Премьеру про последнего фронтовика показал Слонимский театр

Драматург Васіль Ткачоў: «Белы ліст» закранае струны чалавечай душы»


Сцэны са спектакля «Белы ліст».
У спектаклі па п’есе гомельскага драматурга Васіля Ткачова занята ўся трупа, галоўны рэжысёр — Васіль Сявец. А сюжэт запамінальны: у адным невялікім раённым гарадку застаўся апошні ўдзельнік Вялікай Айчыннай. І вось каб аддзячыць яму, мясцовыя ўлады даюць ветэрану чысты ліст паперы: прасі, паважаны, усё, што хочаш. Дадзім. Ты заслужыў… І што ж папрасіў франтавік? 

Пра гэта, а таксама пра адносіны дзяцей і бацькоў, пра павагу моладзі да старэйшага пакалення, пра спектакль, які распачынае паказы ў Слоніме і ў іншых гарадах і вёсках Беларусі, — гутарка з Васілём Ткачовым. 

— Васіль Юр’евіч, спектакль цёпла прынялі гледачы. Як у вас нарадзілася ідэя напісаць твор?

— Неяк жа нарадзілася! Не толькі вы пытаецеся пра гэта, але і некаторыя калегі-пісьменнікі. Прыйшло ж, нахлынула — паспрабуй растлумач. Я і хацеў, калі працаваў над п’есай, адказаць на пытанне: што ж папрасіў апошні ўдзельнік вайны? Найперш артысты пастараліся данесці мае думкі-развагі да лю­дзей. Асабліва апошні ветэран Іван Мітрафанавіч Асокін, ролю якога выдатна выканаў майстар сцэны Уладзімір Навумік. Ды і ўсе артысты папрацавалі на славу. Спадзяюся, нам удалося данесці ідэю.

— Сапраўды, заўтра-паслязаўтра ў райцэнтры, вобласці і наогул у краіне застанецца апошні франтавік. І трэба памятаць пра гэта.

— «Белы ліст» якраз закранае тыя струны чалавечай душы, якія хвалююць нас кожны дзень. Гэта адносіны старэйшага і малодшага пакаленняў, іншы раз складаныя. Калі ў зале ішоў спектакль, стаяла такая напружаная цішыня — дыхнуць страшна. Ніхто не паварушыўся. А ў канцы — такія шчырыя і працяглыя апладысменты, аж дух захоплівала. Значыць, тое, што мы робім на сцэне, лю­дзей хвалюе. 

— Уважліва і даўно сачу за вашай творчасцю. І ўсё ж якім драматургам сябе лічыце — вясковым ці гарадскім?

— Вядома ж, вясковым. А якім яшчэ! Сэрца заўсёды там, дзе жывуць героі-землякі, — у вёсцы. У мяне іх дзве, з якімі моцна знітаваны лёс, — Гута на Рагачоўшчыне, дзе нарадзіўся, і Іскань на Быхаўшчыне, дзе прайшло дзяцінства. І калі я пішу, то абавязкова хаджу па родных сцежках. Там толькі зямля маіх герояў! Каб не было яе ў мяне, магчыма, ніколі не напісаў бы камедый «Без Ягора будзе гора», «Тату аж у Ляпёшкіне», «Жаночы вулей», «Слуп» і іншых, якія ставяць зараз не толькі прафесійныя тэатры, але і многія народныя. У тым ліку ў роднай Беларусі і па-за яе межамі!

Сяргей ЧЫГРЫН.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter