодвум класікам і пакажа мастацкія стужкі, створаныя па іх лепшых творах.

Прэм’ера балета «Вітаўт» па п’есе Аляксея ДУДАРАВА прайшла на сцэне Вялікага тэатра Беларусі ў верасні 2013 года.
Фота Вялiкага тэатра оперы i балета

Казка пра нястрачаны час

У суботу самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы запрашае да тэлевізараў у 08:20, калі на «Беларусь 3» пачнецца прыгодніцкая меладрама «Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі», знятая рэжысёрам Вячаславам Нікіфаравым на «Беларусьфільме» ў 1988 годзе па рамане Аляксандра Пушкіна «Дуброўскі». Сюжэт фільма вядомы нават школьнікам. Гісторыя пачынаецца, калі Уладзімір Дуброўскі прыязджае ў маёнтак да бацькі, у якога ўжо даўно ідзе цяжба з суседам Траякуравым. У рэшце рэшт судовая справа завяршаецца банкруцтвам старэйшага Дуброўскага, пасля чаго ён хутка памірае. Уладзімір рашаецца на помсту, але нечакана для сябе закахаўся ў дачку Траякурава Машу і таму не хоча прычыняць зло дому, у якім жыве любая. Але Маша вымушана выйсці замуж за князя Вярэйскага… Галоўную ролю ў фільме сыграў Міхаіл Яфрэмаў, яго каханую — Марына Зудзіна. 

У гэты ж дзень у 17:30 гледачоў чакае тэлеверсія драматычнай балады «Не пакідай мяне...» па п’есе Аляксея Дударава, знятая ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Прэм’ера спектакля адбылася ў Віцебску ў маі 2015 года, рэжысёрам стаў Валерый Анісенка. Першыя паказы былі прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У 19:00 эфір на «Беларусь 3» працягне мастацкая стужка «Восеньскія сны», знятая па матывах адной з самых вядомых п’ес Аляксея Дударава «Вечар». Зрэжысіраваў фільм Ігар Дабралюбаў, з якім Дудараў раней працаваў над камедыяй «Белыя росы». 

У меладраме ўсяго тры героі. Гэта, па-першае, Ганна (актрыса Галіна Макарава), якая страціла на вайне мужа і траіх дзяцей. Праўда, застаўся яшчэ адзін сын, але жыццё ў яго не склалася — сядзіць у турме. Другі герой — сусед Ганны, сварлівы Мікіта, празваны за шкодны характар Гастрытам, ад якога дзеці даўно збеглі ў горад, а зараз адкупляюцца грашовымі пераводамі. Трэці жыхар вёскі — працавіты Васіль, які таксама даўно жыве адзін. І вось у адзін дзень адразу абодва састарэлыя кавалеры прапануюць Ганне руку і сэрца і сумеснае жыццё ў літаральным сэнсе да магілы…

Легенды і фантазіі 

У нядзелю святочны эфір, прысвечаны дню нараджэння Аляксандра Пушкіна, пачне мультфільм «Казка пра мёртвую царэўну і сем багатыроў». Цудоўную экранізацыю знакамітага твора Пушкіна савецкім дзецям падарыў у 1951 годзе рэ­жысёр Іван Іваноў-Вано, вядомы таксама па мультфільмах «Майдадыр» і «Дванаццаць месяцаў». Прагляд стужкі пра злую мачаху і прыгожую царэўну прымусіць маленькіх гледачоў паверыць у цуды, а таксама ў безумоўную перамогу дабра над злом.

А вось бацькоў тэлеканал запрашае да экранаў у 22:50, калі на «Беларусь 3» пачнецца тэлеверсія балета Вячаслава Кузняцова «Вітаўт», які сёння па-ранейшаму ідзе на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. У аснове лібрэта — п’еса Аляксея Дударава «Князь Вітаўт».

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter