«Драўляны горад» Мікалая Тарасюка

СЁННЯ ў вёсцы Стойлы на Пружаншчыне ўстановяць гісторыка-этнаграфічную карту мясцовасці сярэдзіны мінулага стагоддзя

На свята «Я сам родам са Стойлаў» міжнароднага праекта «Вясковы рэнесанс» да 82-гадовага жыхара Мікалая Тарасюка запрасілі ўраджэнцаў і нашчадкаў вёскі. Дарэчы, Стойлы і ў іншы час іх памятаюць. Сюды часта прыязджаюць турысты нават з замежжа. Вабіць іх музей «Успаміны Бацькаўшчыны», які стварыў Мікалай Васільевіч. У ім сабраў цэлыя кампазіцыі з дрэва, лазы, саломкі, якія адлюстроўваюць цяжкае жыццё селяніна.

— Да свята рыхтаваліся некалькі месяцаў, — кажа загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, аўтар і каардынатар праекта «Вясковы рэнесанс» Ларыса Быцко. — Работы разьбяра пачаў есці шашаль. На кансервацыю музея выязджалі ажно пяць разоў. Шкада было б не зберагчы творчасць, якая стала гісторыка-культурнай спадчынай краіны.

Дарэчы, дзед Мікалай мае за сваё хобі высокія ўзнагароды — народны майстар Рэспублікі Беларусь па драўлянай скульптуры, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». У 2011 годзе беларускі рэжысёр Віктар Аслюк зняў пра Мікалая Тарасюка дакументальную стужку «Драўляны народ», за якую атрымаў Гран-пры фэстывалю «Magnificat-2012». Творчасцю Мікалая Васільевіча цікавіліся нават замежныя журналісты.

Разьбу па дрэве, пляценне з лазы ён палюбіў з дзяцінства. Потым драўляных чалавечкаў рабіў сваім дзецям. У пачатку 80-х гадоў зноў вярнуўся да былога занятку. Адразу прыдумваў назву-подпіс сваім творам, а потым браўся за працу. Экспанатаў стала столькі, што ў хаце не хапала ўжо месца, таму Мікалай Васільевіч пабудаваў побач драўляны музей, у якім цяпер каля 300 работ.

Вікторыя КОРШУК, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter